Бітва пачыналася вяла. Шмат хто з праціўнікаў быў між сабою добра знаёмы, спароднены, калісьці сябраваў. Таму наважыцца першаму ўзняць шаблю было нялёгка. Але ўрэшце дайшло да страляніны i сечы. Па некаторых звестках, менавіта Хадкевіч, перад якім стаялі сілы Януша Радзівіла, пачаў атаку. Паводле іншых — першым праліў кроў Януш. Доўгі час ні адзін з бакоў не меў перавагі. Вершнікі ракашанаў напачатку нават перамагалі. Але ўрэшце справу вырашыла рэгулярная пяхота i праціўнікі караля былі разбітыя. Радзівіл з беларускай шляхтай адступіў за Буг i Жыгімонт загадаў пераследваць ix. Але гетман адмовіўся. Тут развага яму не здрадзіла — поўны разгром Януша аслабляў бы пазіцыі Вялікага Княства перад Польшчай.
Праз пэўны час кароль, не маючы дастатковых сілаў на поўны разгром бунтаўнікоў, дараваў ім. Пры яго ж пасярэдніцтве адбылося замірэнне i ў Беларусі паміж Хадкевічамі i Радзівіламі, хоць супярэчнасці паміж гэтымі двума родамі засталіся. У перспектыве Гузаў стаў перамогай не караля, a менавіта магнацтва, якое яшчэ больш умацоўвала свае пазіцыі.
З цяжкім сэрцам увосень 1608 года Ян Хадкевіч вяртаўся ў Інфлянты. За яго доўгую адсутнасць сітуацыя тут шмат пагоршала, быццам i не было ранейшых перамогаў, быццам не пралілося столькі крыві i жаўнерскага поту. Шведы зноў, высадзіўшыся на безабаронным узбярэжжы Латвіі, пачалі паступова прасоўвацца ўглыб мацерыка. Пачалося гэта увесну 1607 года. Тады былі занятыя біскупства Вендэнскае i Белы Камень. 27 ліпеня наступнага года Карл IX авалодаў Дыямантам[17] у вусці Дзвіны, 2 жніўня — Кокенгаўзэнам (Кукенойсам), 20 жніўня — Фелінам[18]. Такім чынам усе ранейшыя намаганні i Радзівіла Пяруна i асабліва Яна Хадкевіча пайшлі з ветрам. Шведскі пяхотнік зноў стаяў на беразе Дзвіны.
Хадкевіч не дачакаўся дапамогі караля, які ўжо цалкам захапіўся маскоўскімі планамі i амбіцыямі. Пры падтрымцы некаторых нашых магнатаў, трацячы на войска не толькі ўласныя грошы, але i жончыны, палкаводзец узяўся адваёўваць страчанае. Шведскай упартасці супрацьпаставілася беларуская, 12 тысячам Карлавых жаўнераў — 2 тысячы гетманскіх. Лютаўскімі снягамі i маразамі 1609 года нашае войска зрабіла марш пад Парнаву[19] Штурм гарадскіх сценаў пад агнём сто чатырох шведскіх гарматаў скончыўся капітуляцыяй гарнізона. 4 сакавіка, пасля кароткага адпачынку, Хадкевіч кінуўся да Рыгі, абложанай праціўнікам. Але беларускае войска рухалася не толькі сушай. Даведаўшыся, што ў порце Саліс[20] спыніўся шведскі флот, гетман пасадзіў на трафейныя караблі, захопленыя ў Парнаве, i вялікія лодкі частку пяхоты i загадаў атакаваць ворага.
Спешаныя вершнікі, многія з якіх нават не бачылі зблізку мора, адважна рушыліся на бітву. Уначы, знянацку наблізіўшыся да шведаў у вусці ракі Салацы, яны накіравалі ў іхны бок некалькі падпаленых брандэраў[21], ад якіх загарэліся два вялікія варожыя караблі. Пры святле пажару па шведскай эскадры быў адкрыты моцны агонь з гарматаў. He вытрымаўшы імклівага націску нашых ваяроў, астатнія шведскія караблі мусілі шукаць ратунку ў адкрытым моры. Гэта была, бадай, першая ў беларускай ваеннай гісторыі марская бітва. I яе нашыя продкі бліскуча выйгралі.
Пад Рыгай Хадкевіч сустрэў гэтакае вялікае шведскае войска, што распачынаць генеральную бітву было самагубствам. Нават крылатыя вершнікі былі бяссільныя перад масаю добра вымуштраванай пяхоты, навербаванай з многіх краінаў Эўропы. Аднак беларускі драпежны воўк пры неабходнасці станавіўся хітрай лісіцай. Перад шведскімі пазіцыямі Хадкевіч крута павярнуў да Дзвіны i пачаў дэманстраваць баязлівае адступленне на левабярэжжа. У шведскага военачальніка Мансфэльда, што яшчэ пад Кірхгольмам кіраваў часткай войскаў Карла IX, мабыць, радасна выбухнула сэрца — вось час расплаты за колішнюю паразу! Ён загадаў хутка збудаваць мост,пераправіў цераз раку частку сілаў і, не чакаючы падыходу рэшты, кінуў ix на "баязлівых ліцьвіноў". А гетману толькі гэта было i трэба. "Уцекачы" імгненна павярнуліся, кароткай контратакай захапілі мост i высеклі "ў пень" усіх, хто трапіў пад шаблю. Зараз, калі шведаў істотна паменела, можна было зноў ісці да Рыгі. Аднак Мансфэльд не стаў трэцім разам выпрабоўваць лёс i паспешліва адступіў ад горада. Ды ўсё ж зноў давялося яму спаткацца з Хадкевічам больш як праз год. Непаводдаль той жа Рыгі гетман завабіў ягонае войска пад свой лагер, а затым атакаваў з засады з тылу i разбіў.
Шмат было планаў у Яна Кароля Хадкевіча. Слаў шпегаў у Эстонію, рыхтаваўся да наступу на землі, якія былі ва ўладанні заморскай кароны яшчэ ад Жыгімонта Аўгуста. Хацеў скінуць праціўніка ў Фінскую затоку i канчаткова ачысціць ад яго Прыбалтыку. Але зноў тая ж праблема: нястача грошай. У неаплочаным войску скончылася апошняе цярпенне — хто вярнуўся ў Беларусь, а хто (такіх было найбольш) накіраваўся ваяваць у Маскоўшчыну. Хадкевічу не было чаго больш рабіць у Інфлянтах. Пакінуўшы дробныя залогі ў гарадах i замках, ён таксама вярнуўся на Бацькаўшчыну, змучаны фінансавым клопатам, спакутаваны хваробаю нырак, ад якой часам быў на мяжы смерці. Увесь 1610 год магнат правёў у сваіх уладаннях у Беларусі i Летуве, парадкаваў гаспадарку, клапаціўся пра ўмацаванне Ляхавіцкага замка i будаўніцтва царквы для мясцовых жыхароў. Вярнуўся ж вялікі гетман у Прыбалтыку ў наступным годзе, каб падпісаць мір. Час на гэта прыспеў — памёр Карл IX, дый сама шведская дзяржава была звязаная распачатай вайной з Даніяй. Але не да міру было Хадкевічу.
21
Брандэр (ад ням. Brand. — пажар) — судна, нагружанае выбуховымі i палкімі рэчывамі; выкарыстоўвалася даўней для падпальвання варожых караблёў.