Выбрать главу

— Ты не тое чытаеш. Знайшоў глупства нейкае. — Васіль незласліва хмурыць шараватыя, як цыгарэтны попел, бровы. — Там, на апошняй, пра вампіраў ёсць. І пра бацькоў, якія дзецьмі гандлююць. І яшчэ пра адну маці. Яна немаўля прыдушыла. Сваё. А на першай — пра крадзяжы і забойствы.

— Да лямпачкі мне твае крадзяжы. Нам трэба шукаць сэнс жыцця, шукаць адказ на пытанне, хто мы такія і для чаго існуем на свеце. Няўжо гэта меней цікава, чым нейкія выдуманыя вампіры?

— А-а, ідзі ты... Чыстаплюй вашывы... — Васілёва галава паварочваецца да нас стрыжанай патыліцай, а Толік працягвае крыху цішэй, часам збіваючыся на незразумелае балбатанне сабе пад нос:

— ...Это не религиозное учение. Но... Базируется на наследии Иисуса Христа... Не на наследии его... последователей. Это не одно и то же... Откуда знал тот, кто пятьдесят лет назад умер, что произойдет сегодня... Автор Абд-ру-шин... Сын света... Черпает свои познания из чистейших и высочайших источников.

— Во даюць. — Не мяняючы паставы, Васіль крутнуў галавою. — І прыдумаюць жа такое.

— Если вы тоже захотели узнать истину, пожалуйста, обращайтесь к откровению Граля. Оно уже появилось в магазинах.

— Шчэ чаго не хапала, на розную ерунду траціцца. За гэтую сваю ісціну яны, напэўна, тры шкуры здзяруць. От жа дармаеды. Што толькі не прыдумаюць, абы не працаваць, а грошы лапатаю заграбаць.

Мне надакучыла лаянка ды пустая балбатня хлопцаў, і я ўзяў са століка Толеву кніжку. У ёй пісалася нешта пра мараль, этыку, культуру.

Адна нудота, і вырашыў выйсці ў праход, што падзяляе салон і тамбур. Балазе наш плацкарт быў апошні і лёгка было юркнуць за дзверы, схавацца ад спрэчак.

У праходзе я досыць утульна размясціўся на пласцікавым вечку скрыні для смецця, дастаў з падоранага сябруком на дарогу пачка «астмы» (там мы любілі называць «Астру») пляскатую цыгарэту, з асалодаю пацягнуў гаркавы дымок. Але паглыбіцца ў роздум не паспеў. З'явіўся госць. І я б не сказаў, што жаданы. Гэта быў хлопец гадоў семнаццаці з доўгімі чорнымі пэйсамі і адвіслай ніжняй губою. Крыху згорблены.

— Чувак, — ён нахабна разваліўся побач і крыва, адным толькі кутком вуснаў, усміхнуўся, быццам паказваючы сваю ўладу нада мною, — забэніць дай.

Я насцярожыўся і пачаў пакрысе злавацца. Каму ж падабаюцца такія выхадкі? Да таго ж свядомасць пранізала думка, што ён, напэўна, не адзін у цягніку. Хутчэй за ўсё тут цэлая банда. Але працягнуць цыгарэту мяне змусіў не страх (ён калі і быў, дык у самы першы момант), а цікаўнасць: што ж будзе далей?

— Шчэ адну дай, калі не жадзён. — Ён нахіліўся, і на мяне патыхнула перагарам.

Я працягнуў яму яшчэ тры цыгарэты.

— Не. Што ты. Дзве хопіць.

— Бяры-бяры, у мяне многа, — усміхаючыся, я падумаў, што новы знаёмы не такі ўжо і дзялок, якога выпінае з сябе.

— Слухай, а ты мне білет свой не пазычыш? Далёка едзеш?

— Да Менска.

— То пазыч. Я ў Баранавічах выскачу, а білет вярну.

— О-о-о, брат, у такую далячынь выбраўся, а білет у касе не ўзяў...

— Разумееш, я не збіраўся нікуды ехаць. Ускочыў у першы ж цягнік, які трапіўся на вочы.

Хлопец усеўся побач са мною, чыркнуў запалкай. Закашляўся і колькі разоў плюнуў сабе пад ногі:

— У Пінску больш не з'яўлюся. Сучары, яны, пэўна ж, хацелі падставіць мяне, толькі я не такі дурны, каб не заўважыць гэтага.

Ён зноў плюнуў, толькі ўжо не на падлогу, а перад сабою.

— Ведаеш, мой стары — мент, маёр міліцыі. Я яго цярпець не магу. Мусар паганы. Сёння ён прагнаў мяне з хаты і сказаў, каб на яго вочы больш не трапляўся. Х-хэ. У труне я бачыў яго... І старую, і ўсіх... Пляваў я на ўсіх з высокага слупа.

— А маці кім працуе?

— На-астаўніца, — з'едліва скрывіўся ён і дадаў: — Я ведаю, чаму яны прагналі мяне. Каб не няславіў іх перад людзьмі і, галоўнае, на працы. Ну і трасца з імі. Пражыву і сам. Мне яны яшчэ больш абрыдлі.

У гэты час дзверы ў наш праход адчыніліся, і мы падабралі ногі. Васіль і Толік усё яшчэ спрачаліся. Я ўлавіў колькі слоў.

— Ты кажаш, — даносіўся хрыплаваты голас Васіля, — што ў жыцці нічога не адбываецца выпадкова? Калі чалавек пакутуе, значыць, гэтыя пакуты заслужаныя?..

Дзверы клацнулі, і мы зноў засталіся сам-насам.

— Я пайшоў да дзяўчыны ў інтэрнат. Каб ты ведаў, якая дзяўчына! Таня. Адна яна мяне разумее. А там якраз мае карашкі: мы з імі на вакзале грошы сшыбаем, пакой адзін грабанулі, дзверы высадзілі. Маг узялі, шмоткі. Цяпер, калі што, мяне падставяць. Людзі ж бачылі мяне там. А пасадзіць мяне, што два пальцы аб асфальт. Я ж судзімы. У Баранавічах сядзеў. У цюразе хацелі пеўнем зрабіць. Ды не на таго нарваліся. Увесь сіні хадзіў, месяцамі свяціў ліхтарамі, а нат і не падумаў здавацца. На канцы я іх бачыў.