С к а р ы н а (нечакана). Калі ваша вялікасць дазволіць, я скажу, што гэта справа мною ўжо зроблена ў межах маіх здольнасцей...
Б о н а ( здзіўлена ). О-о!
Ж ы г і м о н т. Але ж Статут, распрацаваны пад апякунствам нашага канцлера (глядзіць на Гаштольда ), быў толькі ў нас (глядзіць на каралеву) і ў епіскапа Яна.
С к а р ы н а. Я не быў бы Францыскам Скарынай, калі б упусціў магчымасць пазнаёміцца і ўнесці сваю лепту ў святую справу вашай вялікасці, якая робіцца на карысць маёй Айчыны.
Б о н а (з'едліва). На карысць нашага каралеўства і нашага княства, хацеў сказаць слаўны доктар.
С к а р ы н а. Менавіта так, мая слаўная каралева...
Ж ы г і м о н т. Вы наважыліся зараз жа і выказаць свае заўвагі?..
С к а р ы н а. Менавіта так, ваша вялікасць. .. І, з вашага дазволу, не столькі заўвагі, колькі прапановы...
Б о н а (паспешліва). Мы слухаем вас, доктар...
Ж ы г і м о н т. Так, слухаем...
С к а р ы н а. Пры ўсёй важнасці і каштоўнасці зробленага па абагульненні законаў і прывілеяў нашага княства, Статуту, як мне здаецца, неабходна надаць пэўную стройнасць, як усякаму твору высокай навукі і мастацтва. 1 перш-наперш прымяніць строгую сістэму і структуру размяшчэння прававых нормаў. А таксама ўключыць тыповыя і абагульненыя нормы, якія ў першую чаргу тычыліся б дзяржаўнай юрысдыкцыі і дзяржаўнага кіравання.
Б о н а. Даруйце, але мяне здзіўляе, як вы маглі не заўважыць сістэмы і структуры?!.
С к а р ы н а. Справа ў тым, што я хацеў бы прапанаваць сваю...
Б о н а. Наш доктар не памрэ ад сціпласці...
С к а р ы н а (весела і прыязна). Мая слаўная каралева, сапраўды, я, відаць, памру ад нечага іншага, бо не змагу адмовіцца ад таго, што ўжо ведаю.
Б о н а. Пабойцеся Бога, доктар, вашы грахі ў яго на ўліку.
С к а р ы н а. Бог і кароль мне найвышэйшыя суддзі.
Б о н а. Але ж навошта нажываць сабе ворагаў?
Я н. Ваша прыязнасць, яснавяльможная каралева, да доктара Скарыны ведама і Богу і каралю.
Б о н а (са злосцю ). Санта Мадонна!..
Ж ы г і м о н т (строга). Ян! Я не дзеля таго цябе сюды паклікаў...
Я н (нібы пакорліва ). Палюбіце адзін аднаго, як Бога нашага і памазанніка яго...
Б о н а (са злосцю). Амін! Прэсто! Прэсто, доктар Скарына!
Ж ы г і м о н т. Гаварыце, доктар!
С к а р ы н а. Раздзелам першым бачу законы, дадзеныя дзяржаве, нашаму Вялікаму княству Літоўскаму, Рускаму, Жамойцкаму. Другі раздзел - аб абароне земскай; трэці - аб вольнасцях щляхты. Найгалоўнейшым жа лічу сцвярджэнне суверэнітэту
дзяржавы насуперак існуючаму касмапалітызму. А яшчэ адзінства права і прыярытэт пісанага права перад правам звычаёвым. Я запісаў бы літаральна: жадаем і пастанаўляем і на вечныя часы павінна быць захавана, што ўсе нашыя падданыя як бедныя, так і багатыя, якога б саслоўя і становішча яны ні былі, роўна і аднолькава павінны быць судзімы па гэтых пісаных законах, а калі б суддзі судзілі інакш, то павінны былі б самі быць судзімы. Без гэтага, пан канцлер, сейм зноў адхіліць праект Статута.
Б о н а ( з мілай усмешкаю ). А гэта ўжо не вашы турботы, пан доктар!
Скарына надоўга замаўкае.
Ж ы г і м о н т. Гаварыце, доктар.
С к а р ы н а. Таксама ніхто не павінен быць пакараны і прыгавораны за чужое злачынства, а толькі той, хто вінаваты. І ніхто не павінен быць пакараны, калі яго віна не будзе ўстаноўлена судом,- ні жонка за злачынства мужа, ні бацька за злачынства сына, ні сын за бацьку, а таксама ніхто з родзічаў, ні слуга за пана.
Б о н а. А пра гэта трэба яшчэ падумаць.
Г а ш т о л ь д. Думаць - не толькі высокае прызванне, але і абавязак дзяржаўцаў.
Б о н а ( дзёрзка ). Каралю, як і каралеве, вядомы іх абавязкі!
Ж ы г і м о н т. Кароль за сябе сам скажа! (Больш мякка.) А падумаць - не пашкодзіць.
Б о н а. І хоць бы таму, што вядома, як будуць сябе паводзіць бацькі-злачынцы, калі загадзя вызваліць ад адказнасці іх дзяцей...
С к а р ы н а. Тым не менш час няўмольна патрабуе, яснавяльможная каралева...
Б о н а ( з усмешкаю ). Вы многа бачылі і многа ведаеце, доктар, але павучаць караля і каралеву...
Ж ы г і м о н т. А я асабіста люблю паслухаць разумных людзей. Не фальваркам, дзякаваць Богу, правім, а каралеўствам.
Б о н а. І яшчэ, між іншым, княствам... Вялікім княствам Літоўскім!
Ж ы г і м о н т (стрымана). Калі б я правіў ім «між іншым», аднаму Богу вядома, пад чыёй рукой яно было б сёння...
Я н. Сапраўды...
Бона аж перасмыкаецца ад рэплікі Яна.
Ж ы г і м о н т. Гаварыце, доктар...
С к а р ы н а. Я хацеў бы падтрымаць канцлера і ў першую чаргу прапанаваць такі запіс: згодна Статуту яго вялікасць кароль Польскі і вялікі князь Вялікага княства Літоўскага абавязваюцца захоўваць і берагчы цэласнасць дзяржавы.
Ж ы гі м о н т. Гэта і так вядома.
Г а ш т о л ь д (настойліва). Ваша вялікасць, абставіны ўнутры каралеўства і княства, а таксама за яго межамі патрабуюць гэтага запісу. Многа ў чым я мог бы не пагадзіцца з доктарам Скарынай, але толькі не ў гэтым.
Б о н а. Дзіўнае аднадушша...
С к а р ы н а ( пакланіўшыся Гаштольду ). Да вышэйсказанага я дадаў бы наступнае: мы, кароль польскі і вялікі князь Вялікага княства Літоўскага,
таксама абяцаем, што ў землях Вялікага княства ні мы, ні нашы нашчадкі нікому з чужынцаў не будзем даваць ва ўласнасць і ўтрыманне зямель, замкаў, гарадоў і якіх бы там ні было званняў і чыноў, але толькі мясцовым ураджэнцам тых зямель нашага Вялікага княства.
Б о н а. Санта Мадонна! Да гэтага нават пан канцлер не дадумаўся...
Я н. На гэтым пан канцлер з панам доктарам пасябруюць.
Г а ш т о л ь д. У пана доктара не ўсё так блага, як пану біскупу часам падаецца.