Смоліч. Разумна!
Бадунова. А секцыі вы ўсё ж назавіце, спадар Сымон, хоць для пратаколу!
Рак-Міхайлоўскі. Даруйце, спадарыня Палута. Секцыі на з’ездзе: дзяржаўнага будаўніцтва, аграрная, асветы і культуры, вайсковая, мясцовых самаўрадаў, краёвае гаспадаркі, работніцкага заканадаўства, сацыяльнай апекі, рээвакуацыі бежанцаў і секцыя адбудовы краю. У асноўным секцыі ўзначальваюць прафесіяналы.
Гарун. Калі да спадара Сымона пытанняў больш няма, слова Аркадзю Антонавічу.
Смоліч. Мая тэма — канструяванне вышэйшых органаў улады. Маем на ўвазе, што старшыні камісій разам са старшынямі з’езда ўтвараюць Раду старшынь, каб яна ўжо падчас працы з’езда падступова пераняла на сябе ўсе абавязкі Вялікай беларускай рады і фактычна стала прэдпарламентам перад Устаноўчым сходам або Дзяржаўнай радай Беларусі. З’езд жа асобай Устаўной граматай да народу Беларусі аб’явіць Беларускую Народную Рэспубліку і Раду Бэ-Нэ-эР. Раду БНР канструіруем так, каб у ёй захаваць пераемнасць — прыкладна 27 месц асноўнага ядра пакідаем за сябрамі Рады з’езда, якія знаходзяцца ў Менску, 9-10 месцаў правінцыйным радам, 10–12 гарадскім і 10–12 земствам. Што да нацыянальнасцяў краю, то яўрэям адводзіцца 7 месцаў, палякам — 4, вялікаросам — 2, украінцам — адно.
Захарка. А як бальшавікі з эсэрамі і левакамі з Грамады возьмуць верх на з’ездзе і прагаласуюць за бальшавіцкую аўтаномію, у складзе Расіі, што тады і як яна будзе называцца.
Гарун. Правыя грамадаўцы-адраджэнцы такога і ў праектах не дапушчаюць, а не тое, каб насамрэч.
Захарка. I правільна робяць.
Гарун. Пытанні і галоўныя даклады, што выносяцца на абмеркаванне з’езда. Калі ласка, Палута Аляксандраўна.
Бадунова. З асноўных пытанняў: арганізацыя Часовай краявой улады; правы і вольнасці беларускага народа і нацыянальных меншасцяў; арганізацыя Беларускага нацыянальнага войска. З галоўных дакладаў на абмеркаванне выносяцца: даклад аб зямлі — дакладчык Бонч-Асмалоўскі; даклады на тэму «Нацыянальнае адзінства беларускага народа і яго самавызначэнне» — Карскі, Лёсік, Канчар; «Краявы Устаноўчы сход Беларусі» — Дыла, Бурбіс, Варонка; «Аўтаномія і федэратыўны лад Расеі» — Цвікевіч, Менч і…
У пакой літаральна ўрываецца Серада.
Серада (з парогу). Украінская Рада распачала ўзброеную барацьбу супраць бальшавіцкай улады! Дзейнасць беларускіх вайсковых злучэнняў бальшавіцкім урадам забаронена на ўсіх франтах…
Усталёўваецца доўгая гнятлівая паўза.
Людвіка. Мне што, так і запісаць: нямая сцэна, як у гогалеўскім «Рэвізоры»?..
Гарун. Калі б гэта можна было параўнаць з той гогалеўскай сцэнай…
Рак-Міхайлоўскі. Значыць, у з’езда не будзе вайсковай падтрымкі.
Бадунова. Не адмяняць жа з’езд…
Езавітаў. На яго ахову я выведу свой полк!
Захарка. А Мяснікян выведзе дывізію.
Смоліч. Падчас з’езду не павінна праліцца ні адной кроплі крыві!..
Гарун. Нават з носу… Таму будзем працаваць вольна і смела… навідавоку горада, краю і свету, хоць я і не бачу розніцы паміж генерал-губернатарам Курловым і прапаршчыкам Мясніковым…
Сцэна зацямняецца.
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
III
Гісторык. Афіцыйна Усебеларускі з’езд пачаўся 15 снежня. На ім сабралася 1872 прадстаўнікі беларускага народа. Былі сярод іх і дэлегаты ад Петраградскага Беларускага абласнога камітэта. Ніводнай нацыі за перыяд расійскай «смуты» не ўдалося арганізаваць такога прадстаўнічага форума. На з’езд прыехалі пасланцы з усёй этнаграфічнай Беларусі, ад бежанцаў і ўсіх франтоў і тылу. У палітычным плане большасць дэлегатаў былі эсэрамі і беспартыйнымі. Па сацыяльным складзе з’езд быў пераважна сялянскі — з мужыкоў пераапранутых у шынялі. Бальшавікам не ўдалося кантраляваць хаду падзеяў. Упэўненасці дэлегатам надавала пісьмовае сведчанне народнага камісара па нацыянальнасцях Іосіфа Сталіна аб тым, што пастанова з’езда будзе абавязковай для савецкай улады. Але ў гэты час кіраўнік расійска-бальшавіцкай адміністрацыі ў Беларусі Аляксандр Мяснікоў…
Асвятляецца рабочы кабінет Мяснікова. У яго на прыёме старшыня Савета Народных Камісараў Заходняй вобласці Ландар.