На высокім беразе рэчкі Мышанкі стаяў замак-палац, абваколены чатырохкутнікам рова. Сёння гэта ўтравелыя земляныя ўмацаванні, што ўражваюць сваёй магутнасцю, кавалкі старасвецкай цэглы ды кусты шыпшыны, а можа i здзічэлых ружаў, калісьці пасаджаных руплівасцю якой-небудзь Хадкевічанкі.
Напэўна, малы Ян, забаўляючыся ў вечныя хлапчукоўскія гульні — у вайну, уздзіраўся па стромкіх схілах замчышча, штурмаваў з аднагодкамі роў, перабіраўся праз плынь Мышанкі. A ў цемнаватых пакоях палаца яго вабіла старадаўняя зброя на сценах, гербавыя выявы, алейныя партрэты барадатых продкаўз пільнымі вачмі. У гэтых сценах i адбывалася першая адукацыя хлопца, знаёмства з слаўнай гісторыяй роду Хадкевічаў, роднага Краю, выхоўваліся шляхоцкі гонар i самапавага. Пра што ж мог даведацца Ян ад маці, бацькі, крэўных i выхавальнікаў?
Наша дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае, Рускае i Жамойцкае, або проста Літва, — тым часам была яшчэ цалкам незалежная. Пад Літвой у вузкім значэнні слова разумелася тады цэнтральная i заходняя Беларусь улучна з Віленшчынай. Руссю была Беларусь усходняя i Украіна. Жамойцяй называўся захад цяперашняй Летувы. У шматэтнічным i разнаверным гаспадарстве адбываліся складаныя працэсы самаўсведамлення насельніцтва, на што істотна ўплывала веравызнанне. Беларус-каталік лічыў сябе ліцьвінам, праваслаўны — пераважна руссю, русінам. Полацка-Віцебскі край ды Смаленшчына мелі найменне Белая Русь — Беларусь. Таму i тутэйшыя жыхары нярэдка называлі сябе беларусамі або, каб падкрэсліць i дзяржаўную прыналежнасць, ліцьвінамі-беларусамі. З часам усё больш пачаў распаўсюджвацца саманазоў беларусаў — ліцьвіны. Яшчэ i сёння расейскія стараверы Браншчыны называюць мясцовых жыхароў ліцьвінамі. Ліцьвінамі лічылі сябе старэйшыя людзі на Меншчыне яшчэ ў пачатку XX стагоддзя.
Нарадзіўся Ян пры жыцці вялікага князя Жыгімонта Аўгуста — апошняга прадстаўніка калісьці слаўнай на ўсю Эўропу дынастыі Ягайлавічаў. Нарадзіўся ў цяжкі для краю час, калі распачыналася крывавая вайна з маскоўскім царом Іванам Жахлівым, калі на Беларусі яшчэ квітнела ідэя царкоўнай рэфармацыі, якая магла зрабіць аднаверным нашае грамадства, ліквідаваць духоўны разрыў паміж сялянска-гарадскім насельніцтвам i феадаламі, паміж у значнай ступені каталіцкім Панямоннем i праваслаўным Падняпроўем.
Яму было дзевяць гадоў, калі адбылася вызначальная ў гісторыі народаў Цэнтральнай Эўропы падзея — Люблінская вунія. У выніку яе з'явілася Рэч Паспалітая[1], новае палітычнае ўтварэнне, што аб'ядноўвала на канфедэратыўных асновах дзве дзяржавы — Вялікае Княства i Карону (Каралеўства Польшчу, да якой адыходзіла Украіна i Падляшша). Да дзіцячага вуха гэта даходзіла ад старэйшых — колькі з тым было звязана размоў, спрэчак, абурэнняў i спадзяванняў. У сталым узросце вунія зробіць яго адданым грамадзянінам не толькі роднай Беларусі, але i Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.
Хадкевічы паходзілі з спрадвеку праслаўнага старажытнага баярскага роду. Яго заснавальнікам быў Ходка Юр'евіч, які ў пісьмовых крыніцах прыгадваецца пад 1431 годам. Паводле царкоўнаславянскага напісання імя павінна было б быць Фёдар. Але такое ўжо беларускае вымаўленне, што яно рознымі спосабамі мінае "Ф". Таму сына Юрыя звалі Ходка, Хводка ці нават Хведка. Дый пазней Хадкевічаў часам пісалі — Хадковічы, Хвадковічы або Хвядкевічы.
Сын родапачынальніка Іван Ходкавіч (Хадковіч) пакінуў у нашай гісторыі больш справаў — удзел на чале загону беларускага рыцарства ў вайне з крыжакамі, выкрыццё змовы супраць вялікакняскай улады. Заслугі былі адпаведна ацэненыя — Іван узняўся ажно да пасады кіеўскага ваяводы. Праўда, ваяводства скончылася трагічна — пры нападзе ў 1482 годзе на Кіеў крымскіх татараў ён разам з сям'ёю трапіў у палон, дзе і памёр. Вялікі князь Казімір выкупіў сям'ю Івана Хадковіча з татарскай няволі, а над лёсам яго адзінага сына Аляксандра заапекаваўся асабіста.
Прадзед Яна Кароля Аляксандр Хадковіч (Хадкевіч) яшчэ больш умацаваў свой род. Ен стаў маршалкам гаспадарскім i атрымаў у валоданне шматлікія землі, быў на розных вышэйшых пасадах, сярод якіх — ваявода наваградскі. Ажаніўся ён таксама, па прыкладзе бацькі, з прадстаўніцай знатнага роду, ад якой меў трох сыноў i дзве дачкі. Усё гэта прыносіла прыбытак, узвышала годнасць, давала магчымасць яшчэ вышэй уздымацца па сацыяльнай лесвіцы i заняць месца ў коле буйных кіраўнічых феадалаў Вялікага Княства — сярод Паноў-Рады. Ён да тага ж вызначаўся моцным здароўем i памёр у Мафусаілавым узросце — на 92-м годзе жыцця.