Выбрать главу

Прапала наша справа, трэба ратавацца, уцякаць. Бягу ў дзверы: стой, кажуць, і ты там біўся? Я, доўга не думаўшы, схапіў на галаву нечую чорную папаху, пад нагамі валялася, і йду назад. «Стой! — крычаць. — І ты там біўся?» — «Не, кажу, таварышы, я не той, я не біўся, той з другімі разам выскачыў у заднія дзверы».

Паверылі, не пазналі і пусцілі на вуліцу. А там уздоўж дзвярэй поўна аўтамабіляў з кулямётамі, з салдатамі, і на вуліцы поўна салдатаў, не разабраць, хто свой, хто не. Тут мяне злавілі і пагналі з другімі арыштаванымі ў нейкі склеп. Праседзелі мы ноч. Крэпка ўзяло ўсіх за сэрца: вот табе, Беларусь няшчасная! — думаем сабе — біў цябе цар з панамі, а цяпер простыя прыблуды за тое ж узяліся.

…Да раніцы сядзеў у кутку таго склепа і плакаў…[2]

Пад воклічы і апладысменты Дэлегат Кузьма ідзе ў залу да свайго месца.

Гарун. Не адна чарнамазая мяснікянская падла вызначылася. Напаскудзілі з’езду і піцерскія беларусы і беларускія жыдкі.

I не дзіва, бо належылі да ўсіх расейскіх партыяў, — ад чарнасоценцаў і манархістых да бальшавікоў. Вужамі віліся паміж грамадаўцамі і тымі ж бальшавікамі і некаторыя левакі з сваіх «патрыётаў», вызначаючы, куды з’езд пахіснецца. Не супакойваюцца і мяснікянскія халуі. I шпіёняць, і выглядаюць, і вынюхваюць. Наведаўся сюды перад вашым зборам і падла Рэзаўскі з памагатым. Папярэдзіў, каб разышліся неадкладна.

Пратэстны гул у зале.

А я яго папярэдзіў ад вашага імя і ад імя чыгуначнікаў і работнікаў дэпо, якія нас ахоўваюць, што калі зноў з’езд наш разгоніце ці арыштуеце каго, то ні адзін паравоз з Менску не выйдзе і да Менска не даедзе.

Вельмі жывое рэагаванне і апладысменты ў зале.

Ды не пра рэзаўскіх і крывашэіных тут гаворка. Задача наша сёння ў тым, каб з толкам і добрым вынікам з’езд скончыць, прыняўшы неабходныя рашэнні на перспектыву.

Больш, як з тысячы дэлегатаў з’езд абраў вас колькасцю 56-цю асобаў ва Усебеларускую Раду, якой выпаў лёс стаць юрыдычнай пераемніцай усёй паўнаты ўлады, якая яшчэ ўчора належала разагнанаму з’езду, што паспеў даць вам у старшыні Язэпа Лёсіка. Яму і слова.

Апладысменты.

Лёсік. Я шчыра вітаю высокі сход, што праходзіць тут, у дэпо Лібава-Мінскай чыгункі. Менавіта мы, — Усебеларуская Рада, перагортваем яшчэ адну старонку гісторыі беларускага люду паспалітага, якая ляжа ў летапіс яго барацьбы за лепшую долю, волю і незалежнасць, чым бы нашы высілкі не скончыліся. А каб яны скончыліся нашай перамогай у збіраньні і яднанні нашых зямель і іх насельнікаў, я прашу вас аб’явіць Часовай Краёвай Уладай Раду Усебеларускага з’езда. Хто «за»? Хто «супраць»? Хто «ўстрымаўся»?

Людвіка. Адзінагалосна!

Апладысменты.

Лёсік. Для аператыўнай палітычнай, дыпламатычнай, арганізацыйнай і гаспадарчай работы Усебеларуская Рада павінна мець Выканаўчы камітэт. Яго старшынёй я бачу і прапаную абраць усім вядомага нам змагара за волю і незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі спадара Язэпа Варонку, які разам з іншымі кіраўнікамі з’езда, відаць, сядзіць яшчэ ў вязніцы.

Гарун. Яшчэ прапановы будуць?

Галасы з залы: «Язэпа!», «Язэпа Варонку!»

Апладысменты.

Калі іншых кандыдатур няма і вы так жа салідарна яшчэ раз пацвердзіце ваша «за» апладысментамі, мы не будзем лічыць галасы.

Людвіка. Пратакол патрабуе падлічэння галасоў, ці ён не пратакол.

Бурныя апладысменты і скандзіраванне: «Варонку», «Ва-рон-ку!»

Гарун. Пішы, Людвіка: абраны бурнымі авацыямі.

Лёсік. Персанальны склад Выканаўчага камітэта Усебеларускай Рады будзе прадстаўлены на ваш разгляд і зацвярджэнне.

Гарун. Пярэчанні ёсць? (Паўза.) Пярэчанняў няма. (Да Лёсіка.) Дзякуй, шаноўны старшыня.

Лёсік сядае за стол.

I яшчэ прапануецца высокаму з’езду прыняць у цэлым рэзалюцыю, выпрацаваную Радай Усебеларускага з’езда ў ноч з 17 на 18 снежня і двойчы агалошаную на пленарным пасяджэнні.

Кожнаму дэлегату вядома, што ўсе пункты рэзалюцыі, як і той першы пункт, які быў прыняты з’ездам да яго разгону, разгледжаны і адобраны бальшынёй галасоў ва ўсіх фракцыях і камісіях.

Хто за сцверджанне рэзалюцыі цалкам?

Лічы, Людвіка!.. (Пасля паўзы.) Хто супраць?.. Хто ўстрымаўся?

вернуться

2

Аповед дэлегата Кузьмы занатаваны Максімам Гарэцкім. Надрукаваны ў газеце «Беларускі звон» 1 верасня 1922 г.