Выбрать главу

Сцэна асвятляецца.

У пакоі Гарун, Лёсік, Смоліч, Захарка і Варонка. Нарада паплечнікаў-аднадумцаў крыху паспешлівая, ад таго і нервовая, напружаная.

Смоліч. Я даўно кажу: у нас адна доля з Украінай. Яна, канешне, апярэдзіла нас у стварэнні незалежнай Рэспублікі, але ж дарога ў нас адна! Сённяшні дзень Украіна — гэта наша заўтра. Украіна зараз у авангардзе нацыянальнага руху. А некалі, як і мы, імкнулася да федэрацыі з Расеяй. Але ж часы мяняюцца і момантаў упускаць нельга. На каго ставіць? А ні на каго. Немцы нас да пары церпяць… Ды сэрца маё да іх не ляжыць, як і да палякаў, што мяжу сваю бачаць за Смаленскам. Пра Расею і казаць нічога не хачу…

Варонка. Даліся табе гэтыя немцы! Немцы як немцы… Мы прыглядаліся да акупантаў, акупанты прыглядаліся да нас.

Лёсік. I моўчкі…

Гарун. Калі ў першы дзень свайго гаспадарання выкінулі нас з памяшкання і сцяг з будынка сарвалі ды дзяржаўную казну сканфіскавалі, то пасля ж вярнулі і амаль павініліся…

Смоліч. У тым і справа, што амаль…

Варонка. А ты чаго хацеў?

Смоліч. Нічога я ад іх не хачу. Зразумець не магу, як і чаму яны сцярпелі абвяшчэнне БНР? Нібы нічога і не здарылася! А як аб’явім незалежнасць?!.

Лёсік. Пра незалежнасць першым Макар Краўцоў сказаў вунь калі… I яе трэба каваць, пакуль не астыла…

Смоліч. Як сябе трымаў Фалькенхайн пры перамовах?

Варонка. Звычайна. Гамонка на гэты раз доўжылася больш за дзве гадзіны пры поўнай лаяльнасці генерала. Былі закрануты самыя розныя бакі становішча на Беларусі. Мне падалося, што немцы ведаюць становішча ў Менску і краі на многа лепш, чым мы думаем. Гаворка вялася ў рэчышчы менавіта дзяржаўнага ўладкавання Беларусі. Што да непаразуменняў і наскокаў на нас, то Фалькенхайн патлумачыў іх непаразуменнямі, якія мелі месца па прычыне лжывых прадузятых даносаў і абвінавачанняў беларускіх дзеячаў у бальшавізме.

Смоліч. Гэта абнадзейвае, і мы дапускаем прыняцце Трэцяй Устаўной граматы, якой і аб’яўляем Беларускую Народную Рэспубліку незалежнай дзяржавай. Так?..

Гарун. Калі Фалькенхайн і гэта сцерпіць, будзем чакаць, што Берлін першым прызнае незалежную БНР.

Лёсік. У нямецкай акупацыйнай палітыцы ў адносінах да БНР праглядаюцца дзве лініі — як на ўзроўні дзяржаўным, так і канкрэтным, мясцовым. З аднаго боку — непрызнанне БНР афіцыйным Берлінам. З другога — падтрымка яе праз X нямецкую армію і асабіста яе камандуючага, які ў адносінах з намі, як мне здаецца, заходзіць даволі далёка.

Гарун. Ведаць бы, што за гэтым стаіць…

Смоліч. Што б ні стаяла, ідзем на незалежную Беларускую Народную Рэспубліку!..

Лёсік. Больш прыдатнага моманту бадай што не будзе…

Смоліч. Значыць, згода?!

Варонка і Гарун (амаль разам). Згода!

Смоліч. Вільні, Віленшчыне, асабіста Луцкевічу, а ён з хвіліны на хвіліну будзе тут, ставім умову: адмовіцца ад ідэі стварэння Беларуска-Літоўскай дзяржавы і разам з намі ісці на незалежнасць БНР і на аб’яднанне Беларусі ў яе этнаграфічных межах.

Лёсік. Варта прыкінуць, хто на Радзе нас падтрымае, а хто будзе супраць.

Смоліч. Па палітычнай прыналежнасці бальшыня Рады належыць да Грамады.

Гарун. Меншавікі, жыдоўскія і польскія партыі правасацыялістычнай арыентацыі ідэю незалежнасці не падтрымаюць, гэта безумоўна.

Варонка. Пасля прыняцця Другой Устаўной грамады і пракламавання БНР эсэры ад меншавікоў адкалоліся і хістануліся ў наш бок. А ў сваёй газеце заявілі (зачытвае): «Всебелорусское Учредительное собрание и все подготовленные к нему шаги должны встретить на местах у наших товарищей социалистов-революционеров самую решительную и энергичную поддержку, и мы, социалисты-революционеры, должны принять в делах Белорусской Республики самое деятельное участие, внося в молодое и слабое еще белорусское движение свой опыт и все свои силы и знания».