— Яно так, Зосечка. Толькі з кім жа яшчэ падзялюся радасцю сваёй. Я ж не ўтрываю. Гэта ж столькі грошай. Ніколі ў мяне гэтулькі не было. Няўжо ж ад дзяцей радасць сваю хаваць.
— Дурнаватая ты, Агатка. Ідзі тады ўжо да суседзяў. Да Мар'ечыхі ці да Камарыхі. Пахваліся ім, адвядзі душу.
* * *
Калі Агатка пасля абеду вярнулася з магазіна, дачка з сям'ёй ужо шнырылі па хаце. Значыць, прыехалі з рэйду свайго закупачнага. Рытка даставала з вялізных, як прорва, сумак усялякія анучы: цэлыя
скруткі шкарпэтак, трусікаў, пар дзесяць вастраносых карычневых туфляў, сарочкі, куртку, паліто...
— Гэта табе будзе, чуеш, Коля? Гэта, Саша, табе. Гэта Віцю. Гэта i вось гэта мне, а гэта...
Агатка зірнула на цёплыя дабротныя боты і падумала: «Зараз прапануе ix мне. Бач, а я, зараза такая, схавала ад ix грошы». I старая палахліва зірнула на шафу, у якой тыя грошы ляжалі: «Раптам знайшлі?» Там i праўда ўсё было перакладзена з месца на месца. Але тут Агатка ўспомніла, што перахавала тысячы ў панчоху, якую запхнула пад матрац. «Якая ж я ўсё-ткі нядобрая». I твар яе заліўся чырванню.
Але боты ёй прапаноўваць ніхто не збіраўся.
— ...А гэта ўсё на продаж,— махнула рукою дачка на астатні тавар. I дадала:— От, калі б у цябе, мама, былі грошы, мы б дыван яшчэ купілі. Ну такі ўжо прыгожы дыван выгледзелі. I ўсяго пяцьдзесят тысяч каштуе.
Старой вельмі карцела падняцца ды ашарашыць усіх, маўляў, эге, думаеце, баба такая ўжо i бедная, глядзіце, колькі ёй сёння грошай прыперлі. Хацела парадаваць дзяцей, а разам з імі парадавацца сама. Але змоўчала. Толькі вачыма раз-пораз прабягалася па ложку, дзе пад матрацам ляжала цэлае багацце. A калі госці, павячэраўшы, ад'ехалі, прамармытала сабе пад нос:
— Трэба мне гэтыя грошы. Што мне, у магілу ix браць? — Пасля крыху падумала i дадала: — От, i не трэба, а бач, не дала...
Анатоль Крэйдзіч
Нарадзіўся 27 чэрвеня 1965 года ў в. Заверша Драгічынскага раёна. Да 1979 года жыў у в. Заверша, вучыўся ў Завершскай васьмігадовай школе. У 1979 годзе разам з маці пераехаў у в.Рудск Іванаўскага раёна. Тут пайшоў у 8 клас Рудскай школы.
Скончыўшы 8 класаў, паступіў у Ржэўскі саўгас-тэхнікум на агранамічны факультэт, які скончыў у 1984 годзе.
З 1984 па 1986 – на вайсковай службе ў гарадах Люберцы і Падольск Маскоўскай вобласці. Быў мастаком-афарміцелем.
У 1986 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі.
У тым жа 1986 годзе паступіў на працу ў калгас “Светлы шлях” (в. Рудск) інструктарам па спорце.
У 1987 годзе прыняты на працу карэктарам Іванаўскай райгазеты “Чырвоная звязда”. Хутка пераведзены на пасаду карэспандэнта газеты. Затым – загадчык аддзела, рэдактар раённага радыё, зноў загадчык аддзела газеты. Адначасова публікаваў свае творы – паэзію і прозу – у рэспубліканскай маладзёжнай газеце “Чырвоная змена”, літаратурных часопісах. У 1994 годзе ўбачыў свет у бібліятэчцы часопіса “Маладосць” празаічны зборнік “Права на ўсмешку”. У першай палове 90-х працу ў райгазеце сумяшчаў з працаю ў часопісе маладых літаратараў Беларусі “Першацвет”, у якім курыраваў Брэсцкую, Гомельскую і Гродзенскую вобласці, пасля быў пераведзены ў газету “Народная воля” на пасаду ўласнага карэспандэнта па Брэсцкай вобласці.
У 1992 годзе атрымаў дыплом журналіста ў БДУ.
Лаўрэат часопіса “Маладосць” (1992), прэміі БСМ у галіне журналістыкі і літаратуры (1995), прэміі часопіса “Беларуская думка” (2005), “Залатое пяро” (2009)...
З 1996 года – уласны карэспандэнт рэспубліканскай маладзёжнай газеты “Чырвоная змена” па Брэсцкай вобласці і Брэсцкай абласной газеты “Заря” па так званым Прыпяцкім рэгіёне Берасцейшчыны.
У 2003 годзе некаторы час папрацаваў намеснікам галоўнага рэдактара абласной беларускамоўнай газеты “Народная трыбуна” і зноў вярнуўся на ранейшае месца ў “Зарю”.
У 2001 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў зборнік прозы “Палескі Напалеон”. У 2002-м – зборнік прозы “Параненыя мары”. У 2005-м – дакументальная кніга “Анатоль Клімец. Жыццё і лёс”.
У студзені 2006-га абраны старшынёй Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 18 мая 2006 года гэтую пасаду сумяшчаў з пасадай рэдактара Брэсцкай раённай газеты “Заря над Бугом”. З 8 верасня 2008 года па сёння пасаду старшыні абласной пісьменніцкай суполкі сумяшчае з пасадай галоўнага рэдактара Іванаўскай раённай газеты “Чырвоная звязда”.
За час работы старшынёй аддзялення СПБ ініцыіраваў і ажыццявіў некалькі буйных праектаў у галіне літаратуры: 1.Стварэнне сумесна з філалагічным факультэтам БрДУ імя Пушкіна і пры падтрымцы Брэсцкага аблвыканкама энцыклапедычнага выдання “Літаратурная карта Берасцейшчыны” (2008); 2.Заснаванне штогадовай Літаратурнай прэміі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта імя Ул. Калесніка (2007); заснаванне Берасцейскіх (кастрычніцкіх) нумароў у літаратурных часопісах “Маладосць” (з 2006 года) і “Нёман” (з 2009 года). Драбнейшыя праекты: штогадовыя літаратурныя падарожжы па рэгіёнах вобласці; заснаванне абласнога літаратурнага свята “Лунінская восень”, у межах якога адбываецца ўручэнне літпрэмій імя Ул. Калесніка; заснаванне штогадовага дзіцячага літаратурнага конкурсу, пошук маладых талентаў і рэдагаванне іх кніг; стварэнне сайта абласнога аддзялення СПБ у Інтэрнеце і іншыя. У 2009 годзе ў перакладзе на іншыя мовы выйшлі: урывак з аповесці “Меланхолія” у польскім часопісе “Люблін. Культура і грамадства” і апавяданне “На пероне” ў маскоўскім часопісе “Наш современник”.