Выбрать главу

— Няпраўда, Сцяпан. Ты баішся прызнацца, што вінаваты ўсе мы. Ніхто з нас не хацеў...

...Пакуль яны высвятлялі, хто ўсё ж вінаваты, а хто не, я паспеў расказацьь Вераніцы, чаму мы тут, і нават дзе-што патлумачыў наконт нашых адносін:

— Сяргей працаваў са мною ў газеце. Але нікому не падпарадкоўваўся дый... за каўнер закідаў. За гэта і звольнілі. Цяпер зусім запіў. Я сябраваў з ім. Але ён не прызнаваў маіх сяброў. Тыя ж папракалі мяне за сяброўства з Сяргеем. Тады я зрабіў глупства — парваў з імі, перайшоў у ягоны гурт. І сяджу во як не свой, бо тое, пра што яны балбочуць, мяне зусім не цікавіць.

Я змоўк, і ўсчатая спрэчка зноў завалодала нашым слыхам.

— ...Гэта ты вышукваеш у смецці залатыя зярняткі.

— І знаходжу іх. Ты хоць ведаеш, з кім ён цяпер?

— З такімі ж наркотамі, як і сам.

— Калі ў нашай краіне яшчэ не зніклі апошнія ачагі чыстага сумлення ды сапраўднага сяброўства, дык яны засталіся хіба што ў асяроддзі вось такіх, як ты кажаш, наркотаў.

— Ну-ну-ну... Дагаварыўся. Далей ужо няма куды. Нам толькі не хапала на п'яніц маліцца. Ды твой «святы» нас за людзей не лічыць, разумнік гэткі. Будзь ён тут, даўно ўжо нас з граззю змяшаў бы. У кожным знайшоў бы шчэпку ў воку, а ў сваім бервяна не бачыць.

— Ён калі і змешваў нас з граззю, дык не з чыёй-небудзь, а з нашаю, якой нам не пазычаць...

Мы крыху паслухалі яшчэ, але хутка зразумелі, што канца дурной спрэчцы не будзе, і загаманілі пра сваё, закідваючы адно аднаго пытаннямі. Праўда, Вераніка яшчэ паспела, перш чым мы поўнасцю адасобіліся ад кампаніі, кінуць колькі слоў у гэтае месіва абвінавачванняў. Глыбакадумна зацягнулася цыгарэткаю, эфектна прыцерусіла попелам абгрызеныя костачкі ў талерцы, пасля не то для сябе адной, не то і для мяне таксама сказала:

— Чаго яны дабіваюцца адзін ад другога? Усё адно ж не знойдуць ісціны. Бо сама спрэчка — гэта і ёсць ісціна, бо жыццё — гэта суцэльная супярэчлівасць, няхай сабе і жыццё аднаго чалавека.

Такім чынам Вераніка разбіла ўсе довады «пракурораў» і «адвакатаў» і зрабіла спрэчку пустой і непатрэбнай. Я ж ад гэтых слоў устрапянуўся, адчуўшы, што маю справу зусім не з тою гарэзай-дзесяцікласніцай, з якою да самазабыцця цалаваўся больш чым дваццаць год таму ў хвойніку паміж яе і маёй вёсачкамі. Поруч са мной сядзела, выставіўшы кругленькае крамянае каленца, занадта сур'ёзная, нават, падалося, суровая жанчына, якая, магчыма, перанесла нямала душэўных выпрабаванняў. У гэты момант яна выглядала чужою не тое што ў нашай кампаніі, але і наогул у чалавечым жыцці — такім дробязным і нікчэмным. Пад яе пранізлівым позіркам я пачуваў сябе не вартым увагі мурашком. Уважлівей прыгледзеўшыся да сваёй даўняй знаёмай, я знайшоў, што ўся гэтая кідкая апратка, якую яна нацягнула на сябе, — звычайны маскарад. Ні чырвоная кароценькая спаднічка, ні пушысты, вельмі багаты з выгляду пярэсценькі пуловер, ні доўгія бліскучыя кліпсы зусім не пасавалі ёй, бо тое, што было патрэбна ёй, — гэта шэры касцюм з якім-небудзь някідкім маленькім упрыгожаннем на лацкане пінжака і гэткая ж строгая (для дзелавой жанчыны) прычоска.

Мае развагі, відаць, занялі шмат часу. Вераніцы надакучыла выпрабоўваць на сабе мой хутчэй задубелы, чым задуменны, пагляд, і яна падхапілася, падсунулася бліжэй і зазірнула мне ў вочы:

— Ты хоць калі-небудзь успамінаў пра мяне?

— А ты?

— Божачкі, Андрэй, ты зусім не змяніўся. Ты як быў маўчуном, так ім і застаўся. Гаварыць не любіш, затое гатовы бясконца слухаць і слухаць... Помніш, калі ты праводзіў мяне дахаты і мы садзіліся на лаўку пад парканам, дык заўсёды не знаходзілі пра што пагаварыць. І ты плёў мне дурныя анекдоты, бо далей нашае маўчанне нельга было трываць.

— Помню, Вераніка. Я тады вельмі дакараў сябе за сваю маўклівасць. Баяўся, што стану табе нецікавы, што абрыдну табе і мы расстанемся. Мусіць, я кахаў цябе.

— А цяпер?

— А што цяпер. Цяпер у мяне ёсць жонка, трое дзяцей. Я іх вельмі люблю. Сям'я для мяне — святое. Дый хіба ў такім узросце гавораць пра каханне? Глупства.

Вераніка капнула сабе трошачкі «Рускай», паставіла на месца маленькі кругленькі графінчык. Сябры заўважылі гэта і накінуліся на мяне:

— Ты што, не можаш прыслужыць даме?— Сцяпан хутчэй узяўся падкладваць у яе талерку салату, мяса.

— Кавалер саплівы. Давай разлівай, вып'ем разам з госцяй.

Я моўчкі напоўніў шкляначкі, даліў Вераніцы, спустошыўшы графін.

— Дзеля такой сустрэчы трэба было б яшчэ заказаць якую мачынку. А то нейкі сціплы прыём атрымліваецца, — падаў голас Васіль, які бутэльку заўсёды называў мачынкай. Калі хто заходзіў да яго ў госці, ён заўсёды прапаноўваў: «Ну што, па мачынцы?»