Гісторык. Позняя, золкая восень 1917-га. Гэта памяшканне ў былым Доме генерал-губернатара ў Мінску. Яго займае Вялікая беларуская рада. Дзяўчына — Людвіка Сівіцкая, што стане вядомай пісьменніцай і грамадска-культурнай дзеячкай Зоськай Верас. Малады мужчына — вучоны эканаміст, картограф і фактычны старшыня партыі Беларуская сацыялістычная грамада, сябра Вялікай беларускай рады Аркадзь Смоліч. Хударлявы і хворы — былы катаржнік Аляксандр Прушынскі, ён жа вядомы паэт Алесь Гарун і намеснік старшыні партыі Беларуская сацыялістычная грамада.
Смоліч (перадае паперы Гаруну, да Людвікі). А дзе яшчэ панна Людвіка выконвала абавязкі сакратара і пратакалісткі?
Людвіка. Шмат дзе: у Менскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, у Беларускім нацыянальным камітэце, Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, у вашай Грамадзе. А яшчэ пратакаліравала на з’ездах беларускіх нацыянальных арганізацый, на з’ездзе беларусаў-вайскоўцаў Заходняга фронту.
Гарун. Спадар Аркадзь, пэўна, хоча ведаць, па чыіх пратаколах нашчадкі будуць вывучаць гісторыю беларускага нацыянальнага руху пачатку 20-га стагоддзя.
Людвіка. Па пратаколах — сумна. Нашу эпоху будуць вывучаць па вашых вершах, шаноўны Алесь Гарун.
Гарун. Гэта наогул будзе адна скруха.
Смоліч. Адно слова — Гарун…
Людвіка. Няхай сабе! (Узнёсла, пранікнёна чытае па памяці верш.)
Уваходзіць мужчына ў акулярах. Зняўшы капялюш, ціха спыняецца каля парога. Уважліва слухае.
Чалавек у акулярах плёскае ў далоні і накіроўваецца да стала. Апладысментамі яго падтрымлівае Смоліч. Гарун цалуе руку Людвікі.
Гісторык. Чалавек у акулярах — Язэп Лёсік. Рэдактар газеты «Вольная Беларусь». Адзін з першых лідэраў Грамады.
Лёсік (Гаруну). Здароў быў, дружа. (Абдымаюцца.)
Гісторык. Разам з Гаруном адбывалі царскую катаргу ў залатых капальнях пад Краснаярскам.
Лёсік. Кожны паэт, якому яго ж вершы гэтак таленавіта прачытае такая пекная паненка (схіляе галаву), можа лічыць сябе шчаслівым. (Смолічу.) Маё шанаванне! (Паціскае руку, сядае ў крэсла паблізу стала.)
Гарун. Людвіка і сама друкуе такія цудоўныя абразкі і вершы, што я абавязкова нешта вывучу і прадэкламую дзе-небудзь публічна ў знак павагі да каляжанкі па паэтычнаму цэху.
Уваходзіць зусім малады інтэлігентнага выгляду чалавек.
Гісторык. Тамаш Грыб — культурны дзеяч, адраджэнец, эсэр.
Грыб. Дазвольце?! Вітаю вас.
Смоліч. Просім. Сядай, Тамаш.
Уваходзіць малажавая, строгая жанчына.
Гісторык. Палута Бадунова…
Бадунова. Добры дзень!
Смоліч. Ласкава просім, Палута Аляксандраўна, да нашага гурту.
Бадунова знаходзіць сабе месца.
Гісторык. Настаўніца Бадунова — дэпутат Петраградскага Савета, член ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады.