У распачатай гульні ці Мяснікян перахітрыць Сталіна, ці Сталін падставіць Мяснікяна перад Леніным — мы даведаемся ў хуткім часе.
А даведацца пра тое, што грамадавец левай плыні Шантыр не толькі водзіцца з Канчарам-Гольманам, але і бывае ў Мяснікяна-Ландара, было брыдка.
Позіркі прысутных перакрыжоўваюцца на Людвіцы. Аловак падае на стол, яна закрывае твар рукамі, плечы яе ўздрыгваюць.
Людвіка. Я прадчувала гэта… бо баялася здрады… (Плача.)
Бадунова падае Людзвікі шклянку з вадой, тая адпівае глыток, прыхінаецца да жанчыны-спачувальніцы. Паўза няёмкасці сярод мужчын.
Бадунова. Ну, што вы ўжо так?.. Фабіян — натура імпульсіўная. Паэт. Чалавек эмоцый і пошуку.
Людвіка. Не там ён шукае… Даруйце! Даруйце мне!..
Гарун. Нічога… Бывае… (Да Варонкі). Спадар Язэп, вельмі сцісла… з чым выходзім на з’езд?
Варонка. За аснову праграмы ўзяты дапрацаваны зварот «Ко всему Народу Белорусскому». Галоўнае: нацыянальнае самавызначэнне, абвяшчэнне Рэспублікі, зямля сялянам без выкупу, роднай мове дзяржаўны статус, сваё нацыянальнае войска, дзяржава ў рамках этнаграфічных межаў.
Людвіка. Мяжу варта было б акрэсліць… для пратаколу.
Гарун. Слушна, бо Беларусь пачынае сваю новую гісторыю.
Варонка. Запісвай, Людвіка, мяжу Беларускай Рэспублікі: Вільня, Гародня, Аўгустóў уключна, Сувалкі выключна, Беласток, Бельск Падляскі, Берасце ўключна, Чарнігаў выключна, Бранск уключна, Вязьма выключна, Ржэў выключна, Вялікія Лукі, Себеж і Дзвінск уключна.
Іншыя праблемы дзяржаўнага будаўніцтва і жыцця разглядаюцца ў асноўных дакладах з’езду. Але гэта ўжо па часці Аркадзя Смоліча.
Гарун. Адкрыццё і парадак работы з’езда, канструяванне яго кіроўных органаў — спадар Рак-Міхайлоўскі.
Рак-Міхайлоўскі. Адкрыццё ў гарадскім тэатры пад сымбаламі гістарычнай Пагоні і бел-чырвона-белага сцяга пры падтрымцы хора Тэраўскага, папоўненага артыстамі Беларускага таварыства драмы і камедыі, а таксама хора беларускай моладзі. Абранне прэзідыума з’езда на чале з ганаровымі старшынямі акадэмікам Карскім і рэвалюцыйным дзеячом Бонч-Асмалоўскім. Затым абраньне рады старшынь з’езда. У арганізацыйны прэзідыум рэкамендуюцца прэзідыум Вялікай рады на чале з Аркадзем Смолічам і Язэпам Варонкам, а таксама прэзідыум Цэнтральнай вайсковай Рады…
Гарун. На чале з Сымонам Рак-Міхайлоўскім.
Рак-Міхайлоўскі. Будзем старацца правесці ў прэзідыум з’езда Старшыню БСГ Язэпа Дылу, а таксама Пятра Крачэўскага, Васіля Захарку, Янку Сераду, Тамаша Грыба ды іншых. Прапануем парламенцкую форму арганізацыі работы з’езда (кангрэса). Гэта значыць, што ўсе дэлегаты разбіваюцца на фракцыі, секцыі і часовыя камісіі, калі ў працы секцый з’явіцца неабходнасць якое-кольвечы асобнае пытанне.
Бадунова. Навошта спатрэбіліся фракцыі?
Рак-Міхайлоўскі. На прамое пытанне прамы адказ: для дэмакратызму і магчымасці пры неабходнасці нейтралізаваць а то і блякаваць абласнікаў Канчара-Гольмана, бальшавікоў аля Мяснікян і грамадаўцаў левай плыні тыпу Шантыра і тых, хто да яго далучыцца.
Фальскі. Скажу чэсна, я такі далучыўся.
Гарун. Ад чэснасці патыхае здрадаю…
Бадунова. Назавіце фракцыі і секцыі!
Рак-Міхайлоўскі. Фракцыі: Беларускай сацыялістычнай грамады, беспартыйных, а таксама левай плыні. У вас будзе магчымасць выбраць хоць левых, хоць правых.
Бадунова. У гэтым я вызначуся без ваша падказкі.
Рак-Міхайлоўскі. I яшчэ адна важная арганізацыйная акалічнасць. Пакуль мы будзем збіраць сваіх дэлегатаў ды чакаць «абласнікоў» з Піцера ці Рэчыцы, а яны не ўпусцяць моманту ўзяць рэванш на з’ездзе ў Менску, мы не праводзім пленарных пасяджэнняў, а адпрацоўваем дакументы ў фракцыях і секцыях. Гэта, дарэчы, крыху закалыхае і супакоіць бальшавіцкіх саглядатаеў перад раптоўным і рашаючым пленарным паседжаннем, на якім мяркуецца прыняць лёсаносныя палітычныя рашэнні, рэзалюцыі, дэкларацыі і граматы да народа.