Ярына ж свой расказ завяршыла так:
— Той дурань, мусіць, і цяпер яшчэ думае, што на свеце існуюць чорныя вавёркі, — і залілася вясёлым, зусім не з'едлівым смехам.
Я крануў тады футра, што абляпіла яе шыйку, і рука мая быццам зноў правалілася ў тое ненавіснае дупло: гэткае ж мяккае і цёплае, быццам бы гэта жывая «чорная вавёрка». Я хацеў сказаць ёй, што дурань той несусветны стаіць зараз перад ёю, але ж занадта блізка апынуліся нашы твары, і мы моўчкі пацалаваліся. Для мяне той пацалунак быў першы ў жыцці, і я разгубіўся, пачаў хаваць вочы, а яна, пэўна ж, цалаваная, і не раз (няхай прабачыць мне мая жонка за гэтыя словы), толькі гарэзліва засмяялася і штурханула мяне ў пушыстую гурбу.
— Ну што ты за кавалер такі, нясмелы зусім. Заечая твая душоначка.
І яна навалілася на мяне, пачала закідваць снегам. Ён калоў і апякаў твар, але затое ўзбадзёрыў, ажывіў, і я, загробшы Ярыну ў абярэмак, перакуліў яе цераз сябе, насеў зверху і, назіраючы, як растаюць на расчырванелым, свежым далікатным тварыку халодныя крышталікі, хутчэй выдыхнуў (баяўся, што пасля ўжо не асмелюся):
— Гэта ж я той дурань, які лічыў куніцу чорнай вавёркай, — і хутчэй, баючыся, што ад гэтых слоў яна зніякавее, дадаў: — Але я вельмі рады, што яна дасталася табе.
Ярына не зніякавела. Не той характер. Ды ўсё ж не змоўчала. Калі мы ўразвалачку падыходзілі да яе хаты, прапанавала:
— Мне нешта не па сабе. З табой так паскудна абышоўся мой брат. Лепш я аддам табе гэты каўнер. Ён жа твой. Ты ж калісьці нацярпеўся з-за яго.
— Што ж, — адказаў я, — няхай будзе мой. Але я дару яго табе. Гэта мой табе падарунак.
— Не, гэта занадта дарагі падарунак. Я не прыму яго.
— Тады давай пажэнімся, і ён стане нашым, — выпаліў я і зарагатаў, бо калі б не зрабіў гэтага, то згарэў бы ад сораму пасля такой дзёрзкасці.
— А-а-а, бач ты які — ціхо-о-оня. Куды завярнуў, — закаціла яна чарнюткія свае вочы. — А ўсё-такі праўду кажуць, што ў ціхім балоце ды чэрці водзяцца. Ідзі ўжо, жа-а-аніх.
Пасля таго вечара мы пачалі сустракацца часта. Гэты небам пасланы каўнер быццам бы зрадніў нас. Ёй, мусіць, няёмка было адмаўляцца ад маёй кампаніі (хоць я на два з паловай гады маладзейшы за Ярыну), а можа, як яна і цяпер яшчэ мне даказвае, наадварот, сустрэча са мной заўсёды была жаданай для яе, і ў рэшце рэшт мы пажаніліся. Перад самым маім адыходам на службу.
Цяпер у нас трое дарослых дзяцей і ўнукі. Мы ні разу за ўсё сумеснае жыццё не пасварыліся (паспрабавалі б вы ў чым-небудзь з ёю не пагадзіцца, я тады з вас пасмяяўся б), а каўнер той з «чорнай вавёркі» і цяпер яшчэ тлее паціху ў цыратовым мяшочку. Рэліквія.
Ну, а Мікола Сымонькаў — загадчык бойні ў нарыхтоўчай канторы, мусіць, і да гэтага часу думае, што я нічога не ведаю пра яго фокус-марокус. А мо і забыўся ўжо — колькі ж гадкоў мінула. Толькі я не крыўдую. Я ўдзячны яму, і вы ведаеце, за што. Можа, прачытае калі гэтыя радкі, дык няхай ведае — дараваў я яму той грэх.
Разграфаваны сшытак у белай вокладцы
З Веранікай, даўняй сваёй знаёмай, я сустрэўся зусім неспадзеўкі. Адразу мы і не пазналі адно аднаго. І не дзіва — столькі гадоў мінула. Апошні раз школьнікамі бачыліся. Да таго ж я быў на добрым падпітку, а яна гэтак начапурылася, што і маці родная прайшла б побач, не прыкмеціўшы сваёй крывінкі.
...Адбылося ж усё вось пры якіх абставінах. Неяк у рэстаране мы з сябрукамі ладзілі вечарынку, адзначалі невялічкім гуртам Дзень друку, бо ўсе былі работнікамі пяра. Працавалі хто ў газеце, хто ў часопісе ці выдавецтве. Заказалі пару пляшак гарэлкі, дадалі да яе прынесеную з сабою і, як гэта водзіцца ў нашага брата, развялі за сталом такія дэбаты, гэтак ухапілі за чупрыну яе вялікасць палітыку, а заадно і філасофію, быццам бы не на свята сабраліся, а на вучоны савет. Часам і я ўстаўляў свае пяць капеек, але ўліцца ў агульную плынь гутаркі так і не здолеў, засумаваў і вырашыў выскачыць на вуліцу, падыхаць свежым паветрам, бо над нашымі бутэлькамі і пузатым графінам, скамечанымі папяровымі сурвэткамі і паўпустымі талеркамі з мясам, косткамі і капустаю пад маянэзам ужо вісеў сапраўдны смог ад цыгарэтнага дыму, за якім губляліся, расплываліся, цямнелі твары суразмоўцаў.
Спусціўшыся па гулкай прасторнай лесвіцы ў аздобленае каляровай мазаікай фае, адчыніў масіўныя высачэзныя дзверы і... аказаўся сведкам, а хутка і ўдзельнікам не вельмі прыемнай сцэны: двое міліцыянтаў праганялі ад рэстарана маладую жанчыну ў залішне кідкай апратцы і з не меней кідкімі, аголенымі нагамі, а тая даводзіла ім, што зараз выйдзе яе муж і толькі разам з ім яна пойдзе дахаты.