Па смерці Аляксандра сыны падзялілі яго разлеглыя ўладанні, паклаўшы пачатак тром галінам роду — быхаўскай, бераставіцкай i супраслеўскай.
Выдатна праявіла сябе бераставіцкая галіна Хадкевічаў. Яе прадстаўнік Рыгор Гаранімавіч быў адным з наймагутнейшых магнатаў Беларусі. Гэта ён спрыяў прадаўжэнню справы Скарыны, збудаваўшы ў Заблудаве[2] каля Беластока друкарню, дзе працавалі нашы слынныя кнігавыдаўцы Іван Федаровіч (Фёдараў) i Пётра Мсціславец. Ён жа разам з Мікалаем Радзівілам у 1564 годзе разграміў на Буле маскоўскае войска. Але зорка бераставіцкіх Хадкевічаў, ярка асвятліўшы ладную дзялянку беларускай мінуўшчыны, i згасла на Рыгору. Абодва яго сыны памерлі ў маладосці, не пакінуўшы нашчадкаў.
Гаранім Хадкевіч, пачынальнік быхаўскага адгалінавання роду, быў дзедам Яна. Яго жыццё i дзейнасць (памёр у 1561 годзе) прыпалі на час пашырэння i росквіту ў Беларусі пратэстанцтва, пераважна кальвінізму. Эўропе, якая тым часам усё больш уцягвалася ў таварна-грашовыя дачыненні, запатрабавалася зрэфармаваная, простая i танная царква, якая б асвячала не сляпую феадальную наканаванасць паходжання, а асабісты поспех актыўнага i прадпрымальнага чалавека. У Беларусь таксама траплялі рэфарматарскія ідэі пратэстанцтва, прынесеныя пераважна мясцовымі навучэнцамі эўрапейскіх універсітэтаў. Аднак паколькі краіна не дацягвала ў гаспадарчым развіцці да Заходняй Эўропы, то тутэйшую рэфармацыю ўзначалілі не месцічы, a свецкія феадалы, што імкнуліся прысабечыць касцельныя ўладанні. Наш рэфармацыйны рух ачоліў вядомы палітык i магнат Мікалай Радзівіл Чорны. Перайшоў з праваслаўя ў кальвінізм i Гаранім Хадкевіч.
Аднолькавае веравызнанне не перашкаджала Гараніму весці з Радзівіламі жорсткую барацьбу за ўплыў у Вялікім Княстве. Спрэчкі зайшлі так далека, што сталі пагражаць палітычнаму становішчу ў дзяржаве. Хадкевічы, імкнучыся ў гэтай барацьбе абаперціся на караля i польскае (кароннае) магнацтва, былі за шчыльнейшае аб'яднанне з Польшчай у процівагу Радзівілам — перакананым незалежнікам. Прыхільнасць Гараніма ішла яшчэ далей — на імператарскі германскі двор. Карл V ацаніў прагабсбургскую пазіцыю магната з далёкай Беларусі i надаў яму графскі тытул i новы герб "Грыф з мячом", які стаў дадаткам да ранейшага герба "Касцеша".
Гаранім меў шэсць дачок i адзінага сына Яна. Гэта ўжо быў будучы банька Яна Кароля.
Ян Гаранімавіч вучыўся ва ўніверсітэтах Караляўца[3] i Ляйпцыга, авалодваў вайсковым майстэрствам пры двары Карла V. Калі ж пачалася вайна з Іванам Жахлівым за землі колішняга Лівонскага ордэна — Лівонію (сёння — Латвія i Эстонія), вызначыўся як военачальнік i здольны дыпламат. Яму ўдалося схіліць нямецкіх феадалаў Латвіі і Эстоніі да ўваходу ў склад нашай дзяржавы з захаваннем самакіравання. За заслугі перад Айчынай Ян Гаранімавіч займаў важныя дзяржаўныя пасады, што давала права засядаць у Радзе Вялікага Княства. A ў 1566 годзе ён стаў адміністратарам Інфлянтаў (правабярэжнай Латвіі i паўднёвай Эстоніі), гэта значыць намеснікам вялікага князя на гэтых тэрыторыях. Сваё знаходжанне ў Прыбалтыцы Хадкевіч зноў выкарыстаў на карысць бацькаўшчыне i дамогся яшчэ большага прыяднання Інфлянтаў да Вялікага Княства Літоўскага. У выніку наша дзяржава зноў вяртала сабе выхад у Балтыйскае мора, адабраны ў пачатку XIII стагоддзя нямецкімі рыцарамі-мечаносцамі.
Ян Гаранімавіч, як i бальшыня Хадкевічаў, выступаў за збліжэнне з Польшчай. Аднак, калі выявіліся намеры польскага магнацтва прыдбаць Украіну i Падляшша i цалкам прывязаць да сябе Беларусь, ён разам з Радзівіламі ды іншымі беларускімі патрыётамі энергічна запратэставаў. Але ў 1569 годзе перад краінай паўстала альтэрнатыва — пайсці на шчыльнейшы палітычны хаўрус з Польшчай або быць цалкам захопленай крывавым усходнім царом.
Кальвініст па бацьку, Ян Гаранімавіч ужо ў сталым веку пакінуў пратэстанцтва, але не вярнуўся ў веру продкаў, a перайшоў, як i пераважная бальшыня беларускіх феадалаў, у панавальную веру — каталіцтва. Гэта быў звыклы на той час шлях: праваслаўны — кальвініст — каталік. Такім чынам,уБеларусі пратэстантызм не стаўся сродкам нацыянальнай кансалідацыі, як, напрыклад, у прыбалтыйскіх краінах, а фактычна траянскім канём для акаталічвання, ä ў гістарычнай перспектыве i паланізацыі значнай часткі нашага народу, асабліва арыстакратыі.
Палітычная i ваенная кар'ера Яна Гаранімавіча пад канец 70-х гадоў паблякла. Па смерці апошняга Ягайлавіча, выкарыстаўшы часовае паслабленне цэнтральнай улады, вялізнае маскоўскае войска ў 1577 годзе зламала супраціў нешматлікіх беларускіх сілаў i захапіла на нейкі час Прыбалтыку ажно да Дзвіны. На поўначы ж Эстоніі замацавалася Швецыя. Сталася нагода абвінаваціць Хадкевіча, што ён у выніку палітычных змаганняў на бацькаўшчыне, асабліва з Радзівіламі, дапусціў аслабленне пазіцыі Вільні на Ніжнім Падзвінні. Пакрыўджаны i маральна прыгнечаны колішні адміністратар Інфлянтаў адышоў ад грамадскага жыцця.