Выбрать главу

Лёсік (да сваіх). Спадарове, перад намі жандары з Бадайбо.

Рамнёў вынімае маўзер з кабуры.

Бадунова (амаль крычыць). Гэта нечувана пачварна!

Рамнёў тройчы страляе ў столь.

Рамнёў (да сваіх). Кто переведет, что она сказала?!

Усе маўчаць.

(Вайскоўцам жорстка, пагрозліва.) Бабу убрать!.. Очкарика и чахоточного вынести на штыках или выбросить через окно!

Як перад штыкавой атакай, вайскоўцы ўскідваюць зброю і штыкамі выціскаюць людзей за дзверы. У апусцелым пакоі па шуфлядах стала і ў шафах шнырае Рамнёў.

Заслона

VII

У невялікім пакоі за сталамі Гарун, Смоліч і Лёсік, заглыбленыя ў пісаніну. Нехта піша, нехта крэсліць, нехта камеча аркуш і выкідае ў сметніцу ды бярэ новы. Чацвёрты стол, што каля ўваходу, свабодны.

Гісторык. Лідэры дзяржаўнага адраджэння і былыя дэлегаты Усебеларускага з’езда сышлі ў падполле і рыхтаваліся да ўзяцця ўлады ў свае рукі. Склад Рады з’езда быў папоўнены прадстаўнікамі рускай, украінскай і яўрэйскай нацыянальнай меншасці. Бесперапынна працавала Цэнтральная беларуская вайсковая рада. Чакалася прыбыццё нацыянальных беларускіх вайсковых аддзелаў. Накоплівалася зброя і ваенны рыштунак. У Віцебску адбылася сутычка Беларускай вайсковай рады Паўночнага фронта з бальшавіцкай уладай. Беларускі Аршанскі конны полк пачаў прабівацца на Мінск. У ноч з 26 на 27 студзеня бальшавікі зрабілі налёт на нелегальную штаб-кватэру Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, арыштавалі яе кіраўнікоў. А 18 лютага пасля таго, як савецкая дэлегацыя сарвала Брэсцкія перамовы, немцы распачалі наступленне на ўсім сваім Усходнім фронце.

У пакой літаральна ўрываецца Краўцоў. Ніхто на яго нават галавы не паднімае ад пісьмовых сталоў.

Краўцоў (здзіўлена, горача, з папрокам). Пішуць?!. Яны сядзяць і пішуць?! Рэвалюцыянеры…

Лёсік (не адрываючыся ад работы). I ты сеў бы моўчкі ды нешта напісаў.

Краўцоў. Не, такі «падпольшчыкі» нічога не чулі?!

Ніхто не рэагуе.

З вакзалу я! У Койданаве быў… Вярнуўся, а яны ўцякаюць. А чыгуначнікі паравоз адчапілі і з’ехалі.

Лёсік. Макарка, а хто цікае і куды?..

Краўцоў. Мяснік з хэўрай бальшавіцкай па пероне мітусіцца. На свае вочы бачыў!

Лёсік. Ну, і няхай сабе ці ты хочаш яго затрымаць, каб застаўся нам на радасць?

Смоліч і Гарун адрываюцца ад папер, назіраюць, пасміхаюцца.

Краўцоў (абурана). Немцы ў наступ пайшлі! Можаце вы ўцяміць?!.

Лёсік. Ну дык, відаць, яны таму і ўцякаюць…

Смоліч і Гарун рагочуць, Краўцоў губляецца.

Краўцоў. Шантара стрэў, пытаюся: а дзе нашы. А ён мне: мае, як бачыш, пяткі падмазалі, а ты сваіх каля тэлеграфа шукай. Перш чым узяць уладу, спачатку і заўсёды тэлеграф бяруць.

Гарун. Праўду сказаў.

Краўцоў. Дык я і сюды… Сапраўды ж уладу трэба браць! Езавітава ды іншых вызваляць.

Смоліч. А мы яе і бярэм… уладу…

Гарун. I Езавітаў даўно вольны.

Лёсік. Ай Макар, Макар, трэба табе было тое Койданава?! Такую гістарычную навіну апошнім пачуў.

Смоліч і Гарун смяюцца з небаракі.

Краўцоў. Не тлуміце маёй галавы. Дзе зараз Кастусь Езавітаў? Можа, яму падмога трэба.

Гарун. Пэўна ўжо сам управіўся Кастусь. З раніцы ў горадзе парадак наводзіў, а цяпер, відаць, польскіх вайскоўцаў урэзоньвае, каб горад раней за немцаў не захапілі.

Лёсік. А то будзе на бедны Менск адразу аж тры ўлады…

Уваходзіць Рак-Міхайлоўскі з даволі важкім і груваздкім тэлеграфным апаратам.

Рак-Міхайлоўскі. Здароў, Макар! Падхапі ды на стол пастаў апарацік, калі хочаш дапамагчы ўладу захапіць знянацку і назаўсёды…

Краўцоў дапамагае.

А я пакуль да лініі яго падключу. (Цягне провад ад апарата і знікае з ім за дзвярыма.)

Прысутныя разглядаюць апарат. Уваходзіць Рак-Міхайлоўскі, садзіцца за апарат, кладзе руку на ключ.

(Узбуджана, радасна). Усім! Усім! Усім!.. (спыняецца.) Не, гэта пакуль рана. Дачакаемся Езавітава… А пакуль — самае неадкладнае і галоўнае. (Вымае з нагруднай кішэні паперку, перадае Краўцову.) Дыктуй, Макар! Толькі не спяшайся. Даўнавата не садзіўся за інструмент…