Улетку 1604 года Хадкевіч з войскам, папоўненым новымі харугвамі, аплочанымі пад заклад уласных маёнткаў у Летуве, ад Рыгі зноў вырушыў на поўнач. Трэба было спяшацца ўмацаваць залогу[8] Белага Каменя[9] — горада ў самым цэнтры Эстоніі. Пад тым Каменем на пачатку верасня Ян Кароль разграміў толькі што прысланы з-за мора шведскі корпус. Такі ж лёс затым напаткаў i іншую фармацыю праціўніка. Пасля апошняй бітвы палкаводзец паведамляў каралю: "25 верасня пачалася бітва. Лягло шведаў на пляцы больш як 3000, рэшта i шмат параненых у балотах згінулі; гарматак палявых 6, сцягоў 21 мне аддадзена, 5 рыцарствам параздзірана... Нашых забіта 81, параненых блізу 100". Пэўна, як такое звыкла здаралася ў падобных рэляцыях, страты праціўніка маглі быць завышаныя. Аднак перамога была несумненна значная.
Ды зноў жа адсутнасць сродкаў прыпыніла далейшыя дзеянні. А пры канцы года, калі надышлі асабліва халодныя i галодныя часы, некалькі гусарскіх харугваў адмовіліся падпарадкавацца военачальніку. Узбунтаваныя часціны, узначаленыя Аляксандрам Лісоўскім, пайшлі пад сцягі Змітра Самазванца паспытаць шчасця на маскоўскай зямлі. Раз'юшаны Хадкевіч запатрабаваў у канцлера Вялікага Княства Лева Сапегі суровага пакарання бунтаўніка. I, напэўна ж, не думаў, што шмат пазней давядзецца яму зноў сустрэцца з Лісоўскім на палях Маскоўшчыны.
Пры ўсім катастрафічным стане войска ў Інфлянтах дапамогі з Рэчы Паспалітай так i не было. Адзінае суцяшэнне — Сойм перадаў Хадкевічу булаву вялікага гетмана (1605 год), што засталася пасля нядаўна памерлага Крыштопа Радзівіла.
Што гэта за пасада была такая ў нашай дзяржаве — гетман?
У раннім Сярэднявеччы ў часе войнаў i бітваў войскам кіраваў сам князь або прызначаны ім ваявода — той, хто "вояў вядзе". Пры канцы XV стагоддзя пад уплывам польскай традыцыі ваяводаў усё часцей пачалі называць гетманамі[10]. Спачатку вялікі князь прызначаў гетмана часова — для арганізацыі абароны пэўнай часткі краю або кіравання вайсковымі аперацыямі на канкрэтным кірунку. Канчаткова пасада гетмана ў нашай дзяржаве была зацверджаная Аляксандрам Ягайлавічам на пераломе XV i XVI стагоддзяў пад час зацятых войнаў з Масквой. Пры гэтым напачатку існавала толькі пасада найвышэйшага (вялікага) гетмана, які, паводле сучасных уяўленняў, быў міністрам вайсковых справаў. Пазней пачаў прызначацца палявы гетман, які быў непасрэдным военачальнікам на пабаявішчы. Пры гэтым, як правіла, па сканчэнні вайны i "дэмабілізацыі" войска канчалася i гетманства. Пазней жа яно стала пажыццёвым.
Адным з першых беларускіх гетманаў быў Канстанцін Астрожскі, які пакрыў сябе несмяротнай славай на аршанскіх палях у 1514 годзе, калі яго войска пад бел-чырвона-белымі штандарамі разбіла амаль утрая люднейшыя маскоўскія сілы. Былі сярод гетманаў Вялікага Княства славутыя асобы i з іншых магнацкіх родаў — Радзівілаў (сямёра), Сапегаў (шасцёра), Агінскіх (трое) ды інш.
Гетман як галоўны камандзір павінны быў вылучацца вопраткай i ўзбраеннем. У часы Яна Хадкевіча папулярны быў вугорска-гусарскі строй. Гетману яго шылі з найлепшых матэрыялаў i багата аздаблялі — жупан з нагрудным панцырам, шапка або шышак. Даўняя традыцыя вымагала ад военачальніка мець адкрыты твар, каб моцным голасам падаваць каманды i каб падначаленыя бачылі мужнае i поўнае рашучасці аблічча правадыра. А найлепш было ў часе бою не мець шалома i панцыра ўвогуле. Гэта падкрэслівала бясстрашнасць гетмана, яго пагардуда небяспекі i ўпэўненасць у перамозе. Абавязковай зброяй палкаводца была шабля ў багата аздобленай похве.
Найгалоўнейшы знак гетманскай улады — булава, на доўгім дзяржальне, разьбяная, упрыгожаная каштоўнымі металамі i камянямі. Кожная такая рэч была выдатным творам мастацтва. Булавой даваўся знак на пачатак бітвы, паказваўся кірунак атакі. У крытычны момант яна ўжывалася як зброя. Вядомы выпадак, як пад час маскоўскай кампаніі Ян Хадкевіч ударам булавы суцішыў шляхоцкую пыху аднаго з фаварытаў польскага каралевіча.
Каб войска бачыла, дзе знаходзіцца гетман, каля яго трымалі адпаведны знак. IM было крыло арла або жураўля на доўгай жэрдцы з шарам, на які надзявалася гетманская шапка. Часам каля крыла прывязвалі бунчук з конскага хваста i бела-чырвоныя стужкі пад колер сцяга.
Пры палкаводцы быў i гетманскі сцяг з гербам. Тут жа знаходзіўся ахоўнік — шчытаносец. Аднак асноўнай аховай гетмана была прыбочная гвардыя з найлепшых ваяроў. У сама адказны момант, каб пераламаць ход бітвы, гвардыю кідалі i ў сечу.
10
Гэтае слова было запазычанае ад чэхаў, а да тых трапіла з Нямеччыны: Hauptmann літаральна — галоўны чалавек, г.зн. начальнік.