Краўцоў (дыктуе). Смаленск ТЧК Пашычу через чиновника Поклазон к Вронскому ТЧК Необходимо отдать распоряжение двум-трем военным начальникам, чтобы в срочном порядке направили людей в Бобруйск, обсервационный пункт ТЧК Там нужно 1000 белорусов ТЧК Спешить ТЧК Результат ждем ТЧК Рак-Михайловский. (Падае Краўцову наступную паперку. Той дыктуе.)
Гомель, военскому начальнику ТЧК Всех прибывших к вам белорусов направляйте в крепость Бобруйск, обсервационный пункт ТЧК Рак-Михайловский ТЧК.
Рак-Міхайлоўскі (пад стук тэлеграфнага ключа). Киев, Белвойскрада, Алексюку. В Бобруйск немедленно направьте две тысячи людей. Спешите. В Видбор по желдор, в 641-ю Донскую дружину направьте тысячу пятьсот человек ТЧК Немедленно ТЧК Рак-Михайловский. (Зморана апускае руку.)
Лёсік, Гарун і Смоліч апладзіруюць. Краўцоў да іх далучаецца.
Лёсік. Як доўга мы чакалі музыкі на гэтым інструменце, ды яшчэ ў тваім выкананні, браце Сымоне. (Абдымае Рак-Міхайлоўскага.)
Краўцоў. А чаму ўсіх у Бабруйск, а не ў Менск?!.
Рак-Міхайлоўскі. А гэта ўжо вайсковая таямніца.
Гарун. Каб твой Шантар не даведаўся, а то дагоніць Мясніка ды данясе.
Лёсік. Ці сам за імі ўляжаш, як дурное жарабя за вагонам.
Краўцоў (пакрыўджана). Ну, за каго вы мяне лічыце?! Я ж да вас прыбег, а не за вагонам тым пусціўся, сваю хату пакінуўшы.
Смоліч. Смехам мы, Макар, смехам. А ты жартаў не разумееш.
Краўцоў. Бо дурныя жарты…
Смоліч (да ўсіх). Мы тут са спадарамі Алесем і Язэпам прыкінулі прыкладны склад кандыдатаў у народныя сакратары.
Гарун. Бадай што так мы назавём першы беларускі ўрад — Народны сакратарыят.
Смоліч. Абвесцім сакратарыят разам з Першай Устаўной граматай да народу Беларусі.
Лёсік. А папярэдне хацелася б ведаць тваю думку, Сымон, як галоўнакамандуючага нацыянальнымі войскамі і тваю, Макар, як беспартыйнага прадстаўніка ад люду простага паспалітага, што трымаецца сваёй хаты.
Краўцоў. Ад люду простага — згодзен выказацца.
Смоліч (перадае аркуш Краўцову). Спачатку прачытай, але так, каб за сэрца ўзяла!
З’яўляюцца радасна ўзбуджаныя Езавітаў, Бадунова, Серада, Грыб, Варонка і яшчэ тры-чатыры статысты.
Лёсік (нецярпліва). Ну, што там, Кастусь?!
Езавітаў. А нічога такога асаблівага. Горад з палякамі падзяліў пакуль па Нямізе — ім паўночная частка, нам — уся астатняя. Заместа гарнізона Крывашэіна цяпер мой гарнізон наводзіць парадак у горадзе.
Лёсік. А чаму б табе, спадар Варонка, як старшыні Выканкама Рады Усебеларускага з’езда не прызначыць Кастуся Езавітава камендантам Менска?..
Варонка. А я менавіта яго і прызначаю і віншую! (Паціскае руку Езавітаву.)
Езавітаў. Гэта я вас усіх віншую, бо ўлада наша! Ды і не так ужо складана было яе ўзяць, як бальшавіцкія ўладары збеглі, а нямецкія яшчэ не з’явіліся. Трэба думаць як яе ўтрымаць, калі з’явяцца. Таму прашу цябе, Сымон, адстукай мой загад нумар адзін усім, усім, усім аб тым, што падыходзячая нямецкая армія павінна ўбачыць спакойнае мірнае жыццё насельніцтва, якое не жадае бязглуздай вайны!
Варонка. Згода! Але захаваем фармальнасць і паслядоўнасць — спачатку перададзім усім, усім наступнае: выстуквай, Сымон. (Дыктуе.) Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езду ўзяў уладу ў свае рукі. Дзеля наладжвання парадку ў горадзе Менску назначаны камендантам грамадзянін Езавітаў. Прапануецца салдатам, якія знаходзяцца ў горадзе Менску, і ўсяму начальству трымаць самы строгі парадак. Усім арганізацыям, якія ўзялі на сябе ахову асобных частак гораду, зварочвацца да каменданта. Пляц Волі каля былога Дома губернатара.
Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езду.
Жыве і жыцьме Беларусь!
Усе прысутныя. Жыве! Жыве! Жыве!
Рак-Міхайлоўскі заканчвае перадачу тэлеграмы. Апладысменты прысутных.
Краўцоў. Рана плёскаем. Дзяржаве вольнай трэба сцяг, герб і гімн!
Гарун. Сцяг і герб у нас ёсць, гістарычныя. А словы гімна напішы, калі ў гісторыю трапіць хочаш. У цябе можа атрымацца…
Краўцоў (разгублена). У мяне?..
Лёсік. А чаму б і не?.. А пакуль чытай, што ў руках трымаеш!
Краўцоў (узнёсла, урачыста, з гонарам).