Цёмнай хмарнай ноччу вырушылі шведы. Спяшаліся, каб на раніцу нечакана заспець змучаныя доўгім пераходам войскі Хадкевіча. І хоць імпэт збіў раптоўны праліўны дождж, на самым світанку 27 верасня яны ўжо набліжаліся да пагоркаў Кірхгольма.
Як толькі пярэдняя старожа прыкмеціла надыход праціўніка, Хадкевіч загадаў будзіць войска. Адбылі багаслужбу. Хутка паснедалі. Затым палкаводзец узняўся на пагорак, каб ацаніць шведскія пазіцыі.
Карл IX паставіў свае сілы ў чатыры лініі. Першую займалі шчыльныя шыхты шматтысячнай пяхоты, бальшыню якой складалі мушкецёры, падтрыманыя пікінёрамі. Другую лінію ўтварылі фінскія райтары[15] на левым крыле i шведскія — на правым. Пры гэтым аддзелы другой лініі стаялі насупраць прагалаў у першай, чым утваралася звыклая для тагачаснай эўрапейскай тактыкі шахоўніца (шахматная дошка). Трэцюю лінію зноў жа заняла пяхота, у тым ліку i частка каралеўскай гвардыі. На тыле пазіцый уладкаваліся рэшткі райтарыі. Ix задачай было не дапусціць спробы абкружэння, а таксама пры неабходнасці i самым зайсці ў фланг войска Хадкевіча.
Такім чынам, галоўную сілу шведскага войска складала пяхота, падмацаваная артылерыяй. Праўда, гэта яшчэ не была славутая пяхота наступных шведскіх каралёў — Густава Адольфа або Карла XII, a ў асноўным навабранцы. Былі, аднак, i дасканала вымуштраваныя фармацыі нямецкіх наймітаў. Кавалерыю ўтваралі райтары — вершнікі на цяжкіх конях, узброеныя пісталетамі i рапірамі.
Хадкевіч разумеў, што асноўнае спадзяванне Карла IX было на моц агняпальнай зброі, на чатырохкутнікі мушкецёраў, на пісталетную стральбу райтараў. Ім трэба было проціставіць імпэтную атаку конніцы з дзідамі i шаблямі. Тым больш у прапорцыі адзін супрацьтрох...
Беларускае войска ўшыкавалася трыма палкамі па тры лініі ў кожным. Цэнтр яго занялі 700 гусараў пад агульным камандаваннем Вінцэнта Войны. Тутнаперадзе было 300 гусараў самога Войны, у другой лініі — дзве харугвы Тодара Ляцкага, апошнюю лінію ўтваралі таксама дзве харугвы. Войну павінна была дапамагаць i пяхота з некалькімі гарматамі. Справа ад цэнтра размясціўся гусарскі полк Яна Петры Сапегі — блізу 650 вершнікаў. З ix прыкладна палова на чале з Аляксандрам Хадкевічам i Невяроўскім стала ў першую лінію. Пры боку, па некаторых звестках, знаходзілася i лёгкая конніца — пяцігорцы. Каля 200 гусараў самога Сапегі i Віляноўскага ўтваралі сярэднюю лінію. У тыле ix былі цяжкія вершнікі Змітра Барухоўскага i Марціна Гедройца.
Ударную групу сваіх сілаў Хадкевіч сканцэнтраваў на левым крыле. Яго склаў полк Тамаша Дубровы на 900 гусарскіх шабляў, дапоўнены загонамі лёгкай кавалерыі.
Тылы войска падтрымоўвалі вершнікі Яна Кішкі, Адама Тальвоша i Белазора, узброеная чэлядзь. У нашых баявых шыхтах знайшлося месца i інфлянцкай шляхце з аркебузамі i тром сотням райтараў герцага Курляндыі, якія пераправіліся праз Дзвіну перад самым пачаткам бітвы[16].
Метраў за 200 ад пазіцыі палкаводзец паставіў табарам абоз, умацаваўшы яго пасам счэпленых вазоў. Перад абозам вызначылася месца чатыром татарскім харугвам. Беларускія татары-вершнікі асабліва прыдаваліся ў імклівым i нечаканым нападзе або ў пагоні, калі праціўнік уцякаў. Бою з цяжкаўзброенымі жаўнерамі, ды яшчэ пры агняпальнай зброі, татары звычайна не вытрымлівалі. Таму i пакінуў ix Хадкевіч у рэзерве, каб у выпадку цяжкой сітуацыі маглі захінуцца за вазы.
На цэнтральным кірунку шведы мелі велізарную перавагу сваёй пяхоты (блізу 5 тысяч) над некалькімі харугвамі Войны. Больш шматлікай каралеўская конніца была i на правым фланзе. Толькі на прырэчным краі Хадкевічу ўдалося стварыць колькасную перавагу. Такое было зроблена наўмысна. Тут гусары павінны былі праламаць шыхты праціўніка, збіць з поля райтараў i ўдарыць у бок пяхоце. Татары ж мусілі пераследваць уцекачоў. Надзвычай важная роля адводзілася i цэнтру. Ён павінны быў скаваць масы шведскай пяхоты да развязання тактычных задачаў на флангах.
Каб прытупіць пільнасць шведскага караля i вымусіць яго на неасцярожныя крокі, беларускі гетман сціснуў свае шыхты так званым гранітным парадкам. Зараз яны выглядалі яшчэ болей малалікімі, чым былі на самой справе.
Скончыўшы з ушыкаваннем войска, Хадкевіч звярнуйся да ваяроў з заклікам да мужнасці i самаахвяравання дзеля перамогі. Калі ж пачаў гаварыць аб шматлікасці праціўніка, адзін з гусараў заўважыў, што шведаў лягчэй будзе палічыць па трупах. Магнат не толькі сцярпеў, што яго перапынілі, але i ўсцешыўся з такога баявога настрою. I сапраўды, мала каго абыходзіла, што трэба біцца ў такой меншыні. У памяці быў вопыт нядаўніх перамогаў i амаль заўсёды над значна перасяжнымі сіламі. Менавіта з гэтай жа прычыны шведскія ваяры не асабліва рваліся да зброі.
15
Райтары (ад ням. Reiter — вершнік) — найманая цяжкая конніца ў Заходняй Эўропе XVI—XVII стагоддзяў.
16
Абсолютную бальшыню нашага войска ў інфлянцкай кампаніі складалі беларусы. Падаем сціслыя звесткі пра найбольш вядомых военачальнікаў; Ян Петра Сапега — з магнацкага роду, які паходзіў ад полацкіх баяраў; Вінцэнт Война — з шляхоцкага роду Войнаў-Грычыновічаў, якія мелі маёнткі паміж Пінай i Прыпяццю; Ян Кішка — будучы полацкі ваявода i вялікі гетман, з магнацкага роду Кішкаў; Аляксандр Хадкевіч — брат Яна Кароля, уладальнік Мышы i шклоўскага графства; Зміцер Барухоўскі — з шляхоцкага роду, што валодаў маёнткамі на Берасцейшчыне i на захадзе Украіны; Тамаш Дуброва — з шляхоцкага роду, які займаў розныя службовыя пасады пера¬важна на Віцебшчыне; Марцін Гедройц — са шматлікага княскага i шляхоцкага роду, які паходзіў з Віленшчыны, ад 1617 года — амсціслаўскі ваявода; Шчасны Невяроўскі — з шляхоцкага роду з Падляшша; Тодар Ляцкі — з баярскага роду перабежнікаў з Маскоўшчыны, якому былі нададзеныя маёнткі ў Беларусі (першапачаткова Высокі Двор i Жалудок); Рудаміны — з шляхоцкага роду, што валодаў маёнткамі ў розных месцах Беларусі, у тым ліку на Наваградчыне, бралі чынны ўдзел у Інфлянцкай i Хацінскай войнах; Аляксандр Лісоўскі — з шляхоцкага роду, вядомага ў Беларусі ад сярэдзіны XVI стагоддзя; Мікалай Зяновіч — староста чачэрскі i прапойскі, ca старадаўняга шля¬хоцкага роду, што валодаў маёнткамі на Гарадзеншчыне, Меншчыне i Полаччыне; Людвік Гасеўскі — з шляхоцкага роду, які асеў у Беларусі з канца XVI стагоддзя (маёнткі на Ашмяншчыне, Смаленшчыне, Амсціслаўшчыне); Петра Стаброў¬скі — з шляхоцкага роду, распаўсюджанага ў Беларусі, Мікалай Касакоўскі — першы чарнігаўскі кашталян, з шляхоцкага роду, што паходзіў з Мазовіі; Юры Францкевіч — з шляхоцкага роду, разгалінаванага пa ўсёй Беларусі; Андрэй Млоцкі — аршанскі стараста; Валовіч — са старадаўняга шляхоцкага роду, разгалінаванага пa ўсёй Бе¬ларусі; Белазор — са шматлікага шляхоцкага роду, які валодаў маёнткамі на Полаччыне i Летуве; Гогаль — з шляхоцкага роду, што меў уладанні пераважна на беларускім Палессі; Мадалінскі — з шляхоцкага роду, які валодаў Крывічамі i Данюшавам.