Выбрать главу
Устаўная грамата да народу Беларусі

Радзімая старонка наша апынілася ў новым цяжкім становішчы. Дзе цяпер уласьць, што тут была, німа ведама. Мы стаімо перад тым, што край наш можа быць заняты нямецкімі войскамі.

Вы павінны ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі.

Беларускі Народ павінен зьдзейсьніць сваё право на поўнае самавызначэнне, а нацыянальныя меньшасьці на нацыянальна-персанальную аўтаномію.

Право нацыяў павінно знайсьці сваё зьдзяйсьненьне шляхам скліканьня на дэмакратычных пачатках Устаноўчага Сойму.

Але і да скліканьня Сойму ўся ўлада на Беларусі павінна належыць тым народам, якіе на ёй жывуць.

Выканаўчы камітэт Рады Першаго Усебеларускаго з’езду, даданы прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меншасьцяў, зьдзяйсьняючы задання з’езду, абвяшчае сябе тымчасоваю уладаю на Беларусі, паходзячаю да кіраваньня краям і да найхутчэйшаго скліканьня Усебеларускаго Устаноўчаго Сойму, на аснові агульнаго, простаго, роўнаго і прапарцыянальнаго выбарчаго права, дзеля ўсяго дарослаго насялення, ні рахуючыся з нацыянальнасьцю, рэлігіяй і полам.

Тымчасовую народную ўладу краю, якая паставіць сабе заданьня абароны і зацьверджаньня здабыткоў рэвалюцыі, будзе зьдзяйсьняць створаны намі Народны сэкратарыят, які з гэтаго дня пачаў выпаўняць свае абавязкі. Асабісты склад Сэкрэтарыяту будзе апублікаваны потым.

Дана у Менску-Беларускім … лютага 1918 року. Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускаго з’езду.

Народны Сэкрэтарыят Беларусі з гэткіх асобаў:

Народны сэкрэтар ўнутраных спраў I. Макрэяў, міжнародных спраў — Я. Варонка, прасьветы — А. Смоліч, справядлівасьці — Е. Бялевіч, народнай гаспадаркі — I. Серада, шляхоў — В. Рэдзька, грашовых спраў — Г. Белкінд, апекі — П. Бадунова, Вялікарускіх спраў — П. Злобін, почты й тэлеграфаў — А. Карач, контролю — П. Крэчэўскі, земляробства — Т. Грыб, упаўнаважаны па вайсковых справах — К. Езавітаў, загадчык справаў сэкрэтарыяту — Л. Заяц.

Тымчасовы старшыня Народнаго сэкрэтарыяту Беларусі і народны сэкрэтар загранічных справаў Язэп Варонка.

Усталёўваецца доўгая паўза. Яе парушае Краўцоў.

Краўцоў. Пра ўрад-сакратарыят меркаваць не бяруся. А Грамата не гадзіцца. Уладу нібыта і ўзялі і аўтаномію тую ў складзе Расіі не згадалі, а дзяржавай, сваёй, назваць не адважыліся. Нібы схітрылі, спалавінілі. Не тая Грамата, якую народ і я асабіста чакаю. Калі ўжо рушылі, то трэба ісці да канца — да Беларускай Рэспублікі вольнай і непадлеглай ні чорту з Усходу, ні д’яблу з Захаду. Да канца ці ніяк, калі ўжо вольна казаць ад люду простага паспалітага.

Пакой узрываецца апладысментамі. Тэлеграфны апарат адстуквае марзянку, Рак-Міхайлоўскі моўчкі счытвае тэкст з тэлеграфнай стужкі.

Сцэна зацямняецца.

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

VIII

Гісторык. 21 лютага 1918 года Выканаўчы камітэт Рады, выконваючы волю Усебеларускага з’езда, аб’явіў сябе вышэйшай уладай у Беларусі, вылучыў са свайго складу першы беларускі ўрад на чале з Язэпам Варонкам і паабяцаў хуткае скліканне Усебеларускага ўстаноўчага сходу. Узнавілася дзейнасць гарадской думы. На супрацоўніцтва з новым урадам пагадзіліся вядомыя земскія дзеячы. Але самастойнай дзяржаўнай дзейнасцю беларусы займаліся нядоўга. Газета «Белорусская земля» ці то з іроніяй, ці то з жалем адзначыла: «Белорусский народ может смело вписать в свою многовековую историю прекраснейшую идиллию о белорусском правительстве, существовавшем пять дней. Этого нельзя не воспринять с жаром в сердце, ибо это была действительность из мечты, это был апогей белорусского национально-политического возрождения».

25 лютага ў Мінску запанавалі немцы. Камандуючы 10-й нямецкай арміяй генерал Эрых фон Фалькенхайн беларускай улады не прызнаў, але дзейнасць яе не забараняў, хоць на перамовы з ёй не даваўся. Пры сустрэчы з урадавай дэлегацыяй працытаваў з Святога Дабравесця паводле Лукаша: «I я кажу вам: прасеце, і дасца вам, шукайце, і знойдзеце, стукайцеся, і адчыніцца вам: бо кожны просьбіт атрымлівае, і шукальнік знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць».

Гэтую параду ўрадаўцы выкарысталі напоўніцу. Афіцыйна не прызнаны ўрад тым не менш атрымаў магчымасць распачаць не толькі шырокую культурную, але і нарматыўную дзейнасць ды ратаваў Беларусь, якую сумежныя дзяржавы расцягвалі на кавалкі.

Найперш, 9 сакавіка, Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда ў адказ на Брэсцкую мірную дамову, якая дзяліла Беларусь паміж Расіяй і Германіяй, выдае Другую Устаўную грамату да народаў Беларусі, якая з’яўляецца канстытуцыйнай і па сваім дэмакратызме становіцца вышэй за канстытуцыю савецкай Расіі. Гэтай граматай і было дэкларавана ўтварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, да стварэння якой немцы ніякага дачынення не мелі, як і да яе дзяржаўных структур. I Выканаўчы камітэт Рады, кіруемы Беларускай сацыялістычнай грамадой, прымае рашэнне ісці ў дзяржаўным будаўніцтве далей і супольна з Віленскай беларускай радай…