Соф'я прынесла з сабой i пасаг — Цімкавічы i навакольныя землі на Капыльшчыне. Мястэчка стала ўлюбёнай мясцінай для Яна Хадкевіча, дзе ён стараўся праводзіць вольны ад вайсковых клопатаў час.
Неўзабаве сталася нагода маладому арлу паспрабаваць свае крылы на полі бітвы. Праўда, праціўнік быў не чужаземны, а свой, "паспольскі".
У 1594 годзе на Украіне бяднейшае казацтва, сярод якога было шматуцёклых ад панскага прыгнёту беларускіх сялян, падняло паўстанне. Узначаліў яго Севярын Налівайка. Паўстанцы пад націскам каралеўскіх сілаў i верных Рэчы Паспалітай казакоў адышлі на беларускае Падняпроўе. Тут, абапіраючыся на падтрымку прыгоннага сялянства i гарадской беднаты, яны атрымалі пэўныя поспехі, захапілі Магілеў i шэраг іншых гарадоў. Беларуска-ўкраінскае магнацтва i шляхта дружна сталі на абарону сваіх уладанняў. Да ix далучыўся i Ян Хадкевіч, тым больш што паўстанне ахапіла таксама землі, што належалі ўкраінскім князям Вішнявецкім, з якімі ён быў спароднены праз стрыечнага брата i сястру. Кіруючы ротай вершнікаў (каля 100 шабляў), малады Хадкевіч атрымаў першае баявое хрышчэнне ў баях з выпрабаванымі ваякамі — казакамі. Свае здольнасці i адвагу ён праявіў i пры ўзяцці Канева i пры аблозе табару Налівайкі пад Лубнамі. Мабыць, ва ўзнагароду за ўдзел у задушэнні казацкага паўстання Ян Хадкевіч атрымаў пасаду падчашага Вялікага Княства, a ў 1599 годзе ён быў прызначаны i старастам Жамойці, што раўнялася пасадзе ваяводы i давала месца ў найвышэйшым кіраўнічым органе Рэчы Паспалітай — Сенаце.
У 1599 годзе Хадкевіч з уласным загонам вершнікаў накіраваўся ў Сяміграддзе[5]. Праз год з братам Аляксандрам ён зноў апынуўся на поўдні, на гэты раз у Малдавіі i Валахіі[6]. Гэта былі землі, дзе сутыкаліся інтарэсы Аўстрыі, Турэччыны i польска-ўкраінскіх феадалаў. Сюды, на гора мясцоваму жыхарству, ішлі ix войскі, каб падтрымаць чарговага прыхільнага сабе князя. Як сведчаць сучаснікі, Хадкевіч у паходзе вы значыўся вялікай мужнасцю i адвагай. Праўда, поспех быў часовы, бо неўзабаве туркі выгналі стаўленіка Рэчы Паспалітай. Аднак Яну Каролю быў пажытак нетолькі ў тым, што гартаваўся ваярскі вопыт. За кампанію ў Валахіі ён стаў палявым (польным) гетманам — кіраўніком войска i атрымаў адпаведную булаву. Менавіта з гэтага часу ён стаў прафесійным вайскоўцам. Вайна зрабілася часткай ягонага жыцця, адпускаючы толькі ў рэдкія часы зацішша. Нават апошні яго зямны дзень прайшоў пад гарматную кананаду. Але гэта настане праз доўгія два дзесяцігоддзі. Цяпер жа беларускага ваяра клікала на свае палі Прыбалтыка, дзе ўжо чулася гарачае дыханне старадаўняга бога грому i вайны Пяруна.
НА IНФЛЯНЦКАЙ ВАЙНЕ
Пачатак ваенных дзеянняў * Супярэчкі з Радзвілам Пяруном * Палітычныя захады Яна Хадкевіча * Першыя перамогі * Хто такія гетманы? * Крылатыя вершнікі * Узбраенне i вайсковая тактыка
У 1594 годзе пасля смерці бацькі Жыгімонт Ваза стаў i шведскім каралём. Такім чынам узнікала персанальная вунія паміж Швецыяй i Рэчай Паспалітай, што магло рэальна аб'яднаць сілы дзвюх прыморскіх дзяржаваў у супрацьстаянні Маскоўшчыне, якая вельмі ж энергічна, асабліва ранейшымі гадамі Івана Жахлівага, "прасякала акно" ў Эўропу кірункам на Прыбалтыку. Аднак каталік Жыгімонт, абапіраючыся ўсё на тых жа езуітаў, актыўна пачаў фаварызаваць сваю веру i ў пратэстанцкай бацькавай вотчыне. Гэта выклікала супраціў амаль усяго мясцовага грамадства — феадалаў, месцічаў i сялянства. Малады Ваза быў адхілены ад улады, якая перайшла да яго дзядзькі пратэстанта Карла Судэрманскага.
Цяпер Жыгімонт Ваза мог вярнуцца ў Стакгольм толькі сілай зброі. Аднак ні магнацтва, ні шляхта Рэчы Паспалітай не хацела ваяваць з заморскай суседкай, справядліва мяркуючы, што спрэчкі за шведскую карону — сямейная справа роду Вазаў.
I тут Жыгімонт, якога Бог не абдзяліў хітрасцю, пайшоў на правакацыю. У 1600 годзе ён абвясціў перадачу ва ўладанне Рэчы Паспалітай Эстоніі, якая фактычна яму не належала, i загадаў нешматлікаму вялікакняскаму войску атакаваць шведаў у тамтэйшых гарадах. Тыя зараз жа перайшлі ў контрнаступ, адкінулі беларускія загоны i неўзабаве, маючы лепшую армію, прасунуліся да Дзвіны. Увосень войскі Карла Судэрманскага ўжо стаялі пад сценамі самой Рыгі.
Страта нядаўна набытых у Прыбалтыцы зямельных уладанняў вымусіла феадалаў Рэчы Паспалітай прыхінуцца на бок свайго караля. У студзені 1601 года яе парламент — Сой м абвясціў Швецы i вайну. Але, пакуль збіралася кароннае(польска-ўкраінскае) войска на далёкі паход, асноўны цяжар супраціву лёг на даволі сціплыя ўзброеныя сілы Вялікага Княства, кіраваныя вялікім літоўскім гетманам Крыштопам Радзівілам, празваным за свае перамогі Пяруном.
5
Сяміграддзе, або Трансільванія, — гістарычны абшар на паўночным захадзе сучаснай Румыніі.