Яшчэ ў XIV стагоддзі ў Эўропе з'явілася першая агняпальная зброя, якая неўзабаве стала вядомая i ў Беларусі. Пад канец XVI стагоддзя яна значна ўдасканалілася, стала разнастайнай i эфектыўнай — стрэльбы некалькіх тыпаў, кароткарулевыя пісталеты, лёгкія i цяжкія гарматы. Хадкевіч, у прыватнасці, заўсёды вымагаў, каб ягоныя гусары мелі спраўныя пісталеты, якія пускаліся ў ход, калі была скрушаная дзіда, не было ўжо як замахнуцца шабляй ці трэба было імгненна дапамагчы таварышу, якому пагражала небяспека.
Якраз у гетманства Яна Хадкевіча конныя, асабліва гусарскія, войскі дасягнулі свайго зорнага часу. Але ўсё гусцейшыя i дакладнейшыя залпы артылерыі, мушкетаў i аркебузаў, беглая пальба пісталетаў былі тым громам, які абвяшчаў будучыя перамогі дысцыплінаванай i ўмелай пяхоты над вершнікамі. I ўжо ў сярэдзіне таго ж XVII стагоддзя кінжальны агонь шведскіх мушкецёраў не раз засцілаў пабаявішчы гусарскімі целамі.
Агняпальная зброя вымагала вялікіх сродкаў. Таму багацейшыя краіны мелі i лепшую пяхоту. Грошай жа ў Рэчы Паспалітай вечна не ставала. Часам нават бракавала коней-цяжкавозаў для артылерыі буйнога калібру.
У часы Яна Хадкевіча ўжо шырока выкарыстоўваліся розныя земляныя ўмацаванні, якімі абводзілася месца размяшчэння войска. Сам гетман неаднойчы дастасоўваў вопыт чэшскіх гусітаў i асабліва запарожскіх казакоў, абкружаючы лагер пасам счэпленых абозных вазоў. Такім чынам утвараўся табар, непераадольны для кавалерыі праціўніка.
ПЕРАМОГА ПАД КІРХГОЛЬМАМ
Абвастрэнне сітуацыі * Аблога Рыгі Карлам IX * Хадкевіч спяшаецца на дапамогу * Выбар месца бітвы * Гераічныя чыны гусарыі * Разгром шведаў * Розгалас пра слаўную перамогу
Швецыя мела разоў у пяць меншае насельніцтва, чым Рэч Паспалітая, аднак апярэджвала яе ў гаспадарчым развіцці. Акрамя таго, там сфармавалася больш скансалідаванае грамадства, у якім прыкметную ролю адыгрываў не толькі кароль, але i парламент, дзе засядалі паслы як ад феадальнага стану,так i ад месцічаў, а таксама сялян, вольных ад прыгону. Таму прынятыя пастановы, пытанні вайны i міру ўспрымаліся не як прыхамаць валадароў, а як справа народа. Шведскія жаўнеры, што набіраліся пераважна з маладога вясковага люду, яшчэ саступалі нашым у вывучцы, але вылучаліся ўпартасцю земляроба, загартаванай суровай прыродай Скандынавіі. Разбітыя, здавалася б, ушчэнт, яны зноў збіраліся з сіламі i метадычна пачыналі вяртацьстрачанае.
Улетку 1605 года шпегі паведамілі, што Карл Судэрманскі, які да гэтага часу ўжо стаў каралём Карлам IX, зноў энергічна імкнецца да рэваншу ў Прыбалтыцы. Тры корпусы шведскага войска высадзіліся ў Інфлянтах i, займаючы na сваім шляху гарады i замкі, рухаліся да Рыгі. З падзеннем галоўнага горада Прыбалтыкі быўбы страчаны адзіны выхадз Падзвіння ў Заходнюю Эўропу. Зараз нават кароль Рэчы Паспалітай, вядомы сваёй скупасцю, адважыўся на большыя матэрыяльныя ахвяры i пераслаў Хадкевічу 100 тысяч залатовак на ўтрыманне войска. Сума была дастатковая, i палкаводзец таксама пачаў рыхтавацца да баявых дзеянняў.
Беларускае войска з-пад Дэрпта хуткім маршам пайшло на дапамогу Рызе. Па дарозе Хадкевіч паспрабаваў быў перахапіць корпус Ленартсана. Аднак вопытны шведскі военачальнік рухаўся лясамі i балотамі i ў сярэдзіне верасня злучыўся пад Рыгай з іншымі войскамі Карла IX. І шведскі кароль, маючы пад рукой 14 тысяч жаўнераў, пачаў аблогу горада.
Хадкевіч прыпыніўся на 8 дзён у Кесі[13], на паўночны ўсход ад Рыгі, збіраючы ў адзін кулак войска, гуртуючы яго да бітвы. Гетман не хаваў ад жаўнераў сур'ёзнасці сітуацыі — трэба было сустрэцца з утрая перасяжнымі сіламі праціўніка. Аднак іншага выйсця не было — Рыгу мусілі ўтрымаць любымі сродкамі. Гарачыя намовы Яна Кароля дапаўняліся шматгадзіннымі малітвамі. Асабліва шчыра маліўся сам Хадкевіч як чалавек глыбокае веры.
Самым ранкам 25 верасня войска рушыла з Кесі да Дзвіны i ўжо вечарам наступнага дня пачало займаць пазіцыі на яе ўзбярэжжы каля вёскі Кірхгольм[14]. Да Рыгі заставалася паўтара дзесятка кіламетраў i, напэўна, ужо чуліся стрэлы асадных гарматаў. Такім чынам, нашае войска за два дні па бездаражы прайшло блізу 80 кіламетраў. A ў ім жа была не толькі конніца, a i пэўная лічба пяхоты, артылерыя, цяжкі абоз.
Карл IX своечасова даведаўся i пра падыход беларусаў, i пра ix мізэрную колькасць — да чатырох тысяч. Таму памкнуўся выправіць пад Кірхгольм толькі частку сваіх сілаў. Аднак вышэйшыя шведскія афіцэры, што ўжо паспыталі моц гусарскіх атак, настойвалі на ўсеагульным выступлений "Інакш, — тлумачылі, — хутчэй Дзвіна паверне назад, чым каралеўская міласць убачыць уцёкі ліцьвіноў".