Выбрать главу

— Чорных вавёрак не бывае, — запярэчыў нехта з малых, калі галава звярка вытыркнулася зноў.

А вось і бываюць, не здаваўся я. Чырвоныя жывуць на хвоях, а чорныя — на асінах. — Цяпер мне аж сорамна, что я — дзіцё лесу, аказваецца, так мала ведаў пра яго насельнікаў. Але спішам гэта на ўзрост.

Колька не ўлазіў у нашую спрэчку, толькі павёў вачыма на вершаліну асіны, зноў заплюшчыў іх і працягваў драмаць, закінуўшы нагу на нагу і насунуўшы на нос кепку.

Мяне разабрала цікаўнасць.

— Палезу, — рашуча сказаў сябрукам.

— Не залезеш. Высока і сучкоў няма.

— Затое ў мяне рэмень ёсць.

З дапамогай гэтай вельмі карыснай ва ўсіх адносінах штукі я досыць хутка дабраўся да малюсенькага дупла. Пачаў запіхваць усярэдзіну руку і ледзь-ледзь прасунуў. Там намуляў нешта мяккае, цёплае і дрыготкае. «Ага, вось ты дзе». Зараз жа схапіў яго, і разам са звярком рука сама выскачыла з вузенькага лаза (можа, так думаю цяпер, ад страху, які падвойваў сілу). Дзіўна, але ў сваёй хаце звярок не кусаўся, а тут ушчаперыўся ў кончык пальца і ледзь не прапароў навылёт. Я прыціснуў яго да нагі, але ён як бач пракусіў мае дзіравыя нагавіцы. Заенчыўшы ад болю, я, зусім не разумеючы, што раблю, кінуў зубастае стварэнне на зямлю.

Пасля гэтага вырашыў праверыць, ці не засталіся ў дупле маленькія вавёрчаняты. Іх аказалася двое. Але гэтыя былі не страшныя. І я злез, паклаўшы іх за пазуху.

Кінуты мною звярок ляжаў на мяккім травяным дыване мёртвы.

— Мусіць, ад страху акачурыўся? Прама на ляту, — выказалі здагадку малыя.

Я падарыў ім свае малюсенькія пушыстыя трафеі, забінтаваў рану на пальцы палосачкаю тканіны, адарванаю ад анучы, у якую было загорнула сала, а Сымонькаў Колька дастаў з кішэні складанчык, і мы ўсе разам абступілі звярка. Вельмі ж карцела дазнацца, што ў яго там за вантробы, у гэтага малога і доўгага чорнага драпежніка. Але як толькі чэрава пад лязом разышлося, хуценька пазатыкалі насы.

— Бэ-э, які смярдзючы, — завылі малыя.

— Ф-фэ, гадасць нейкая, — скрывіўся Колька і шпурнуў знэнджанага звярка ў карчы. Але яго як бач знюхаў сабака — наш верны пастушок Ваўчок, і Сымонька падвесіў маю чорную вавёрку, да якой я страціў усялякую цікавасць, на сучок далей ад кастра.

На гэтым і завяршылася б адна са шматлікіх гісторый майго дзяцінства, і вы ніколі не даведаліся б пра яе (бо цікавага, а тым больш надзвычайнага ў ёй вельмі мала), калі б праз цэлых сем гадоў не падарыў мне лёс яе працяг. Здарылася гэта неспадзявана, калі з памяці пачалі ўжо сплываць паціху малюнкі дзяцінства.

Быў адзін такі вечар, калі я наважыўся правесці з танцулек Сымонькаву Ярыну — старэйшую Колеву сястру (тады ён быў ужо ў войску, а я збіраўся адправіцца за ім услед толькі вясною). Не хачу перад вамі хваліцца, але што было, тое было. Правесці Ярыну дахаты лічылася ў нас вялікім гонарам нават для хлопцаў старэйшых, не тое што для мяне — кавалера саплівага. Толькі так ужо неяк атрымалася: я запрасіў яе на вальс, і ў той момант, калі мы кружыліся (прабачце — таўкліся) у цеснай хаце сярод іншых пар, я папрасіў у яе дазволу правесці дахаты. Яна адразу ж згадзілася, і гэта было дзіва з дзіваў. Я ледзь дачакаўся, пакуль гарманісты схаваюць у футаралы свае галасістыя інструменты і не зводзіў з яе цнатлівых закаханых вачэй.

Ярына была ў белай, размаляванай дробненькімі кветачкамі, сукенцы, у боціках, якія цяпер, ведама ж, сілаю не прымусіў бы насіць ні адну дзяўчыну, але якія тады лічыліся сапраўднаю раскошай (такіх не было ні ў адной яе сяброўкі, і ўсе танцавалі ў чаравіках), а валасы яна сабрала ў вялізны, як круглы бохан, гугель. Ярына была як выспеленая вішанька. Здавалася — яшчэ год-два, і пераспее.

З хаты мы выходзілі апошнімі, і я з прагнасцю назіраў, як грацыёзна яна накідвае на рухавую мілую галоўку квяцістую «марыканськую» хустачку, стараватае, але гожае паліто з бліскучым чорным каўнерыкам — бадай, самым багатым яе ўпрыгожаннем.

— О-о, які хвайны каўнер. З куніцы хіба? — мне трэба было нешта сказаць, каб яна не думала, што ў мяне ад шчасця заняло мову.

— Ага, з куніцы, — ганарліва пацвердзіла яна.

І ўжо калі мы выкаціліся на блакітную і рыпучую ад снегу і моцнага марозу сцежку, яна расказала тое, што пачула ад бацькі. Гэта была тая самая гісторыя, якую я расказаў вам вышэй. Толькі не было ў ёй мяне (ці то Колька, расказваючы бацьку, знарок не ўпамянуў маё імя, ці бацька забыўся, хто тады лазіў на асіну), а быў зусім кароценькі працяг. Ды вы ўжо і самі, напэўна, здагадаліся, які ён. Надвячоркам Колька, які добра ведаў, што гэта была ніякая не чорная вавёрка, а каштоўны футравы звярок, збегаў на тое месца, зняў мёртвую куніцу з сучка, а бацька — прызнаны ў акрузе майстар па вырабе скур, зрабіў з яе гэткі ладны каўнерык.