Кірхгольмская бітва — найбольш класічны прыклад пераможнага выкарыстання гусарыі. Дзякуючы дасканалай вывучцы, дысцыплінаванасці, а найбольш палкаводчаму генію Яна Кароля Хадкевіча яна прычынілася да поўнага знішчэння шматкроць перасяжных сілаў праціўніка.
Розгалас пра Кірхгольм шырока разляцеўся па тагачасным цывілізаваным свеце. Эўрапейскія манархі i папа рымскі слалі віншаванні Хадкевічу. Дзівіліся перамозе турэцкі султан i шах Персіі. Асаблівую ж радасць i энтузіязм геройскі чын вялікакняскага войска выклікаў на Бацькаўшчыне.
МАРНАСЦЬ НАМАГАННЯЎ
Змена арыентацыі каралерскага двара * Рокаш Зебжыдоўскага * Зноў у Інфлянтах — адваёва страчанага * Палітыянае становішча на ўсходзе Самазванцы * Пачатак адкрытай вайны * У Маскве * Замірэнне
Імчаў, мяняючы коней, Ян Сапега з-пад Рыгі ў далёкі Кракаў. Вёз вестку пра слаўную вікторыю. Паспеў якраз на імшу ў вавэльскай катэдры, дзе i ўручыў каралю ліст Хадкевіча. Вялікае ўзрушэнне прайшло па краінах Рэчы Паспалітай. Думалася — нарэшце канец гэтай нямілай шведскай вайне. Жыгімонт у лісце ў адказ шчыра дзякаваў гетману, абяцаючы i ўшанаванні i сродкі для войска. Але, як часцей за ўсё здаралася перад гэтым, сродкаў якраз i не паступіла. У караля змяніліся планы. Шлях праз Інфлянты да бацькавай кароны пачаў здавацца яму занадта кружным. Выспела жаданне сягнуць па яе проста цераз мора. Да таго ж i на далёкай усходняй мяжы Рэчы Паспалітай засвяціліся новыя перспектывы.
Такім чынам, пад канец 1605 года клопат пра лес Інфлянтаў зноў цалкам лёг на плечы нашай краіны, а калі канкрэтней — на плечы ўсётаго ж вялікага гетмана. A ў яго зноў не было грошай на аплату войска, якое ўрэшце ўзбунтавалася зусім i рушыла ў Беларусь "карміцца" на каралеўскіх уладаннях. Частка ж, спакушаная вялікай здабычай, скіравалася на Падняпроўе да Змітра Самазванца. У замках Падзвіння засталося толькі некалькі сотняў сама дысцыплінаваных жаўнераў.
Ды на шчасце, Швецыя даволі доўгі час не магла акрыяць ад паразы пад Кірхгольмам. Таму зіма i наступны год прайшлі даволі спакойна.
Аднак так склалася, што Яну Хадкевічу цяпер давялося скрыжаваць шаблю не з заморскім праціўнікам, а з сваімі суграмадзянамі.
Палітыка Жыгімонта Вазы, якога многія ў Рэчы Паспалітай не ўспрымалі з самага пачатку, з гадамі выклікала ўсё большае непрыняцце. Абурала не толькі тое, што рукамі Вільні i Варшавы ён хацеў вярнуць сабе Швецыю, a i шмат іншага. Кароль па характары мала адпавядаў славянскай натуры. "Швед" быў маўклівы, халодны ў адносінах, да таго ж скупы. У вонкавай палітыцы ён усё больш схіляўся да хаўрусу з Габсбургамі, i ў прыватнасці з Аўстрыяй, а гэта пярэчыла традыцыйнай польскай ментальнасці. Акрамя таго, альянс з Венай пагражаў канфліктам з Турэччынай, уладанні якой непасрэдна прылягалі да паўднёвых ускраінаў дзяржавы. Фатальнай памылкай, якая пазней дорага каштавала народам Цэнтральнай i Усходняй Эўропы, стала фактычная перадача Жыгімонтам прускіх земляў пад апеку Брандэнбурга, з якога пазней вырасла агрэсіўная дзяржава — імперыя германскіх кайзераў. У нутраной палітыцы каралю закідалася, што ён празмерна падтрымлівае езуітаў, падрывае рэлігійную згоду ў краіне, імкнецца да неабмежаванай улады. Канешне, сярод пачынанняў караля былі i слушныя, як вызначэнне рэгулярных падаткаў i ўмацаванне сталага войска. Але нават гэта яму не даравалася, тым больш што бальшыня магнацтва не хацела дапусціць змяншэння сваіх уплываў у абедзвюх дзяржавах Рэчы Паспалітай.
Яшчэ ў 1606 годзе шляхоцкія з'езды пачалі абгаворваць праекты адхілення Жыгімонта ад улады, a ў чэрвені наступнага года адмовілі яму ў паслушэнстве. Справа непасрэдна падышла да збройнага развязання канфлікту.
Антыкаралеўскае паўстанне — рокаш узначаліў кракаўскі ваявода Зебжыдоўскі, a ўплывовым кіраўніком сабранага шляхоцкага войска стаў вядомы беларускі магнат Януш Радзівіл. Кароль у сваю чаргу энергічна гуртаваў верныя сабе сілы. З Інфлянтаў паклікаў ён на дапамогу i Яна Хадкевіча.
Няслаўная гэта справа — ваяваць супраць сваіх, удзельнічаць у братазабойчай вайне. Таму невядома, на чыім баку пры іншых абставінах апынуўся б гетман. Ён шчыра прызнаваўся ў адным з лістоў да жонкі, што каралю "не верыў, не веру i верыць не буду". Аднак сярод ракашанаў быў зацяты праціўнік Хадкевічаў Радзівіл. Асабістыя антыпатыі пераважылі палітычны сэнс. I Ян Кароль, паспешліва падпісаўшы замірэнне са шведскім камандаваннем, 1 чэрвеня 1607 года на чале 600 вершнікаў быў ужо ў Варшаве, дзе тады знаходзіўся Жыгімонт. А 6 ліпеня пад Гузавам (на поўдзень ад Варшавы) дайшло да генеральнага паквітання з ракашанамі.