Я запытальна паглядзеў на Вераніку.
— Не, болей піць не буду. Я і так вельмі ўдзячна вам за такі прыём.
— Ну, тады з Богам. За сустрэчу.
Мы выпілі, але ад выпітага я не п'янеў, а, здавалася, толькі цверазеў. І ўсё прымушаў Вераніку добра закусваць. Тая ж для выгляду пакорпалася відэльцам у сваёй талерцы, а пасля, крыху аб нечым падумаўшы, нахілілася да мяне і шапнула:
— Мне пара...
— Дзе ты жывеш? Далёка? Я правяду. — Я таксама перайшоў на шэпт і ўжо выціраў сурвэткаю рукі, рыхтуючыся пакінуць наседжанае месца.
— Хіба так важна, дзе я жыву? Няўжо, калі далёка, дык не захочаш правесці?
— Не-не, што ты.
— Дзякую. Ты не забавішся. Да майго дома — адзін аўтобусны прыпынак.
— І гэты шлях мы пройдзем пешшу.
— Так, пройдзем пешшу.
* * *
— Ведаеш, Вераніка, а я нядаўна праязджаў тою дарогаю, па якой праводзіў цябе тымі даўнімі вечарамі-начамі дахаты. Ехаў, і нічога асаблівага, надзвычайнага ў тым лесе не прыкмячаў. Нават не пазнаў спярша, пакуль не агледзеўся і не вызначыў дакладна месцазнаходжанне аўтобуса. А тады мне ўсё здавалася надзвычайным: і тое, што ў лесе было шмат варання, якое ад майго свісту ўзнімалася ў фіялетавае вячэрняе неба і рабіла яго чорным, а цябе палохала, і тое, што на дарозе было шмат пяску, таму ты здымала туфелькі, ішла басанож. Цяпер там — асфальт і няма крумкачоў. Быццам бы нехта знарок гэтак усё зруйнаваў, каб не пакінуць і напаміну пра нашае шчасце. Няхай сабе тое і не было каханнем, але ж нам было добра, мы пачувалі сябе як у сне, як у прыемным, цёплым, лагодным сне.
— Ты ўсё такі ж рамантык, як і быў. І пісака-фантазёр. Гаворыш, быццам раман палюбоўны чытаеш. Хаця, Андрэй, усё ты правільна сказаў. Усё так, і я гатова падпісацца пад кожным тваім словам, хоць ужо запамятавала і крумкачоў, і пясок на дарозе.
Гэтак мы гутарылі, седзячы ўжо ва ўтульным пакойчыку (утульнасць гэтая як бы падкрэслівала, што тут жыве адзінокая жанчына) яе досыць багатай двухпакаёвай кватэры. У руках нашых дыміліся напоўненыя каваю маленькія фарфоравыя пасудзіны ад «Мадонны», з якіх мы няспешна адсёрбвалі, седзячы адно насупраць аднаго. Паміж намі на журнальным століку ляжалі каля крыштальнай папяльнічкі цыгарэты ў размаляваным пад амерыканскі сцяг пачку, некалькі брыкецікаў шакаладу, сурвэткі з выявамі ці то нямецкіх, ці швейцарскіх будынкаў з чырвонымі дахамі.
— Можа, мы і ў мяне чаго вып'ем?
— Дзякуй, але мне хутка ісці. Дома ж чакаюць, хвалююцца. Дый нашто траціцца ўпустую.
— О-о, пра гэта не клапаціся. Мой заробак дазваляе мне купляць штодня па дзве-тры бутэлькі шампанскага, і гэта ніяк не адбіваецца на маім бюджэце.
— Ты многа зарабляеш?
— Нямала.
— А чым займаешся?
— Маю прафесію ты неаднойчы абліваў брудам у газетах.
— Найбольш чытацкі інтарэс выклікалі мае публікацыі аб праблемах прастытуцыі, але ж...
— Але ж што? Цябе здзіўляе мая сённяшняя прафесія?
Я з асаблівай выразнасцю зірнуў на яе кругленькае вабнае каленца, якое зманліва вызірала з-за століка, быццам бы паказваючы сваім позіркам, што цяпер мне стаў зразумелы яе выгляд...
Вераніка не зніякавела. Яна толькі паставіла пасудзіну з каваю на сурвэтку — прама на акно намаляванага будынка, размашыстым рухам паднесла да матавых вуснаў цыгарку і чыркнула запальнічкай.
Не сказаць, каб гэтая наколькі знаёмая, настолькі і незнаёмая жанчына цяпер, калі ўва мне даўно перагарэла тое юначае пачуццё, зусім не вабіла да сябе. Але я адчуваў, што стрымацца ад спакусы прытуліцца да гэтага рухавага гарачага цела будзе няцяжка. «Нават калі б яна зараз падышла да мяне ззаду і пачала песціць, я не паддаўся б». І зусім не таму, што Вераніка была не здольная ўзбудзіць мяне (усё якраз наадварот). Проста за пятнаццаць год свайго сямейнага жыцця я ні разу не здрадзіў жонцы, і гэтая мая сямейнасць (падкрэсленая, дарэчы, і гараскопам), павага да хатняга акружэння ўвайшлі ў маю кроў — трывала, назаўсёды.
Праўда, Вераніка і не прадпрымала нічога для таго, каб справакаваць мяне на блізкасць.
— Я чытала твае артыкулы «...У гатэль уварваліся аўтаматчыкі», «Целам гандляваць — не зямлю араць», «Да рынку — з голым задам». У іх мяне нічога не здзівіла, акрамя тваёй нецярпімасці...
Вераніка скамячыла ў попельніцы акурак, адкінулася на мяккую спінку крэсла, склала на грудзях рукі.
— У мяне тут вось якая думка наспела. Хачу прапанаваць табе цудоўнейшую тэму для чарговага артыкула. Ён павінен па ступені папулярнасці перакрыць усе, што былі напісаны раней... А шампанскага мы ўсё ж вып'ем. Усё роўна я затрымаю цябе на якія паўгадзіны.