Цёпла, утульна, неспакойна...
Непадалёку ад хаты дождж сцішэў. А можа, яго тут не было зусім. Можа, тут не было суму?
— Дождж, ты прывёў мяне сюды, каб пакінуць каля самай мэты аднаго? — Раманавы рукі стомлена апусціліся на слізкія поручні мастка.
У бруднай канаве, на самым дне гнілога сметніка, злосна скавытаў прамокшы да ніткі вецер. Раман абыякава назіраў, як шалёна рваў ён з бліскучай кансервавай бляшанкі вузенькую палосачку паперы, перакульваў жоўтыя абрыўкі газет, гайдаў некалі ружовую бязногую ляльку, жудасна завываў у тоненькім рыльцы пляскатай бутэлькі з-пад адэкалону, забаўляўся, як футбаліст з мячом, з маленькім жаўтлявым клубочкам, падобным да...
— Яе сабачаня, — узрадавана падумаў Раман і збег уніз.
— Добра, што я знайшоў цябе. Але якое ты бруднае, мокрае. Нічога, я цябе выкручу і сагрэю каля свайго сэрца. Гэта гаспадыня выкінула цябе на сметнік, так? І колькі ж ты тут праляжала? Я занясу цябе на тваё старое месца, і ніхто больш не пакрыўдзіць цябе. Ты дапамог мне, ты, барбос. — Раман пстрыкнуў сабачаня па чорнай кнопачцы носіка і шчыра, упершыню за сем дзён, засмяяўся.
Шчанюк быў плюшавы і не чуў, як у грудзях, да якіх ён быў шчыльна прытулены Раманаваю рукою, горача калацілася ўзрушанае ЯЕ блізкасцю сэрца. А тым больш не чуў ён біцця яшчэ аднаго змучанага трывогаю і чаканнем сэрца. Ён не ведаў нават, хто вінаваты ў яго нядаўніх пакутах, як, зрэшты, не ведаў, ці пакутаваў ён увогуле.
У цягніку
Са мною ў цягніку ехалі двое — Цягун Толік і Касцюк Васіль. Яны мне ніякія не сябрукі. Так — знаёмыя. Толіка, праўда, ведаю даўно, яшчэ са школы. Ён мяне ў камсамол прымаў. Памятаю, у тых, хто ўжо атрымаў чырвоную кніжачку, я пытаўся: «Хто прымае? Што за чалавек такі?» І чуў у адказ: «Ды Цягун нейкі. Ачкарык. Даўжэзны такі і худы, што саломінка. А па статуце ганяе, па ордэнах, па з'ездах, ажно пакуль з цябе халодны пот не пырсне». Я тады здзіўляўся сваёй празорлівасці: якраз такім, доўгім і ў акулярах, я і ўявіў яго адразу, як толькі пачуў прозвішча Цягун. Бывае ж такое, калі прозвішча падказвае, які выгляд мае яго носьбіт.
Нягледзячы на свае выключныя акуратнасць і прынцыповасць, ён усё ж не ўзняўся вышэй інструктара райкома камсамола. Затое неўзабаве ўзначаліў раённае таварыства «Веды». Толькі і гэтую «канторку» хутка скарацілі. Зноў вярнуўся ў камсамол (дакладней, проста самол), але ўжо асобаю незалежнай — дырэктарам малога прадпрыемства «Ікар» пры РК.
Насіў ён звычайна светла-карычневую троечку (на гэты раз таксама быў у ёй), яна вельмі пасавала да крыху святлейшых за вопратку валасоў і бледнага твару Цягуна. Шкельцы акуляраў абавязкова мелі форму закругленых па рагах прастакутнікаў, а рукі нязменна, як толькі ён уставаў з сядзення, хаваліся ў адпрасаваных да бляску нагавіцах з вострымі, нібы лязо, кантамі. Ні даць ні ўзяць — правінцыйны арыстакрат. Нават манера весці размову ў гэтага франта мала чым адрознівалася ад яго знешнасці. Такая ж гладкая, хоць часцей за ўсё пустая. Каб дайсці да сэнсу таго, што ён кажа, трэба добра паблытацца паміж шматлікімі да месца і не да месца ўстаўленымі — «так сказать», «в принципе», «в общем», «имеется в виду»...
Толік ехаў у Менск дамаўляцца з нейкім не то лекарам, не то шаптуном, каб той наведаўся ў раён і правёў там свае сеансы. Падобныя дамовы — клопат яго малога прадпрыемства.
Для Васіля Менск — толькі пачатак шляху. Адтуль ён на самалёце памчыць у далёкую Цюменскую вобласць, дзе чакаюць яго сябры па вахце, марозны дух і высозныя нафтаздабываючыя вышкі. Васіль, калі няма на стале пляшкі, не вельмі з табою пагамоніць. Ён лепш уткне свой круглы, нібы мячык, твар у газету.
Мяне заўсёды разбірае смех, калі гляджу на Васілёў твар. Выліты калабок. Нават рот пры ўсмешцы расцягваецца гэтак жа шырока і задзірыста, як у казачнага калабка на дзіцячых малюнках. І падстрыжаны ён заўсёды да кароткіх валасоў. А непаслухмяны віхор спераду сведчыць пра далёка не мяккі характар нашага суседа.
— Ат, ёлкі, як начытаешся гэтых газет, і жыць страшна робіцца. — Васіль усміхаецца аднымі толькі вуснамі, расцягваючы іх ці не да самых вушэй. — На, інтэлігенцыя, зірні, што пішуць.
Толік разгортвае пярэста-хрусткую газету, праводзіць па ёй позіркам праз тоўстыя выгнутыя лінзы ўдоўж і ўпоперак, а пасля засяроджваецца і, палічыўшы, што знайшоў цікавае, чытае сваім занудлівым голасам:
— Хотите знать истину?
— Га? — ускідвае галаву Васіль.
— Я не табе. Тут загаловак такі.
І Толік працягвае далей:
— Обратитесь к откровению Граля «В свете истины». Так называется книга, презентация которой состоялась... Так-так-так. Во Дворце искусств... Гм, гм. В форме лекций... Существует ли свобода воли...