Тым часам разнамоўнае i разнавернае войска Хадкевіча задзіночвалася магутнай ідэяй абароны хрысціянства i эўрапейскай цывілізацыі ад мусульманскай навалы. У бальшыні складзенае з жыхароў Рэчы Паспалітай, яно бараніла сем'і, родны край, сваю дзяржаву.
Перад падыходам турэцкай арміі Ян Хадкевіч паспеў умацаваць свой хацінскі лагер. Размяшчэнне войска прыкрывалі даўжэзныя, на некалькі кіламетраў, валы i равы. Найважнейшыя ўчасткі мелі дадатковыя драўляна-земляныя ўмацаванні, з-за якіх можна было весці флянковы[25] агонь. Паўночная лінія абароны абапіралася на Хацінскі мураваны замак, які будавалі беларускія майстры яшчэ пры князі Вітаўце, на пачатку XV стагоддзя. Умацаванні ўжо былі састарэлыя, вежы i сцены не мелі байніц для гарматнага бою, аднак гэта быў надзейны заслон ад ядраў праціўніка. Побач знаходзілася i мураваная царква, таксама ператвораная ў моцны асяродак абароны. З усходу лагер засланяў хуткаплынны Днестр i яго скалісты высокі бераг. Зпаўднёвага боку знаходзіўся яр з перасохлым ручаём.
Паўночную i заходнюю частку пазіцыі заняло польскае (кароннае) войска. Паўднёвы кірунак, адкуль чакаўся асноўны турэцкі націск, павінны былі абараняць беларуска-летувіскія сілы, у тым ліку лісоўчыкі, а таксама ўкраінскія казакі.
Вялікі гетман як мог гартаваў баявы дух свайго войска. Пры адной з размоваў пра вялікую сілу туркаў ён ухапіўся быў за эфес шаблі i крыкнуў: "Гэта ix палічыць!" Даведаўшыся ж пра запал i апантанасць султана, трапна выславіўся па-беларуску: "Сярдзіты сабака — ваўкам страва".
2 верасня перадавыя турэцкія загоны з амаль стокіламетровай калоны падышлі пад Хацін i адразу ж пачалі атакаваць запарожцаў, якія яшчэ ўмацоўвалі свой лагер.
Ян Хадкевіч, разумеючы, што гэта толькі частка войска султана, пастанавіў ударыць па ёй усімі наяўнымі сіламі, каб знішчыць як мага болей праціўніка. Такім меўся быць першы ход у баталіі сівавалосага беларускага ваяра. Палкаводзец вывеў свае загоны за ўмацаванні i пачаў натхняць да бітвы: "Зваліцеся на гэтых агіднікаў, змятайце ix ацяжэлыя турбанамі галовы зручным пакосам шабляў. Вось Днестр ззаду непраходны, а вось наўкол залева турэцкіх i татарскіх сціжмаў. Няма ніякай спадзеўкі на ўцёкі — тут нам біцца i перамагчы альбо згінуць нам кажа неабходнасць!"
Аднак султан, які чуў пра незвычайную моц конніцы Хадкевіча, не прыняў адкрытай бітвы. Нашае войска сустрэў артылерыйскі абстрэл. Адначасова туркі скіравалі ўдар на запарожцаў. Нягледзячы на вялікія страты ад агню казацкіх рушніцаў, янычарская пяхота прабілася да самай лініі вазоў i на ix закіпела сеча. Тады гетман паслаў на дапамогу запарожцам нямецкую ды польскую пяхоту, якая адкрыла флянковы агонь. Распачала абстрэл i беларуская артылерыя. Парадзелыя янычарскія шэрагі захісталіся, i казакі, падтрыманыя вершнікамі суседніх харугваў, кінуліся ў контратаку. Туркі пачалі адступаць, i толькі моцны агонь з гарматаў прыпыніў наступ войска паўднёвай групоўкі Хадкевіча.
Ужо першы дзень бітвы быў адзначаны многімі ахвярамі: некалькі сотняў забітых i параненых туркаў, да трыццаці ваяроў страцілі ўкраінцы i беларусы.
Назаўтра, з'імітаваўшы атаку на царкву-мураванку, туркі зноў пачалі артылерыйскі абстрэл i штурм казацкага табара. Аднак запарожцы рукапашнымі контратакам} паспяхова адбівалі націск. Пры гэтым нават здабылі некалькі варожых гарматаў.
Па-сапраўднаму сітуацыя стала сур'ёзнай 4 верасня, калі падышла бальшыня турэцкіх сілаў. Зранку зноў пачалася атака на царкву, але потым уся агнявая моц скіравалася на казацкі табар. Адразу ж па абстрэле лавіна пяхоты з аглушальным рыкам кінулася на штурм. Казакі, якія ў адчайнай храбрасці не саступалі янычарам i перавышалі ix славянскай упартасцю, сустрэлі праціўніка перад вазамі зацятым рукапашным боем.
У крытычны момант, калі значна большыя турэцкія сілы прарваліся да лініі абароны, а некаторыя галаварэзы ўжо біліся ў самым абозе, Хадкевіч кінуў на дапамогу беларускую пяхоту i частку конніцы. Туркі, заслаўшы поле трупамі, адступілі. Аднак султан замест стомленых боем i парадзелых загонаў, не зважаючы на страты, пасылаў на штурм пазіцыі казакоў усё новыя сціжмы. I так працягвалася амаль увесь дзень. Але пад вечар казацкая конніца i пяхота ў шалёнай контратацы адкінулі туркаў, захапілі частку ix гарматаў i нават прарваліся ў лагер праціўніка.