Выбрать главу

Жонка адыходзіла, а пасля плакала каля мурзатага прыпечка, моўчкі пазірала, як муж, заняўшы ўвесь агарод, выкладае на ім нешта агромністае і круглае. Знізу ён устрончыў у зямлю велізарныя валуны. Унутр клаў на цвёрды каменны падмурак цэглу, белую і чырвоную — якая траплялася пад рукі, змацоўваючы ўсё гэта цэментам. Работа ішла марудна. За паўмесяца адолеў метры два, не болей. Але наперадзе — усё лета і восень. А можа, нават яшчэ і зіма, калі будзе цёплая. Ды шмат жа яшчэ і гадоў наперадзе.

І Ёрчык будаваў, надрываючыся, а жонка ўсё плакала, дзяцей шкадавала.

Калі чалавек пачаў выносіць з хаты і прадаваць самыя дарагія рэчы, ад вопраткі да шафы, жонка не вытрымала і з'ехала з малымі некуды далёка — да сваякоў. Яна думала пра жывых, пра сваіх дзетак, і нічога іншага зрабіць не магла.

Вось такою атрымалася ў мяне прыказка. А сама казка, канешне ж, яшчэ наперадзе.

* * *

Вёска, дзе жыў дзікаваты Ёрчык, называлася Чыргі. Яго хата стаяла якраз на ўездзе або на выездзе — гэта ўжо з якога боку ехаць. Счарнелая, з аблезлымі аканіцамі, сіратліва глядзела яна на дарогу, на здзічэлы лес, які быў нядаўна могілкамі. У спальні каля печы стаяў вялікі драўляны ложак, пад акном — куфар, у зале — стол і на кухні таксама стол. І ўсё самаробнае. Маленькі абразок вісеў у зале пад столлю — якраз насупраць дзвярэй. Нават ціканне гадзінніка, што запаўняе звычайна кожнае жытло і нагадвае людзям, што час няўмольна бяжыць і трэба спяшацца нешта рабіць, тут змянілася нуднаю цішынёю. Быццам бы і не жытло гэта зусім, а вялізная труна.

Але ж і тут, у гэтай хаце, неўзабаве пачалі з'яўляцца, хоць і зрэдку, госці. Хто? Звычайныя вясковыя п'яніцы, якія нарэшце знайшлі сабе добры прытулак, дзе можна было спакойна асушыць пляшку ды яшчэ й пагаманіць. Ніхто не лаецца, ніхто не зыркае нядобрым або насмешлівым вокам.

— Ты, Ёра, дурнаваты нейкі. На халеру гробіш сябе гэтай сваёй дурнатою. Я дык ужо, ясна, кончаны чалавек. Алкаш. Але нат з мяне людзі не смяюцца так, як з цябе, — разважаў ахрыплы ад «Беламору», з чырвонымі вачыма і адубелым тварам стары Лявон, адстаўляючы ў кут пустую бутэльку. — На чорта табе здалася гэтая камяніца. Так глянуць, то быццам ты і пры сваім розуме. І ладна ўсё ў цябе атрымліваецца. А нашто, каму яно патрэбна — ну ніяк не дапетру...

Ёрчык таксама піў. Чалавек жа, а не анёл які. Але нямнога, каб не страціць памяці. А мірыўся ён з гасцямі толькі таму, што вечарамі станавілася маркотна на душы. П'яніцы ж былі найлепшай кампаніяй — не пагарджалі. І гаварылі шчыра. Нечым ён з імі радніўся.

— Вось ты мне скажы, Ёрчык, як жа ты харчавацца будзеш? Цалюткі дзень сваю камяніцу правіш, а прыйдзеш у хату — нічога не зварана. Была жонка — і боршч быў, і бліны, і яечня... Не, як сабе хочаш, а ты ўсё ж дурнаваты.

— А ты што, жывеш, каб есці, ці ясі, каб жыць? — пачынаў тады сваю філасофію Ёрчык. — Бліны-ы, бо-о-оршч. А я сала напруся, бульбы звару альбо супчыку грыбнога (у мяне мех грыбоў у запечку вісіць), і нічога больш не трэба.

— Скуль жа ў цябе тое сала? І бульбу ты не садзіш.

— А я дзежачку чалавеку скляпаю, ён і прынясе ладны кавалак. Другую — і бульбы мех ёсць. А пчолы, думаеш, нашто ў мяне? Ведаеш, які цяперака мёд дарагі. Во табе і заробак. Пакуль рукі мне служаць — не прападу.

— Ведаю, рукі ў цябе залатыя. А вось у мазгах клёпак не стае. Бач, да чаго дажыўся — жонка з дзецьмі з хаты ўцякла. Няўжо не шкода?

— Шчэ як шкода, Лявон. Часам і заплачу ў закутку. Але што зробіш, калі такі лёс мне выпаў?

А ранкам Ёрчык выносіў з хаты вялізную шуфлю, вёдры, розныя жалязякі і браўся за справу. Найперш ён напаўняў каменнем вёдры, прывязваў да іх вяроўкі, другім канцом якіх абвязваўся сам, і па жалезных прутах, што тырчэлі ў сцяне, як па лесвіцы, узлазіў наверх. Цяпер ён быў ужо вышэй нават яблынь і самых высокіх грушаў. Глядзеў уніз, і людзі здаваліся яму кузуркамі. Пазіраў без аніякай цікаўнасці, як гоняць пастухі кароў, як сноўдаюць па вуліцы яго суседзі.

«І ўсё ім нешта трэба, — думаў ён. — Круцяцца, круцяцца, як тыя вавёркі, нажываюць дабро... А навошта, каб хто іх спытаў? Яны і самі не ведаюць. А пасля паўміраюць, і ніхто пра іх не ўспомніць. Дык каму патрэбна такое жыццё! Але што мне да іх. Яны жывыя. А мне трэба думаць пра мёртвых. Мусіць жа, я для гэтага і на свет нарадзіўся».

І Ёрчык цягаў наверх цяжкія вёдры з каменнем. Бывала, наведваўся хто-небудзь з тых, хто любіў гасцяваць у яго вечарком. А часцей за ўсіх — Бронь. Зверху яго пазнаць гэтак жа лёгка, як і з зямлі, — па вялізнай бліскучай лысіне. Ён часам, калі бываў на падпітку, падзываў да сябе хлапчукоў і паказваў фокусы.

— Хочаце, выму вока? — казаў ён.