Выбрать главу

— Што ў цябе ў сумцы?

— Кнігі.

— Колькі табе іх трэба? Гэта вялікія грошы, Раман.

— Ты вялікія грошы выкідваеш на свае анучы.

— Я хачу прыгожа апранацца. Мне яшчэ няма дваццаці. Вопратка неабходна кожнаму чалавеку, а вось кнігі... кнігі... Кніжка цябе не ўпрыгожыць.

— Упрыгожыць... унутрана.

— Лухта ўсё. Такія казкі я чула яшчэ ў дзяцінстве. Паказвай, што там.

Раман хуценька чыркнуў замочкам па пластмасаваму чарвяку «маланкі», і перад вачамі Рэгіны паявіліся чатыры рудыя томікі Васіля Быкава.

— Ну й колер. Куды іх цяпер? У сценку я такую дрэнь не пастаўлю, увесь выгляд папсуе.

— Што ты вярзеш. Ты проста не чытала Быкава. Ён святы для беларусаў. Яго чытае ўвесь свет.

— То няхай і пераплёт робяць адпаведны.

— Не хвалюйся, і прыгожа пераплятаюць. Толькі яны такім «эстэтам», як ты, дастаюцца.

— А такія дурні, як ты, падбіраюць тое, што ніхто не бярэ.

— Змоўкні.

— С-санітары кніжных крамаў. — Тоненькі месячык яе вуснаў скептычна скрывіўся.

— Рэгіна, мне здаецца... Ты не заўважаеш, як нацягнулася нітачка нашых адносін? Што будзе далей? Я ўжо не памятаю, калі мы з табою ў апошні раз нармальна, без папрокаў, гаварылі.

— Начытаўся, бедненькі: «...нітачка адно-о-осін». Мы жывём без года тыдзень, а ты гаворыш так, быццам прайшло жыццё.

— Кожнае імгненне — жыццё.

— У-у-у, куды загнуў. Паглядзі, у цябе сцёрся каўнер.

— Што з таго. Галоўнае, каб не сцёрлася душа.

— Ты пораш гарачку.

— Ты проста не разумееш унутранай прыгажосці. Ты не ўмееш бачыць яе.

— Я бачу прыгажосць, якую не трэба выдумляць. Паглядзі, якое слаўнае сабачаня. — Рэгіна весела падхапіла маленькі жаўтаваты камячок, падняла над сабою на сваёй маленькай ружовай далоньцы. Зазвінеў яе мілы сярэбраны смех.

— Ты купіла сабачку?

— Ага. Ён такі прыгожы і смешны.

— Ты стала купляць зусім непатрэбныя рэчы.

— Табе не падабаецца?

— Я перастаў разумець цябе. Гэта ж страшна. Чаму ты так безадказна раскідваешся грашыма? З-за цябе нам заўсёды не хапае на самае неабходнае.

— Я так хачу. — Смех гарэзліва падскочыў да хрустальнага свяцільніка, звонка з'ехаў па праменьыку на трыльяж, акунуўся ў маленькую вазачку з палявымі рамонкамі і, раптам ператварыўшыся ў кропельку яду, расцёкся па зусім бездапаможным сэрцы юнака. «Я не магу так», — застагнала яно.

Сабачаня раптам пераскочыла ў Раманавы рукі і праз які момант шмякнулася, нібы гумавы мяч, у куток і адскочыла на дыванок. За Раманам гулка грымнулі дзверы.

— Ну вось, — Рэгіна разгублена схілілася над цацкай. — А ўсё ты вінаваты, барбос.

І зноў такі, калі б шчанюк быў жывы, ён бы падумаў ці нават сказаў бы: «Я згладжваю сваю віну ўжо тым, што глытаю твае слёзы». Плюш сапраўды вельмі добра ўсмоктваў гарачыя салёныя кропелькі.

* * *

— Божа, без яе я зусім не магу. — Раман крыкнуў так гучна, што некалькі чорных прахожых пад чорнымі парасонамі павярнулі да яго белыя твары і недаўменна залыпалі вачыма. Разумеў яго зараз хіба што дождж. Гэта яму крычаў Раман. Ён любіў гэты гаючы шум, доўгія срэбныя нітачкі, што выцягвае зямля з чорнай кудзелі-хмары сваімі мітуслівымі бурбалкамі. У такі час наваколле нагадвае яму карціну. Лес, хаты, хлявы, асобныя дрэвы, клуб — усё на нейкі час мярцвее, і толькі дождж разразае гэтае велічнае, выкананае цёмнымі фарбамі, палатно.

Гэта ён, заўсёды спакойны і верны сябар і дарадца — дождж, упарта нёс Рамана на маленькі вясковы прыпынак. І чалавек цалкам даверыўся гэтай патаемнай прыроднай сіле.

«Цудоўна, цудоўна», — шэпча шалёная залева, закалыхвае, аглушае, дурманіць. І ўжо не чутно, як буйныя кроплі закрадваюцца за каўнер, расцякаюцца па скуры, грэюцца на згорбленай спіне.

Ён не думаў цяпер, колькі дажджавых нітак аддзяляе яго ад Рэгіны. Злічыць такое — чалавеку не падуладна. Ён ведаў іншае: прайшоў тыдзень — сем дзён. Не кароткіх шчаслівых дзён, а доўгіх, як само жыццё, як гэтыя халодныя крэсы дажджу, што злучаюць сабою неба і зямлю.

— Дождж, не пакідай мяне. Вядзі, вядзі мяне да яе... — Не ведаю, сказаў ён гэта ці проста падумаў. Урэшце, ён сам гэтага не ведаў. Але дождж пачуў. Гэта так слаўна.

Ён не пакідаў Рамана ў дарозе. Ляскатаў па даху аўтобуса, біўся аб шкло і бездапаможна сцякаў уніз; вышукваў невялічкія адтуліны, прасочваўся ўнутр, пракладваў аж да карычневага лінолеуму падлогі светлыя раўчукі на запыленай, а некалі бліскучай абіўцы.

Няўлоўна мігцяць далёкія і блізкія агні. Часам яны выцягваюцца ў доўгія бляклыя крэсы, перакрыжоўваюцца з лініямі дажджу, знікаюць... паяўляюцца зноў...