Людвіка. Адзінагалосна!
Апладысменты ў зале.
Гарун. I прадапошняе. Пастанова сённяшняга пасяджэння Рады Усебеларускага з’езда (зачытвае): «Абмеркаваўшы пытанне аб становішчы Першага Усебеларускага з’езда і Рады з’езда, Рада на закрытым сваім пасяджэнні 18-га снежня 1917 года пастанаўляе: 1) Лічыць Першы Усебеларускі з’езд прымусова разагнаным. 2) Раду з’езда прызнаць выканаўчым органам з’езда, на абавязку якой ляжыць правядзенне ў жыццё ўсіх рашэнняў і пастаноў з’езда. 3) Папоўніць Раду з’езда дэлегатамі ад зямляцтваў і іншых групаў, што дэлегавалі сваіх прадстаўнікоў са з’езду ў Раду, і прадаставіць права адвода, адклікання і кааптацыі. 4) Абласны камітэт пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў, Маскоўская Выканаўчая камісія, Вялікая беларуская рада, Часовае краёвае бюро і да іх падобныя арганізацыі неадкладна спыняюць сваё існаванне і перадаюць усе свае справы… Радзе Усебеларускага з’езда. 5) Цэнтральная вайсковая рада існуе як орган, падначалены Радзе з’езда. 6) 2-гі Усебеларускі з’езд склікаецца ў самы кароткі тэрмін. 7) У мэтах павышэння аўтарытэтнасці Рады і пераемнасці працы прэзідыумам Рады павінен быць прэзідыум з’езда, папоўнены адным сябрам старшыні і двума сакратарамі».
Бурныя, доўгія апладысменты ў зале.
Хто за рэзалюцыю… (Паўза.) Хто супраць?.. (Паўза.) Хто ўстрымаўся?..
Людвіка. Адзінагалосна!..
Доўгія апладысменты, воклічы: «Жыве Беларусь!»
Лёсік (да Гаруна). Прашу колькі слоў на развітанне…
Гарун ківае галавою ў знак згоды.
Сябры! Таварышы! Аднадумцы!
Падзеі адбываюцца з галавакружачай шпаркасцю. Расея, апанаваная руйнуючым агнём анархіі, апынулася ў становішчы новай рэвалюцыі, а калі дакладна — у бальшавіцкім перавароце і новым змаганні. Разлад расце, разбухае і шырыцца. Разгойданыя хвалі грамадскага руйнавання захлынулі сабою ўсё людское жыццё. Ясна, што з цэнтра ратунак не прыйдзе. Многія арганізаваныя народы Расеі ўжо парвалі зносіны з цэнтрам, як наша суседка Украіна, і горача ўзяліся за грамадзянскае адбудаванне кожны паасобку. Народы адхіснуліся ад таго, што робіцца ў Петраградзе. Беларусь пакуль не здолела парваць з заразным і безнадзейна хворым бальшавіцкім арганізмам. Прыступіць да захавання свайго краю ад гібелі яшчэ не значыць аддзяліцца, і беларускаму грамадству давядзецца скінуць старыя забабоны і нябаўна, ад сёння пачаць працу па адбудаванні свайго краю коштам уласных сіл і заходаў на чале з вамі, шаноўныя сябры Рады Усебеларускага з’езду. Гэтага вымагае ад нас доля Айчыны, патрэба ўласнага захавання і страх перад тым горам, слязьмі і грамадскім заняпадам, што чакаюць нас у будучыні, калі ў свой час не ўжыць патрэбных захадаў.
Бальшавізму ўдалося забраць уладу ў свае рукі. Ён спакусіў цёмныя несвядомыя масы моцнымі абяцанкамі зямлі і міру. Многа нарабіў шкоды, а яшчэ большая небяспека чакае нас наперадзе. Хто можа быць упэўненым, што не з’явіцца ў гэты цяжкі час які-небудзь новы Напалеон і не пастараецца завесці парадак на свой густ і разуменне?
Анархічная бальшавіцкая зараза, нахлынуўшая на нас з цэнтра, ахапіла нашу Бацькаўшчыну ад краю да краю. Час падымацца настаў, гадзіна дванастая прабіла…
Зала грыміць апладысментамі, воклічамі. Лёсік ідзе да Гаруна, да рампы падыходзіць усхваляваная Людвіка.
Людвіка (чытае па памяці шчыра, пранікнёна, узнёсла). Янка Купала. «Бацькаўшчына».