Выбрать главу

Самотнымі i халоднымі сталі для адзінокага ваяра сцены новага замка ў Ляхавічах. Але такія асобы, як Ян Кароль Хадкевіч, звычайна не належаць сабе. Яны павязаныя традыцыямі свайго роду, служэннем айчыне, дзяржаве. I магнат, які канчаў ужо па тым часе шосты дзесятак жыцця, зрабіў яшчэ адну спробу жыццёвага рэваншу. У лістападзе 1620 года ён ажаніўся з маладзейшай за сябе на саракоўку дваццацігадовай Ганнай з славутага роду Астрожскіх. Аднак не сталася старому гетману пацехі з новай сям'і. Не ўдалося яму падмацаваць адпачынкам знясіленае гадамі, паходамі, бітвамі, хваробамі цела. Бацькаўшчына зноў клікала сына на дапамогу. Цяжкія хмары вайны ўжо засланялі паўднёвы далягляд Рэчы Паспалітай, i адразу ж пасля вяселля Хадкевіч выехаў на сойм у Варшаву, дзе разглядалася пытанне супраціву Турэччыне.

ХАЦІНСКАЯ ВАЙНА

Пагоршанне стасункаў з Турэччынай * Збіранне сілаў * Каму кіраваць войскам? * Хацінскі лагер * Месяц цяжкіх баёў * Геройства нашых жаўнераў * Начныя вылазкі * Апошняя бочка пораху * Смерць i перамога

Паўднёвым суседам Рэчы Паспалітай была неспакойная Асманская імперыя, якая да пачатку стагоддзя безупыннымі войнамі пашырыла свае ўладанні на велізарныя прасторы паўночнай Афрыкі, Пярэдняй Азіі i паўднёва-усходняй Эўропы. Паўночныя межы яе ўладанняў падступілі пад Вену i Альбоў[22].

Трэба адзначыць, што стасункі паміж Турэччынай i нашай дзяржавай не былі асабліва драматычнымі. Стамбул больш цікавіла экспансія ў Цэнтральную Эўропу праз Падунаўе. Праўда, землі Украіны i нават паўднёва-ўсходняй Польшчы даволі часта цярпелі ад рабаўнічых нападаў турэцкіх леннікаў — крымскіх татараў. Але не заставаліся ў даўгу i запарожскія казакі. Спускаючыся на чоўнах па Дняпры ў Чорнае мора, яны не толькі вынішчалі крымскае ўзбярэжжа, але часам нават пагражалі прыгарадам сталіцы самой імперыі.

Аднак у часы панавання Жыгімонта Вазы дачыненні паміж Стамбулам i Варшавай значна пагоршыліся. Кароль Рэчы Паспалітай уступіў у альянс з манархамі Аўстрыі i Нямеччыны — Габсбургамі. A менавіта ix уладанні былі шчытом на шляху турэцкага наступу на хрысціянскую Эўропу. Значыць, хаўруснік Габсбургу аўтаматычна рабіўся турэцкім праціўнікам. Вузел канфрантацыі завязваўся ў памежнай Малдавіі, дзе ва ўсталяванні ўплываў супернічалі польска-ўкраінскія i турэцкія феадалы. Лакальныя сутычкі, ініцыятарам якіх фактычна сталася Рэч Паспалітая, неўзабаве перараслі ў сапраўдную вайну, што запатрабавала вялізных намаганняў з абодвух бакоў. Вайна атрымала найменне Хацінскай.

Восеньскі паход 1620 года польска-ўкраінскіх сілаў у Малдавію скончыўся поўным разгромам войска Кароны i смерцю ix гетмана.

Заахвочаны такой лёгкай перамогай, тагачасны малады i ганарлівы султан Асман II, не марудзячы, пачаў рыхтаваць паход на поўнач. Праз свайго пасла ён паведамляў Маскве, што хоча разграміць Польшчу i выйсці на берагі Балтыйскага мора. Задаволіў бы яго, мусіць, i захоп адной Украіны. Натуральным альянтам Турэччыны стала на той час Швецыя, якая зноў распачала ваенныя дзеянні ў Інфлянтах.

У чэрвені 1621 года вялізная турэцкая армія, якая, па сведчаннях сучаснікаў, з дапаможнымі сіламі i чарнаморскімі татарамі налічвала да 150 тысяч ваяроў, рушыла ў бок Малдавіі i Украіны.

Збірала сілы i Рэч Паспалітая. У бальшыню эўрапейскіх дзяржаваў накіраваліся паслы прасіць дапамогі, спрабаваць утварыць антытурэцкую хрысціянскую кааліцыю. Аднак без поспеху. На кантыненце ўсё яшчэ бушавала вялікая вайна паміж каталікамі i пратэстантамі. Таму рэальнымі былі спадзяванні толькі на свае сілы. Рэгіянальныя соймікі, а затым i Сойм вальны (усеагульны) ужо з верасня 1620 года, з часу паразы ў Малдавіі, заняліся падрыхтоўкай абароны краіны. Рабілі, як ніколі, энергічныя захады па збіранні грашовых сродкаў i мабілізацыі войска.

Востра паўстала пытанне аб военачальніку. У Польшчы тады не было асобы, здольнай кіраваць ваеннымі дзеяннямі. I тут выбар караля выпаў на выпрабаванага ў шматгадовых змаганнях са Швецыяй i Маскоўшчынай вопытнага палкаводца вялікага гетмана літоўскага Яна Кароля Хадкевіча. Выбар манарха быў падтрыманы бальшынёю ўплывовых феадалаў Рэчы Паспалітай.

Клопаты былі ўжо звыклыя. Падаткі на вайну паступалі са спазненнем. Адпаведна былі цяжкасці з найманнем войска. Не хапала коней, артылерыі, харчоў, медычнага забеспячэння. Некаторыя вайсковыя аддзелы, што ішлі ў бок Малдавіі, займаліся рабаўніцтвам на сваёй жа тэрыторыі.

вернуться

22

Даўнейшы беларускі назоў места Львова.