— Хто там яшчэ засціць? — незадаволена бурчыць Сяргей.
— Цішэй, гэта ж Міхаіл Васільевіч, калгасны старшыня, — хутка пазнае чалавека Гена. — Зноў напіўся ў сталовай.
— Стойце тут, хлопцы. Я зараз вярнуся, — вочы Жэніка ўспыхваюць рашучасцю і нейкай звярынай, задубелай злосцю.
— Мы з табою. Паможам, калі што, — схапіў яго за рукаў Сяргей.
— Не, я сам.
Старшыня, мусіць, не пазнаваў юнака. Ён доўга ўзіраўся: хто гэта такі перагарадзіў дарогу ды яшчэ быццам бы і пагражае? А пазнаўшы, закрычаў гнеўна, як і належыць сапраўднаму гаспадару:
— Ты... Ты пагражаць мне? Ану, марш адсюль. Блытаецца тут пад нагамі ўсялякая драбядзень.
Апошняе яго слова злілося з хуткім — знізу ўверх — ударам.
Праціўнік калыхнуўся. З яго грудзей вырваліся раз'юшаныя праклёны. Тоўстыя бярвенні рук пацягнуліся наперад.
— Задаўлю... г-гада, — шыпеў старшыня.
— Рукі кароткія, — адказаў яму Жэнік, і яго моцны, да болю сціснуты кулак прачарціў той жа шлях, як і хвіліну назад.
Масіўная фігура праціўніка калыхнулася яшчэ раз і пачала бездапаможна падаць на хлопца. Жэнік падхапіў яе і пацягнуў туды, дзе сушэй, — на агністую грыву леташняй травы.
— Заўтра чакай бяды, — сказаў яму па дарозе дамоў Сяргей. — Я ўжо ведаю, што бывае пасля такога разбою.
— Ты не можаш сабе ўявіць, як лёгка мне зараз. Адпомсціў, і быццам нарадзіўся нанова. Ніколі не думаў, што помста валодае такой моцнай лекавай сілай. А пра якую бяду ты гаворыш?
— Павесткі з міліцыі чакай. Пасадзіць могуць. Старшыня ўсё-такі.
Словы сябрука выбілі апошні хмель з галавы. Заснуць у гэтую ноч Жэнік так і не змог. Трывожыўся не за сябе — за бацькоў. Такога ўчынку яны ніяк не чакалі ад свайго адзінага, любімага сына.
* * *
Пакой, у якім апынуўся Жэнік праз некалькі дзён пасля той кароткай п'янай бойкі, у міліцыі называюць «тэлевізарам». Чаму «тэлевізарам»? Мабыць, таму, што ён мае шкляныя дзверы, праз якія можна бачыць усё, што за імі робіцца. Да таго ж, размешчаны яны насупраць другіх дзвярэй, за якімі сядзіць дзяжурны міліцыянер. Паколькі дзверы «дзяжуркі» амаль заўсёды адчынены, то атрымліваецца, што чалавек у «тэлевізары» знаходзіцца пад пастаянным наглядам. Як рыба ў акварыуме.
Жэнік сядзіць на лаўцы пануры, знябожаны. Чакае выкліку. Правая рука яго з абабітымі пальцамі падпірае моцны, як вытачаны з каменю, падбародак. Вузкія і доўгія каласкі броваў маўкліва сышліся на пераноссі, па якім зверху ўніз пралеглі дзве глыбокія тужлівыя складкі. Выразныя вільготныя вочы, быццам дзве валошкі ў час дажджу, глядзяць некуды ўдалячынь праз тоўшчу шэрай бетоннай падлогі.
«Чаму бацькі ні разу не папракнулі мяне за той неразумны хуліганскі выбрык?» Сярод усіх пытанняў, якія мучаць яго цяпер, гэтае займае цэнтральнае месца. Часам яго засцяць іншыя пытанні, і яны таксама здаюцца галоўнымі.
«Навошта я званіў Валі? Што я гаварыў ёй? Гаварыў, што мне блага. Як жа гэта нізка, не па-мужчынску. Раскіс. Па падтрымку адразу кінуўся. Добра, што не паспеў нагаварыць многа — сувязь перапынілася. Далібог, апаратура айчынная... Валя, здаецца, нават не паспела нічога адказаць. А можа, і не хацела адказваць. Можа, забылася ўжо». Ад гэтай здагадкі сэрца сціскаецца ў маленькі цвёрды каменьчык і ные нудна, аж захлёбваецца, быццам увабраўшы ў сябе тысячы чалавечых боляў. Пакуты абвастрыліся яшчэ больш, калі хлопец уявіў сабе, як высмейвае Валя яго наіўнасць перад сваімі новымі жаніхамі.
«Цікава, як будуць выглядацьь гэтыя дні ў маім горадзе ўспамінаў праз некалькі гадоў». Ён спрабуе пафантазіраваць, але нічога не атрымліваецца. Перад вачыма ўзнікае вобраз маці — патухлыя вочы, пацямнелыя маршчыны, згорбленае цела і нейкая зацятая, прыдушаная маўклівасць. Тут жа прыйшло на памяць, як Сяргей пры сустрэчы паведаміў, што ён, Жэнік, не столькі нашкодзіў, колькі дапамог старшыні. У таго, аказваецца, вельмі балеў зуб, і якраз яго хлопец выбіў пры першым жа ўдары.
«Чорт, гэтаму гаду нават лупцоўка на карысць ідзе». Ад такіх думак маршчыны на пераноссі робяцца глыбейшымі, а бровы сыходзяцца шчыльней і ніжэй навісаюць над цёмнымі валошкамі вачэй.
«Пачытаю, што нефармалы пішуць. Кажуць, у іх больш праўды», — успамінае пра даўнюю пакупку, дастае з кішэні газету. Але раптоўны стук блытае думкі, змушае падняць галаву.
У расчыненых дзвярах паяўляецца грузная, распаўнелая постаць міліцыянера.
— Прымі дзяўчыну, хлопец. Толькі ненадоўга, начальнік убачыць — бяда будзе, — прабасілі яго тоўстыя добрыя губы, і ў пакой лёгкаю, асцярожнаю хадой увайшла... Не, не ўвайшла — выткалася з паветра (Божа, хто б мог падумаць) яго Валянціна. Здаецца, сама прыгажосць запоўніла залацістым святлом гэты маленькі халодны пакойчык.