Выбрать главу

А тым часам падрастаў малы Ян Кароль.

У шляхоцкіх i асабліва магнацкіх сем'ях асноўны клопат пра выхаванне дзяцей клаўся на плечы маці. Бацька ж быў вечна заняты то войнамі, то палітыкай, то гаспадарчымі справамі. Тым больш не былі выключэннем Хадкевічы.

Пачатковай адукацыяй хлопца займаліся хатнія настаўнікі i выхавальнікі. Ян, як i яго старэйшыя браты Гаранім i Аляксандр, павінны быў змалку ведаць беларускую, на той час дзяржаўную, мову. Пасля смерці дзеда Гараніма, пры якім у палацы Хадкевічаў панавала беларушчына, пад уплывам Янавай маці-полькі ў сям'і часцей пачынала ўжывацца польская мова. Ёю Ян авалодаў таксама дасканала, пра што сведчыць перапіска з пазнейшых гадоў i асабліва лісты да жонкі. Беларускую ж ён памятаў да скону, любіў у свае прамовы ўстаўляць трапныя выслоўі з роднай мовы.

Памяць продкаў, знаёмства з багатай беларускай гісторыяй, уплыў бацькі i асабліва стрыечнага дзеда Рыгора выхавалі ў хлопца глыбокую любоў да Радзімы.

Жыццё Яна Кароля Хадкевіча прайшлоў няпросты час, калі Вялікае Княства адстойвала сваю незалежнасць, супраціўляючыся спробам польскага магнацтва падпарадкаваць сабе нашу дзяржаву. Таму ў Яна Кароля найперш выхоўваўся ліцьвінскі (беларускі) патрыятызм. Ён акрэслена i недвухсэнсоўна адмяжоўваў сябе ад палякаў, лічачы магнатаў Кароны нядобразычліўцамі Вялікага Княства, якія толькі i імкнуцца, каб аслабіць нутраное адзінства ягонага краю. Аднак існаванне Рэчы Паспалітай давала беларускаму грамадству i некаторыя спадзяванні на лепшую будучыню, на абарону ўсходніх рубяжоў краю, адкуль часта i густа патыхаў сіберны вецер "маскаль" i прыходзілі варожыя войскі. Паступова пачынаў фармавацца акрамя "ліцьвінскага" i агульнадзяржаўны "рэчпаспалітны" патрыятызм, як гэта затым яскрава праявілася ў Касцюшкі або Адама Міцкевіча.

Хатняе навучанне Яна Кароля ўлучала чытанне i пісанне, арытметыку, гісторыю, верхавую язду, валоданне шабляй i рапірай, стральбу з лука i ручной агняпальнай зброі. Шмат часу аддавалася малітвам, удзелу ў касцельных набажэнствах. Пра апошняе асабліва рупіўся выхавальнік езуіт.

З ранняга дзяцінства ўжо праявіліся галоўныя рысы характару Яна Кароля Хадкевіча, яго здольнасці i памкненні, якія затым дазволілі яму стаць выдатнай гістарычнай асобай, а часам i шкодзілі ў жыцці. Ён з маленства вылучаўся вострым розумам, імкненнем да ведаў, замілаваннем да вайсковай справы, упартасцю i самаадданасцю ў дасягненні пастаўленых мэтаў. Неўтаймаваная натура часам прарывалася выбухамі шалёнага гневу, а высокая шляхоцкая годнасць перарастала ў магнацкую пыху.

АРОЛ РАСПРОСТВАЕ КРЫЛЫ

Віленскія навукі * У эўрапейскіх універсітэтах * На пасадзе — новы манарх * Вяртанне на радзіму Жаніцьба * Змаганне з казакамі Налівайкі * Паходы ў Падунаўе

У 1573 годзе Ян i яго брат Аляксандр выпраўляюцца вучыцца ў Вільню ў езуіцкі калегіум. Сталічная Вільня, улюбёная колішнімі Ягайлавічамі, была шматлюднай i разбудаванай. За гарадскімі вежамі i сценамі мясціліся касцёлы i цэрквы, палацы магнатаў i мураванкі купцоў i заможных рамеснікаў. У прадмесцях да схілаў узгоркаў ляпіліся драўляныя дамкі бяднейшых жыхароў. А над усім велічна ўзвышаўся замак Гедзіміна.

Вільня была палітычным, гаспадарчым i культурным асяродкам Беларусі. Таму менавіта тут аселі ў 1570 годзе манахі ордэна езуітаў, што ставілі сваёй мэтай барацьбу з рэфармацыяй у імя аднаўлення непадзельнага панавання артадаксальнага каталіцызму. Важнае значэнне ў пашырэнні сваіх ідэяў яны надавалі навучанню дзяцей i моладзі, асабліва з сем'яў магнатаў i буйной шляхты, слушна мяркуючы, што "чыя ўлада — таго i вера". Таму адразу ж па з'яўленні ў горадзе манахі адчынілі Калегіум, які праз 8 гадоў вялікі князь i кароль Сцяпан Батура ператварыў у Акадэмію.

Віленская вышэйшая школа, забяспечаная здольнымі выкладчыкамі, адзіная такога роўню ў краіне, карысталася папулярнасцю. Сюды ахвотна аддавалі сваіх дзяцей не толькі каталікі, але й пратэстанты i нават праваслаўныя.

Юнак Хадкевіч старанна вывучаў у Калегіуме лацінскую мову, з якой магчыма было даць сабе рады ў кожным каталіцкім краі Эўропы. Атрымаў ён тут таксама веды па матэматыцы, красамоўстве, логіцы, гісторыі Грэцыі i Рыма, а таксама па геаграфіі. Езуітам абыходзіла найперш выхаваць не свядомых грамадзян дзяржавы, a паслядоўных прыхільнікаў касцёла. Таму вучняў не вучылі ні беларушчыне, ні польшчыне, нават цалкам міналася мясцовая гісторыя i заканадаўства Вялікага Княства. З артыкуламі Статута Вялікага Княства Літоўскага ў будучым самастойным жыцці выпускнікі Калегіума (і Акадэміі таксама) павінны былі знаёміцца самастойна.