Выбрать главу

Тады Аліса вельмі далікатна ўзяла яго і панесла павольней і мягчэй за Каралеву, каб у яго не перахапіла дыханне, але, перш чым паставіць Караля на стол, яна вырашыла крышачку яго пачысціць, бо ён ўшчэнт быў забруджаны попелам.

Потым Аліса распавядала, што ніколі ў жыцці не бачыла падобнага твару, які быў у той момант у Караля, калі нябачная рука яго трымала ў паветры і чысціла. Ад здзіўлення ён хацеў штосьці крыкнуць, яго рот і вочы зрабіліся жахліва вялікімі і круглымі. Урэшце рука Алісы пачала дрыжаць ад смеху і яна была вымушаная паставіць яго на зямлю.

- Вой, калі ласка, не трэба рабіць падобнага твару, мой даражэнькі,- усклікнула яна, забыўшыся, што Кароль яе не чуе.- Вы так рассмяшылі мяне, што я ледзь вас не выраніла! І не трэба так шырока разяваць рот, ці весь попел апынецца там. Ну вось цяпер вы чысты!- дадала яна, прыгладзіла яго фрэзуру і паставіла ля Каралевы.

Кароль неадкладна паваліўся на зямлю і гэдак ціха ляжаў, што Аліса пачала непакоіцца аб ім і пайшла па пакойчыку ў пошуках вады, каб пырснуць на яго, але знайшла толькі чарніліцу. Калі Аліса вярнулася да стала, Кароль ужо ачуняў і размаўляў са сваёй жонкай баязлівым шэптам, так ціха, што дзяўчынка ледзь чула словы.

- Вось ані кроплі не лгу, даражэнькая, я з жаху пахаладзеў ажно ды самых бакаў!

- Няма ў цябе ніякіх бакаў!- адказала яму Каралева.

- Гэткага жаху, як у гэты момант,- працягваў Кароль,- я ніколі ў жыцці не забуду, ані!

- Абавязкова забудзеш,- адказала яму жонка,- калі толькі не запішаш у памятную кнігу!

Аліса з цікавасцю назірала, як кароль выцягнуў з кішэні велізарны блакнот і пачаў пісаць. Нечакана ў яе галаву прыйшла адна думка, яна схапіла за кончык аловак, які Кароль трымаў на плячы і пачала пісаць.

Бедны Кароль быў разгублены і азадачаны. Нічога не кажучы, ён колькі часу моўчкі змагаўся з алоўкам. Але Аліса была мацнейшай за яго, і ўрэшце Кароль выпаліў:

- Даражэнькая! Мне патрэбен больш тонкі аловак, з гэтым я не магу ўправіцца, ён піша зусім не тыя рэчы, што я хачу!

- І якія рэчы ён піша,- спытала Каралева, зірнуўшы ў блакнот (там Алісінаю рукою было напісана: “Белы вершнік рухаецца па качарзе і хутка згубіць раўнавагу”),- Хіба ж гэта памятка, аб тваіх адчуваннях?

Тым часам Аліса, пакуль назірала за Белым Каралём (дзяўчынка яшчэ крыху непакоілася аб Каралі і была гатовая пырснуць на яго з чарніліцы, калі той зноў згубіць прытомнасць), заўважыла нейкую вялікую кнігу, якая ляжала на стале, яна ўзяла том і папыталася знайсці, чаго б пачытаць.

- Ой не, тут ўсё напісана моваю, якой я не ведаю,- сказала яна сабе.

Тэкст на старонцы выглядаў вось так.

Яна колькі часу была ў разгубленасці, але ўрэшце здагадалася.

- Зразумела! Вядома, гэта ж Люстраная Кніга! І калі я буду трымаць яе ля шкла, словы будуць напісаныя, як трэба.

Яна падыйшла да люстэрка і прачытала наступную паэму:

Жаблацмокія”
Ў час верчавання, крыпезу Свюлiлi склiбкiя таўкi. Ды шкробныя, як баргузы, Смыхчалi мамсюкi.
"Да Жаблацмока не хадзi У край жахлiвай даўнiны, Каб не сустрэўся Юб'юб злы Ды Бандэрцап фрумны."
Але хлапчук ўзяў ворплы меч I ворлага пайшоў шукаць. Пад дрэвам тумтумным прысеў, Каб манлака чакаць.
Але нядоўга ён уфеў: Паветра, раптам, нехта спёк, То вогнiшчам забурбулеў Благлiвы Жаблацмок.
Раз! Два! Раз! Два! Та! Да! Та! Да! Жыгжыгае лязом клiнок! I галава ў манлака Адлётвае у бок!
"Забiт табою Жаблацмок?! Прамень жа, у рук маiх палон! О фрабны дзень! О скок! О скок!"- З усмешкай харлiць ён!
Ў час верчавання, крыпезу Свюлiлi склiбкiя таўкi Ды шкробныя, як баргузы, Смыхчалi мамсюкi.”

- Выглядае прыгожа,- сказала яна скончыўшы,- але цяжка зразумела,- (Аліса, як і заўсёды, нават сабе не прызналася, што не зразумела нічога, ані),- Мая галава перапоўненая думкамі... але не вядома якімі! Адно ведаю дакладна, тут хтосьці забіў кагосьці.

-Але,- падумала Аліса, нечакана падскочыўшы,- калі не паспяшацца, мне прыйдзцца вярнуся назад, перш чым я пагляджу ўвесь астатні Дом! Спачатку трэба паглядзець сад!

Праз імгненне яна была ўжо за межамі гасцёўні і пабегла па лесвіцы... дакладней гэта не зусім нагадвала бег, гэта быў новы спосаб рухацца па лесвіцы хутка і лёгка, вырашыла Аліса. Яна толькі трымалася кончыкамі пальцаў за парэнчы і мягка рухалася ўніз, нават не кранаючыся нагамі прыступак. Дзяўчынка праплыла праз вітальню і пэўна вылецела б у дзверы, калі б не ўхапілася за касяк. У Алісы крыху круцілася галава ад плавання ў паветры, таму яна была задаволеная, што можа працягваць ісці больш натуральным для сябе спосабам.