Орлов Владимир
Прароцтвы Розы Герцыковiч (на белорусском языке)
Уладзiмiр Арлоў
Прароцтвы Розы Герцыковiч
Гэта, вядома, паталёгiя, але мушу вам сказаць, што, зрабiўшы сваiм успамiнам рэвiзiю, я канчаткова пераканаўся: нi ў маленстве, нi потым я, па гамбурскiм рахунку, не пазайздросьцiў нiводнаму чалавеку.
У трэцяй клясе я быў апантаны мараю пасялiцца з аднаклясьнiцай Верачкай на ўласным атоле ў трапiчных шыротах, але чамусьцi анi не зайздросьцiў амэрыканскiм мiльярдэрам, якiя маглi купiць сабе дзе-небудзь у Iндыйскiм акiяне цэлы архiпэляг. Зь дзяцiнства маючы схiльнасьць да фаталiзму, я хваравiта не зайздросьцiў хлопцам, якiя "хадзiлi" з прыгажэйшымi за маiх дзяўчатамi. Я (што, наогул, проста недаравальна) нi разу - якiя б шэдэўры яны нi стварылi - не адчуў зайздрасьцi да калегаў-лiтаратараў.
Але шкадаваць мяне за абдзеленасьць адным з наймацнейшых, найдзiвосьнейшых i найшматфарбнейшых чалавечых пачуцьцяў вы ня сьпяшайцеся. Што такое зайздрасьць, я ведаў ня горай, а можа, i лепей за самых заўзятых зайздросьнiкаў. Iхныя эмоцыi скiроўвалiся на падобных да сябе самiх, мой жа дыяпазон быў непараўнальна шырэйшы: аб'ектамi зайздрасьцi мне служылi рэчы, расьлiны, жывёлы...
Я зайздросьцiў першаму на нашай вулiцы тэлевiзару i з радасьцю ператварыўся б у нязграбны i, зь сёньняшняга гледзiшча, убогi чорна-белы "Нёман", вакол якога зьбiралася ўвечары народу столькi ж, як у малой залi кiнатэатру "Радзiма". Яшчэ раней я адчуваў пякучую зайздрасьць да дзьвiнскiх самоў, якiя жылi такiм недасяжна цiкавым i таямнiчым жыцьцём, што ў параўнаньнi зь iм маё сухаземнае iснаваньне выглядала суцэльнаю недарэчнасьцю. Я не адмовiўся б ператварыцца ў аўтамабiль, альбо ў маю першую кнiжку "Русские богатыри", альбо ў цёплы скураны фатэль у бацькавым службовым кабiнэце. Кожная з гэтых зайздрасьцяў мела сваю гiсторыю, вартую навэлi, а мо й аповесьцi.
Аднак нiкому й нiчому я не зайздросьцiў так, як сабаку. Дакладней, сучцы.
Яе звалi Лайка. Яна, калi хто запамятаваў, была першым савецкiм касманаўтам.
Лайку запусьцiлi ўвосень, калi ў нашым садзе ападалi апошнiя, салодкiя, амаль як папяроўкi, антонаўкi, а ў суседкi Хведараўны, што жыла праз гарод ад нас, налiвалiся гаркавай слодыччу калiнавыя гронкi. Калiна разам з трыма маладымi вiшнямi пазначала пачатак суседчыных уладаньняў; плоту памiж гародамi ня ставiлi i, калi Хведараўна спускала з ланцуга пярэстага дварняка Дуная, той мог уяўляць сябе гаспадаром вялiзнага абшару.
Праўда, ён, гэты абшар, iмгненна мiзарнеў перад тым, якiм валодала хвастатая касманаўтка.
Задзёршы галаву, я стаяў на восеньскiм холадзе й намагаўся разгледзець у прасьветах хмараў касьмiчную будку зь вялiкiмi, ужо знаёмымi мне лiтарамi: СССР. У будцы ляцела да болю родная i блiзкая iстота.
О, як мне праглася хоць на дзень апынуцца ў ейнай шкуры, каб таксама iмчаць над Зямлёй, нацiскаць лапамi кнопкi кiраваньня, радасна брахаць на зоркi i дасхочу есьцi з кансаровак кiлькi ў тамаце, якiмi - я быў непахiсна перакананы - Лайку шчодра забясьпечылi да канца касьмiчнае экспэдыцыi.
"Марш у хату! Хопiць аблокi пасьвiць!" - крычала мама.
Аўтарства другой фразы належала ня маме, а маёй бабулi Аўгiньнi, што жыла ў прыдняпроўскай вёсцы пад Шкловам, куды мяне адвозiлi ў траўнi на ўсё лета.
Улетку пасьвiць аблокi было больш прыемна. Я клаўся на гумнiшчы на растрэсенае шаматкое сена, мне пад бок падточваўся кот (бабуля нiколi не давала сваiм катам iмёнаў, называючы iх проста Катамi або Кошкамi), i мы гадзiнамi глядзелi на пухнатыя, белыя, быццам безьлiч дзьмуховых галовак, аблокi. З-за кустоў агрэсту й парэчак мядова пахла канюшына, галава цi то сам нагрэты сонцам дол прыемна плылi ў прасторы, безыменнаму кату сьнiлiся смачныя тлустыя мышы, i ён шчасьлiва вуркатаў, раз-пораз торгаючы абсечаным за нязводную збрадлiвасьць хвастом... Дрымота кралася й да мяне, але я балюча шчыкаў сябе за цыпкастую лытку, баючыся, што якраз тады, як на валасок засну, на адным з гэтых мяккiх, як узьбiтая пярына, аблокаў i праплыве паўз бабулiна гумнiшча Бог.
Бабуля Аўгiньня пасьпела ўжо ня толькi напалову легальна пахрысьцiць мяне ў Копыскай царкве, але й развучыць са мною "Ойча наш". Я ведаў, што "ойча наш" - гэта i ёсьць Бог, а "на небясi" - значыць, на небе.
Тлумачыць, што такое "iжэ ясi", бабуля, спадзеючыся на ўнукаву кемлiвасьць, палiчыла залiшнiм. Апраўдваючы ейныя надзеi, я й хацеў падвiжаваць, чым там "ойча наш" жывiцца. Можа, кiлькамi ў тамаце з бульбаю ў мундзiрах?
Выдатна памятаю, што зайздрасьцi да Бога - няхай сабе ён i харчаваўся б вылучна маёй улюбёнай гарадзкой страваю - у маёй маленькай душы i не начавала. Калi я яшчэ й не разумеў, дык адчуваў, што лёсы ў нас з Богам - зусiм розныя. Ён быў ужо дужа стары i мусiў, нягледзячы на добрае харчаваньне, хутка памерцi, а мяне перапаўняў кураж неўмiручасьцi. Ён быў вялiкi начальнiк, а я нiякiм начальнiкам рабiцца нiколi не зьбiраўся. Апрача ўсяго iншага, я страшэнна баяўся высачынi i меў слабы вэстыбулярны апарат: хапала двух кругоў на каруселях, каб рот напоўнiўся агiднай салодкаю асцой й мяне пачало нудзiць.