Выбрать главу

ПАСЛЯСЛОЎЕ

14 кастрычніка ў катэдры Камянца-Падольскага, куды першапачаткова адышло нашае войска, было ўрачыста пахавана цела Яна Кароля Хадкевіча. Але гэтае месца не сталася яго апошнім прытулкам. Праз некалькі тыдняў маладая ўдава перавезла труну з нябожчыкам у сваё родавае гняздо — у Астрог на Валыні. Аднак з прычыны ўзніклых спрэчак за цела, а найболыл, мабыць, за маёмасць гетман быў зноў пахаваны толькі наступнай восенню, амаль праз год, у фарным мясцовым касцёле. У часе паўстання Багдана Хмяльніцкага парэшткі нябожчыка вывозілісяў Польшчу, а пасля замірэння на Украіне былі вернутыя назад. У 1722 годзе езуіты перанеслі пахаванне ў новы касцёл у тым жа Астрогу. Аднак у XIX стагоддзі касцёл згарэў i быў зруйнаваны. Зніклі i сляды магілы вялікага палкаводца.

Славу Ян Хадкевіч спазнаў напоўніцу яшчэ пры жыцці. Ён дасягнуў усіх магчымых становішчаў у кіраўнічай герархіі дзяржавы — стараста жамойцкі, віленскі ваявода, палявы, а затым вялікі гетман літоўскі, урэшце, галоўны начальнік усіх войскаў Рэчы Паспалітай, радца Вялікай Рады Княства i сенатар Рэчы Паспалітай. Кароль абдорваў свайго палкаводца ўшанаваннямі i годнасцямі, а таксама шматлікімі зямельнымі ўладаннямі. Дзівіліся поспехам ваяра валадары блізкіх i далёкіх краёў. Мастакі малявалі яго партрэты, карціны з выявамі пераможных бітваў. Праслаўлялі Яна Хадкевіча каталіцкі дзяяч i прамоўца Пётра Скарга i лацінамоўны паэт Мацей Сарбеўскі. Перамозе ў Хацінскай вайне прысвяціў паэму "Асман" харвацкі паэт пачатку XVI I стагоддзя Іван Гундуліч.

Не знайшло супачыну на чужыне цела Яна Кароля Хадкевіча. Блукае па чужых краях i ягоная слава, а на роднай Беларусі ніяк не прызнаюцца да свайго сына. Грэх ён меў вялікі перад савецка-камуністычнымі ідэолагамі — не валодаў пралетарска-сялянскай свядомасцю, бо разграміў паўстанне казакоў i беднаты. Сувораву за Пугачова прабачылі, a Хадкевічу за Налівайку — не.

Нават у першай палове 90-х гадоў, калі ціск абэцэдаршчыны на нашых гісторыкаў часова быў паслабеў, яны па звычцы міналі асобу Яна Хадкевіча. Як міналі i перамогі беларускага войска на палях Інфлянтаў, у вайне з Маскоўшчынай пачатку XVII стагоддзя, у бітве пад Хацінам — гэтыя зусім яшчэ не адгорнутыя старонкі нашае мінуўшчыны.

ДАДАТАК

Герб Яна Кароля Хадкевіча. Складаўся з дзвюх гербавых выяваў — спрадвечнага родавага герба Хадкевічаў “Касцеша” і нададзенага ягонаму дзеду германскім імператарам Карлам V герба “Грыф з мечам”. Гербам “Касцеша” карысталася больш за дзвесце шляхоцкіх родаў Рэчы Паспалітай, у тым ліку ў Беларусі — Верашчакі, Жабы, Пілсудскія, Статкевічы ды інш.

Кніга пісьменніка і храніста Марціна Бельскага па вайсковай справе (Кракаў, 1569). Ян Хадкевіч знаёміўся з тэорыяй вайсковага майстэрства па працах тагачасных гісторыкаў і выдатных военачальнікаў

Тытульны аркуш “Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага” — збору нормаў, што рэгулявалі дзейнасць найвышэйшага апеляцыйнага суда дзяржавы. Быў у бібліятэцы кожнага беларускага магната

Ляхавіцкі замак. Рэканструкцыя паводле гравюры XVII стагоддзя. Замак быў вялікакняскім уладаннем і даваўся “ў дзяржанне” за службу краю розным магнатам. Ад 1572 да 1621 года ім валодалі Хадкевічы, якія яго разбудоўвалі і мацавалі. Ён лічыўся наймагутнейшай цвердзяй бастыённага тыпу ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Да нашых дзён захаваліся толькі земляныя ўмацаванні, падмуркі ды некаторыя лёхі

Ахоўная зброя гусара першай паловы XVII стагоддзя. У часы Сцяпана Батуры і ў першыя гады панавання Жыгімонта Вазы нашыя гусары былі пераўтвораныя на вугорскі лад у цяжкаўзброеную кавалерыю. Мелі яны металічныя паўпанцыры, шаблі, канчары і доўгія коп’і. Да паўпанцыраў мацаваліся вялікія апераныя крылы для псіхалагічнага ўздзеяння на атакаванага праціўніка

Бітва пад Кірхгольмам 27 верасня 1605 года. Рота беларускіх вершнікаў з музыкантамі на правым крыле і гетманам з тылу пачынае атаку. Фрагмент карціны XVII стагоддзя з замка Саснаж (Sassenage) у Францыі. Гэты твор сярод шэрагу іншых тагачасных выяваў бітвы найбольш рэалістычна перадае яе дынаміку і рэаліі