Выбрать главу

Час ішоў, a бітва не пачыналася. Праціўнікі займалі выгадныя пазіцыі на пагорках, падзеленых лугавінай з ручаём. Распачаць актыўныя дзеянні значыла спусціцца ў нізіну i атакаваць пад гару. Да абеду абыходзіліся дробнымі сутычкамі храбрэйшых майстроў шаблі. Аднак потым, каб завабіць Карла IX, Ян Хадкевіч намерыўся ўжыць хітрасць. Папярэдзіўшы, каб не рабіць панікі, сваіх афіцэраў аб задуманым манеўры, ён загадаў загонам лёгкіх вершнікаў сімуляваць адступленне. Кароль, у якога таксама канчалася цярпенне, падумаў, што беларусы пакідаюць пабаявішча, i даў знак пачынаць наступ.

Хіспуўся лес пікаў над галовамі шведскіх ваяроў i непаваротлівыя сціжмы пяхоты рушылі да ручая, перайшлі яго i пачалі ўздымацца па схіле. Пяхоту падтрымала райтарыя. Калі праціўнік дастаткова наблізіўся, вялікакняская пяхота дала залп з гарматак i мушкетаў, а затым Хадкевіч загадаў Войну пачаць атаку. Гусарскія роты адразу ўзялі ў галоп, i шведы паспелі зрабіць толькі адзін залп, як крылатыя вершнікі ўжо ўрэзаліся ў ix шыхты. Гусарскія дзіды скрыжаваліся з пікамі пікінёраў, шаблі сутыкаліся з рапірамі, густы дым ад пісталетных i мушкетных стрэлаў узвіўся над пабаявішчам. Каралеўская пяхота, асабліва найманыя немцы, вытрымалі віхуру гусарскай атакі. Ды перад вершнікамі Войны i не стаяла задача знішчыць шматтысячную сілу праціўніка. Гэта было па-за іхнымі магчымасцямі. Галоўнае, што яны звязвалі манеўры пяхотных фармацый, не давалі ім разгарнуцца на ўсю моц. Гусары неслі значныя страты, быў паранены сам Война, але i шведы пакуль не думалі аб руху наперад. Ix турбавала, як хоць адбіцца ад гэтых апантаных "крылатых д'яблаў" ca звярынымі скурамі на плячах, што паўтаралі i паўтаралі атакі.

Такім чынам, у цэнтры ўсё адбывалася па задуме гетмана. Аднак галоўныя падзеі ў першай фазе бітвы разыграліся на прыдзвінскім крыле. Тут гусары Дубровы, абышоўшы райтараў збоку, контратакай спынілі шведаў, а потым адкінулі ix на іхную ж пяхоту. Частка вершнікаў кінулася наўцёкі па рыжскім шляху. Наўздагон паімчалі татары i не было паратунку палахлівым. Дуброва з бліскам выканаў сваю задачу — гэтае крыло каралеўскага войска перастала існаваць.

На правым крыле райтарыя, складзеная з фінскіх вершнікаў, пераважала амаль удвая. Але гэта не спыніла гусараў Яна Сапегі. Атака галопам змяла пярэднія шыхты фінаў i тыя пачалі адступаць. Убачыўшы гэта, Карл IX паслаў на дапамогу ўвесь свой рэзерв. Свежыя райтарскія роты ўдарылі ў бок сапежынцам i тыя ў сваю чаргу апынуліся ў крытычным стане. I вось тут Хадкевіч заўважыў, што ў заморскага караля больш не засталося запасных сілаў. A ў гетмана яны яшчэ былі. I тады ў справу ўступілі харугвы Тодара Ляцкага. Гусары неўпрыкмет абагнулі зарослыя вясковыя могілкі, зайшлі збоку i на поўным галопе ўрэзаліся ў аголены фланг каралеўскага рэзерву. Райтары не вытрымалі напору i сталі шукаць паратунку ва ўцёках. Такім чынам адкрыўся i напольны бок пяхоты, якая ўсё яшчэ была занятая змаганнем з вершнікамі Войны. Флангавага ўдару шведы i немцы не вытрымалі, шыхты паддаліся i рассыпаліся, кожны пачаў ратавацца паасобку. А гэта толькі i трэба было гетману. Бубны i трубы падалі сігнал усеагульнай пагоні. Хто толькі быў на кані, кінуўся за ўцекачамі. Частка шведскіх пяхотнікаў прабілася да Кірхгольма i паспрабавала замацавацца ў тутэйшай мураванай бажніцы, але i там была вынішчаная казакамі i гусарскімі слугамі-пахолкамі.

На 9 кіламетраў ад Юрхгольма пад Рыгу палі i дарогі былі высланыя трупамі шведскіх жаўнераў. Яшчэ пад час бітвы палёг ад рукі Дубровы князь Люнабургскі, знайшоў тут свой апошні час i абачлівы Ленартсан, загінулі або трапілі ў палон многія іншыя знатныя шведы i военачальнікі. Ледзь уратаваўся i сам паранены Карл IX. Пад ім быў забіты конь. Інфлянцкі шляхціч, што служыў у шведскім войску, аддаў каралю свайго каня i тут жа паў сам, пасечаны шаблямі.

Пад Кірхгольмам палегла бальшыня шведскай пяхоты, блізу паловы райтарыі. Недабіткі дамкнулі да караблёў у вусці Дзвіны i спехам паплылі за мора. Вечарам гэтага дня ва ўсіх Інфлянтах ужо не заставалася ніводнага шведскага жаўнера!

Трыумфатарам уступіў Ян Хадкевіч у Рыгу, маючы з сабой 60 трафейных сцягоў i 11 гарматаў. Як паведамляў ён затым Жыгімонту Вазу, уласныя страты былі каля 100 забітых i 200 параненых жаўнераў.