Выбрать главу

Шантыр. Можна падумаць, што вы нешта маё чыталі?..

Гісторык. Я чытаў вашы пісьмы да Людвікі. Гэта шэдэўры любоўнай лірыкі, а ваш разрыў — рэдкая трагедыя, якія цікавяць не толькі гісторыкаў, але і літаратараў. Загадкавасць эпохі буралому ці, даруйце, дуралому…

Шантыр. Ніякай загадкавасці. Я сапраўды кахаў яе да згубы галавы, яна адказала гарачай узаемнасцю. Я марыў аб сусветнай рэвалюцыі і ўсенародным шчасці на ўсёй планеце. А яна — толькі пра вольную Беларусь і ўласны хутар пад ліпамі.

Гісторык. Паэту з такой палымянай душой уласціва прадчуваць лёс краін і народаў, а вы без аглядкі аддалі сваё жыццё ні за што, ні пра што і зламалі лёс любай, пазбавілі сябе адзінага нашчадка.

Шантыр. Вы блізкія да праўды.

Гісторык. Тады скажыце, што прывяло вас да здрады?

Шантыр. Калі рушыўся стары свет і нараджаўся новы, было не да жонак і нашчадкаў.

Гісторык. А для каго тады новы свет?..

Шантыр. Каб пераплыць бураломны, як вы кажаце, акіян і дасягнуць новага свету, я спачатку з левай плынню сацыялістычнай грамады пераплыў да бальшавікоў. Яны напрыканцы 1918-га прынялі мяне ў ВКП(б)…

Гісторык. А ў пачатку 1920-га расстралялі ў Навазыбкаве… За што?..

Шантыр. Аднясём гэта да парадоксаў эпохі буралому і дуралому. I тым больш, што мяне рэабілітавалі, як і тысячы, а можа, і мільёны іншых.

Гісторык. А мне здаецца парадоксам не тое, што вас растралялі-рэабілітавалі, а тое, што я жыву на вуліцы імя вашага ката Апанскага, які ўзначальваў асобы аддзел 16-ай арміі і падвёў вас пад выключную меру пакарання.

Шантыр. У кожнай эпохі свае парадоксы. Прыйдзе час, і вас абароняць ад апанскіх, мясніковых, ландараў, берсанаў, кнорыных ды іншых катаў, пад імёнамі якіх вы жывеце на вашых сённяшніх вуліцах. А калі гісторык схільны падазраваць фаната-рэвалюцыянера і бурапеннага паэта ў дзяржаўнай здрадзе ці якім іншым смяртэльным граху, то дарэмна. Калі я і здрадзіў, то толькі сабе самому… Мяснікян мне здаваўся Напалеонам… Ленін — богам… А вы хіба не ўліплі са сваім божышчам?!.

Святло гасне раптоўна.

VI

У прыцемках пры настольнай лямпе-газоўцы і завешаных вокнах, у зімняй вопратцы размясціліся вакол стала ў пакоі Дома генерал-губернатара — Бадунова, Гарун, Грыб, Варонка, Захарка, Езавітаў, Лёсік, Серада і Смоліч. Абстаноўка гнятлівая, скрушная, маркотная.

Гісторык. Каб падсумаваць вынікі з’езда ды сарыентавацца, што рабіць далей, некалькі з яго галоўных арганізатараў у ноч з 19 на 20 снежня сабраліся ў сваім пакоі таго ж Дома генерал-губернатара.

Варонка (парушаючы цішыню). Што маўчаць, не на хаўтуры ж, дзякаваць Богу сабраліся… Абмяняемся, хто, што чуў і бачыў у горадзе, вызначымся, што ды як далей…

Серада. Тут наогул нельга было збірацца. Калі нас выпускалі з мяснікоўскай вязніцы, усім загадалі неадкладна пакінуць горад, а мы зноў у Доме губернатара ў іх пад носам.

Гарун. Якраз гэта наша рызыка ім і ў галаву не прыйдзе. Паверце старому канспіратару…

Бадунова. Варта было запрасіць Макара Краўцова…

Езавітаў. А каго б ён тут прадстаўляў: сябе, Фальскага, Шантыра ды іншых?..

Бадунова. Макар чытае ўсе газеты, мае добры слых і вострае вока. Пераказаў бы навіны.

Грыб. Без газет вядома… сёння Мяснік з Ландарам парад перамогі правялі.

Лёсік. Інтарэс іх і галаўны боль акрэсліўся падчас допыту сябраў прэзідыума. Асноўнае, што яго хвалявала і цікавіла, — ці прымалася з’ездам рэзалюцыя аб стварэнні Беларускай Рэспублікі.

Смоліч. Трэці Усерасейскі з’езд Саветаў разгон нашага з’езда ўхваліў…

Варонка. Каб іх з’езд нехта разагнаў, я, асабіста, гэта таксама ўхваліў бы…

Серада. У Віцебску, Оршы, Полацку, Ігумене прайшлі мітынгі пратэсту ў падтрымку з’езду і ў ганьбу ўладаў.

Грыб. У Менску забаставалі некалькі прадпрыемстваў.

Бадунова. Менск стаіць на парозе голаду. I наўрад ці дапаможа на гэты раз пан Скірмунт.

Захарка. Голад не цётка…

Рак-Міхайлоўскі. А з Румынскага фронту весткі добрыя. Яго галоўнакамандуючы генерал Шчарбатаў стварыў для беларускіх вайсковых злучэнняў самыя спрыяльныя ўмовы для далейшай беларусізацыі, не гледзячы на забарону Смольнага.