Ад сябе скажу: не пахавальную Марсельезу, якую ўчора спявалі дэлегаты з’езда, а «Пагоню» Максіма Багдановіча, перад смерцю напісаную нам у спадчыну, ад гэтага часу спяваць будзем! (Запявае «Пагоню».)
Сольны спеў падтрымліваюць Гарун і Лёсік. Падхопленая музыкай песня набывае моц многагалосага Гімна, які запаўняе ўсю прастору.
Святло паволі згасае. Прамень выхоплівае толькі твар Гаруна.
Гарун (сам сабе). Калі б не здрада сваіх і падступнасць бальшавікоў, і з’езд і лёс Бацькаўшчыны маглі б пайсці зусім іншым шляхам. Максім адчуваў гэта з вострым болем у сэрцы. А некалі і ў мяне, там, далёка ад дому, вырваліся словы:
Прамень паволі згасае. Прасцэніум асвятляецца месяцавым святлом.
V
Прасцэніум. Прыцемкі. Шантыр даганяе Людвіку, аклікае, але яна не паварочваецца. I ён забягае ёй наперад, перагароджвае дарогу.
Шантыр (умольна). Людвика!..
Людвіка. Даруйце, спадар, я не Людвіка і мы незнаёмыя.
Шантыр (разгублена). Як не Людвіка?! Як не знаёмыя?!. Мне сказалі, што ў нас будзе дзіця…
Людвіка. У вас не будзе дзіця. А я сваё, калі яно народзіцца, выгадую прыстойным чалавекам. (Абыходзіць Шантыра і прыспешвае хаду.)
Шантыр глядзіць услед каханай. За плячыма ў яго з’яўляецца Гісторык. Шантыр рэзка паварочваецца, каб сысці, і сутыкаецца з ім твар у твар. Саступае ўбок, але і Гісторык саступае ў той жа бок, як гэта здараецца пры выпадковым сутыкненні.
Шантыр (злосна). Не замінайце мне!..
Гісторык. Баронь Бог, не замінаю. Я толькі падумаў, а вы мне і з’явіліся…
Шантыр. А вы, уласна, хто, каб выклікаць…
Гісторык. Гісторык з XXI стагоддзя. Цікаўлюся вашай асобай, якая магла заняць пэўнае месца ў гісторыі XX стагоддзя, але…
Шантыр. I вы па маю душу?
Гісторык. Ваша душа належыць пану Богу ці Люцыпару, і я на яе не прэтэндую. Проста думаў, разважаў, уявіў і, даруйце, патрывожыў.
Шантыр. У вас галюцынацыі? Вам з’яўляюцца здані?..
Гісторык. Не трывожцеся за маё здароўе. У нас звычайная віртуальная сувязь. Вы мне цікавы, бо не зразумелы як палітычны дзеяч, паэт-трубун і закаханы…