Выбрать главу

Даведаўшыся, што грозны Хадкевіч пакінуў Маскву, другое апалчэнне, на гэты раз з Ніжняга Ноўгарада, рушыла на сталіцу i пры канцы жніўня пачало штурм Крамля. Яну Каролю ў такой сітуацыі давялося зноў ісці на Маскву. Аднак у горадзе ён сустрэў шматлікага i моцнага праціўніка, гатовага змагацца насмерць.

Яшчэ 1 верасня, толькі з'явіўшыся ў Маскве, гетман паспрабаваў прабіцца да Крамля. Ды мусіў адступіць з вялікімі стратамі. Праз два дні беларускае войска зноў пайшло на прарыў аблогі. Бой быў надзвычай зацяты. Ішла бязлітасная сеча, у якой на вузкіх гарадскіх вуліцах, на руінах спаленай забудовы Хадкевіч не мог ужыць сваёй галоўнай моцы — гусарыі. Некалькі гадзін узаемнага вынішчэння пераканалі гетмана ў безнадзейнасці спробаў мізэрнымі сіламі дамагчыся поспеху. Ды i залога Крамля не захацела дапамагчы беларусам вылазкай, каб не даваць Хадкевічу славы пераможца. Праз колькі дзён была яшчэ адиа спроба пераламаць сітуацыю на карысць вялікакняскіх сілаў, але зноў беспаспяховая.

Нарэшце кароль з невялікім войскам — на большае не было сродкаў — дасягнуў Смаленска, а затым рушыў на злучэнне з Хадкевічам. Аднак ісці з такімі малымі сіламі на сталіцу не было сэнсу. Тым больш што гарнізон Крамля па дзевятнаццаці тыднях абароны капітуляваў. Жыгімонт Ваза, страціўшы такім чынам апошняе спадзяванне авалодаць Маскоўская дзяржавай, павярнуў назад.

З адыходам караля Хадкевіч застаўся сам-насам з сіламі новага маскоўскага цара Міхаіла Раманава, які гарэў жаданнем вярнуць страчанае за гады "смуты". Асабліва цяжкая сітуацыя склалася ў 1615 годзе, калі ўзнікла сур'ёзная пагроза Смаленску. І вось тут прыдаўся знаёмы Хадкевічу яшчэ па Інфлянцкай вайне Аляксандр Лісоўскі.

Адышоўшы з такімі ж авантурнікамі, як i сам, да самазванцаў, Лісоўскі, узначаліўшы загоны лёгкай кавалерыі, стаў героем вайны на ўсходзе. Тысячы яго вершнікаў-лісоўчыкаў на хутканогіх конях, не абцяжараныя абозам, рабілі глыбокія рэйды па тылах праціўніка, наводзячы паніку i жах на маскоўцаў. За заслугі перад Рэчай Паспалітай Лісоўскаму былі дараваныя правіны ў Інфлянтах. Памірыўся са сваім колішнім падначаленым i Ян Хадкевіч. У той цяжкі 1615 год, каб адцягнуць хоць частку царскіх войскаў ад Смаленска, гетман выкарыстаў лісоўчыкаў. На ягоны загад палкоўнік Аляксандр Лісоўскі пайшоў на Севершчыну, а затым — Паволжа. У часе гэтага рэйду была разгромленая значная частка маскоўскага войска, захоплена шмат гарадоў, спустошаны вялікія тэрыторыі. Легендарныя беларускія вершнікі дасягнулі нават зледзянелых берагоў Белага мора.

У 1617 годзе на Маскву рушыла новае войска Рэчы Паспалітай. Гэтым разам па карону ішоў каралевіч Уладзіслаў, якога яшчэ ў 1610 годзе частка маскоўскага баярства абрала сваім царом. Ізноў на чале ўзброеных сілаў быў Ян Кароль Хадкевіч. Але, сустрэўшыся з арганізаваным i ўзмацнелым праціўнікам, паход спыніўся перад сталіцай. I нарэшце пасля беспаспяховага штурму горада ў канцы 1618 года было дасягнутае Дзявулінскае замірэнне.

Так скончылася гэтая вайна, што працягвалася фактычна блізу паўтара дзесятка гадоў. Паводле дамовы, Вялікае Княства вярнула бальшыню раней страчаных земляў — Смаленшчыну са Смаленскам, Дарагабужам i Рослаўлем, Браншчыну са Старадубам, а таксама поўнач нашага Падзвіння з Невелем i Себежам. Праўда, вярнула не надоўга — да сярэдзіны гэтага ж XVII стагоддзя.

Ян Кароль Хадкевіч вяртаўся з вайны стомлены i схварэлы. Гады на ўсходзе былі праведзеныя ў цяжкім змаганні, у якім былі перамогі i паразы. Але, як заўсёды бывае, найбольш вярэдзілі памяць i душу апошнія. А тутдадаліся i асабістыя трагедыі. Памёр ягоны адзіны нашчадак па мячы, улюбёны сын Гаранім. Не паспеў прыглухнуць боль ад гэтай непапраўнай страты, як неўзабаве пасля Дзявулінскага замірэння новы ўдар абрынуўся на старэлага ўжо гетмана — пайшла з Божага свету яго каханая Зося.