Вар'ят
Чалавек стаяў у падземным пераходзе і падпіраў прамавугольнік аблямаванай шэрым каменнем калоны, якая падзяляла паток на «туды» і «сюды». Ён нікога не чакаў. Проста стаяў і няспешна лузгаў чорныя падсмажаныя сланечнікі. Даставаў з кішэні старэнькага драпавага паліто маленькае мурзатае зярнятка, кідаў у рот, апусціўшы і без таго адвіслую непаслухмяную сківіцу, доўга калашмаціў яго задубелым ад бясконцай працы языком і пасля выціскаў вільготныя лупінкі. Яны слізгалі па зацяганым да бляску лацкане, вялізных чорных гузіках, перашытых, відаць, з ватоўкі, што адслужыла свой век, апускаліся, нарэшце, на калісьці чорныя, а цяпер проста брудныя чаравікі. Дзве лупінкі-лодачкі, якія нядаўна былі адным цэлым, зачапіліся за шчарбіну верхняга гузіка і цяпер свяціліся бялюткай сярэдзінкай, целяпаючыся на цяжкім, моцна набрынялым халоднаю вулічнаю імжою скразняку.
Чалавек нікога не цікавіў, і ніхто з прахожых, аблітых светлаю глазураю неонавага святла, не цікавіў яго. Ён нават ні на каго не глядзеў, а яго абыякавыя вочы таропіліся пад ногі ды на абутак людзей. Перад ім быццам разгортвалася цэлая энцыклапедыя... Не, не ног — чалавечых характараў. І лёсаў. Ён не ўзнімаў галаву, бо абавязкова заблытаўся б у сваім тонкім, хоць нікому і не патрэбным, аналізе. А хутчэй за ўсё баяўся глядзець на людзей...
Ногі шоргалі і цокалі, чаўкалі і праносіліся бязгучна. За салдацкімі чаравікамі падскоквалі высокія шпількі на бліскучых металічных набойках, мільгацелі гумовікі самых розных колераў. Насустрач несліся вострыя насы туфляў і ботаў, тупарылыя або з загнутымі аж наверх падэшвамі насы красовак.
«Якія бялюткія (ну, рыхтык снег). Як яму ўдаецца не выпацкаць іх у такую слоту? Чыстыя нават падэшвы. Звычайна абутак мяняе сваю форму ад формы нагі, скасабочыцца ці выпнецца ад якой-небудзь косткі. Гэтыя ж — быццам толькі што з вітрыны камерцыйнай крамы і тупаюць самі, нават не моршчацца. Ды яшчэ й без почырку: не падскокваюць, не драбняць і не запавольваюць крок, не адводзяць насы ў бакі і не крывалапяць».
Чалавек ледзь прыкметна моршчыцца: «Так, мусіць, выглядае безаблічнасць». І ён асмельваецца прыўзняць на хвіліну белы да сінявы твар, які ніколі не ведаў галення. «Хутка гаспадар гэтых чысценькіх красовак прычыніць за сабою дзверы ўласнай кватэры, не прынёсшы з вуліцы ні бруду, ні ўражанняў. Ён уважліва агледзіць пустымі вачыма абутак, павыцірае на ім плямінкі, якія, можа, шукае праз павелічальнае шкло, яшчэ раз агледзіць, як любімы твор мастацтва, і акуратна паставіць у кут. Пасля разважліва пройдзе па чысценькай хаце, абстаўленай калі не багата, то без анічога лішняга. Затым уключыць музыку і апусціцца ў крэсла, утаропіўшыся ў столь. Гэта чалавек добра вядомай мне пароды: такія ніколі не выходзяць у дождж на вуліцу без парасона і не ездзяць без талона ў гарадскім транспарце. Салага... Мамін сыночак... Ён і ў пяцьдзесят гадоў будзе маміным пестуном. Можа, зірнуўшы на мае чаравікі, ён нават і не пагідзіўся б, бо яму на ўсё і на ўсіх напляваць».
Чалавек выціснуў наступную порцыю лупінак, а набеглы вецер-скразнячок адкінуў іх на якія паўметра ўбок, акурат пад ногі прахожых. «Перасмажаныя, халера на іх. Толькі пальцы запэцкаў. Во якія страшныя. І вусны, напэўна, такія ж...» Але вусны былі чыстыя. Вільготныя, яны блішчалі, нібыта налакаваныя, і гэта рабіла яго доўгі твар яшчэ больш непрыемным.
Чалавек злавіў сябе на думцы, што прыйшоў сюды зусім не для таго, каб назіраць за людзьмі, а тым больш за іх абуткам. Проста сярод вялікай колькасці людзей ён заўсёды адчуваў сябе адзінокім. Яшчэ больш адзінокім, чым калі заставаўся сам-насам. А ён нічога так моцна не любіў, як адзіноту. Яна была яго шчасцем, і толькі ў адзіноце ён адчуваў, што жыве, адчуваў ход жыцця і быў свядомым яго ўдзельнікам. Рэчы, што знаходзіліся побач, адразу ж асвятляліся яго пачуццямі і набывалі пэўны сэнс, яны нібы прасілі чалавека заўважаць і прызнаваць іх неабходнасць. Лічыцца з імі.
Чалавек прыйшоў сюды, каб пабыць у адзіноце. І ён сапраўды адчуваў сябе самотным. Адзінокім сярод дзесяткаў і сотняў ботаў, ног, характараў. Спачатку ён разглядаў іх (ногі) проста так... Не тое што ад няма чаго рабіць, а хутчэй, каб падкрэсліць сваю адзіноту, нагнаць паболей самоты і адчуць у ёй асалоду. Асалоду ад усведамлення свайго існавання. Але тупат і шорганне быццам наэлектрызоўвалі...
Калі зусім блізка і з цяжарам прасунуліся няўклюдныя гумовікі, чалавеку захацелася ўбачыць іх уладальніцу голаю. «Якою яна, мабыць, выглядае брыдкаю, калі распранецца. Сунецца, што тая качка. Можа, яна ніколі не распранецца пры кім-небудзь. Ногі — нібы ласты. Таму яна і хавае іх у боты, каб ніхто не ўбачыў. Калі б гэтыя ногі наступілі на мяне, я, мусіць, ніколі ўжо не падняўся б».