Выбрать главу

Смоліч. Я не веру эсэрам…

Гарун. I дарэмна. Гэта ж нашы эсэры, а не расейскія.

Смоліч. Не бачу розніцы з расейскімі…

Уваходзіць Луцкевіч.

Луцкевіч. Маё шанаванне грамадзе і грамадоўцам. (З Смолічам абдымаецца, з іншымі здароўкаецца за руку.) Я ведаю, што Беларуская Рада ўжо ў зборы. I тым не менш некалькі слоў у вузкім коле, каб былі зразумелыя і мой прыезд, і мая рашучасць. Зусім нядаўна мы правялі беларускую канферэнцыю ў Вільні, каб абмеркаваць становішча. У палітычнай рэзалюцыі паспрабавалі яшчэ раз вылучыць пытанне аб дуалістычнай ці нават тройсцвеннай дзяржаве: беларуска-літоўска-латышскай як адзіна рэальнай з гаспадарчага пункту гледжання і дастаткова значную, каб уяўляць рэальную баявую сілу. Рэзалюцыя гэта была паслана нямецкаму канцлеру, але нямецкі ўрад на яе не адрэагаваў. Здарылася новая падзея, якая змяніла агульную палітычную сітуацыю: нямецкія войскі прасунуліся далей на Усход. Я не думаю, што бальшавікі здолеюць устаяць. I нашы надзеі на блізкае развязанне беларускага пытання сталі зноў на рэальную глебу. Брэст-Літоўскай мірнай дамовай германцы прымусілі Расею адмовіцца ад усялякіх прэтэнзій на Заходнюю Беларусь. Праз ліставанне з вамі і праз газету «Гоман» ды іншыя мы ў курсе ўсіх падзей у Менску. Ваш настрой поўнасцю супадае з нашым — Віленская беларуская рада з вамі. Яна таксама нацыяналістычна, яна таксама супрацьпастаўлена бальшавіцкай уладзе. Мы, як і вы, ускладаем надзеі на прызнанне БНР Германіяй. Нам прыемна ваша запрашэнне да сумеснага абмеркавання палітычнага становішча і неабходнасці сумесных дзеянняў. Мы, вядома ж, удзячны за кааптацыю віленчукоў у Беларускую Раду і прыехалі ў Менск з надзеяй, што, нарэшце, прыходзіць пара рэалізацыі іншых планаў — нацыяналістычных і выразна контррэвалюцыйных, калі бальшавіцкі пераварот у Піцеры можна лічыць рэвалюцыяй. I да ведама: Віленская беларуская рада больш не настойвае на ідэі стварэння Беларуска-Літоўска-Латвійскай дзяржавы, але не адкідае магчымасці ў перспектыве мець канфедэрацыю або злучаныя штаты Беларусі, Украіны, Літвы і Латвіі. А сёння пераходзім на пазіцыі поўнага незалежніцтва Беларусі ад каго б там ні было.

Па Берасцейскай мірнай дамове Савецкая Расея, разглядаючы Беларусь не як асобны край, а як «ряд губерний Северо-Западной области России», падзялілася Беларускай зямлёй з немцамі, аддаўшы ім Віленшчыну і Гарадзеншчыну. I будзем лічыць, што на грунце толькі гэтых двох фактараў канчаткова збанкрутавала старая палітычная канцэпцыя ўсерасейскага федэралізму. Цяпер мы фактычна ідзем на нацыянальную рэвалюцыю. I далейшая работа беларусаў будзе работай над рэалізацыяй незалежніцкага ідэалу. Хопіць ужо Беларусі лічыць сябе сябрам Расіі, калі тая яе за гэтага сябра не лічыць.

Спадар Аркадзь Смоліч пазнаёміў мяне з праектам Трэцяй Устаўной граматы. Гэты дакумент і рашэнне Беларускай Рады па яго сцверджанні мусяць стаць гістарычнай з’явай XX стагоддзя. Не смею больш займаць вашай увагі.

Смоліч. Паважаны Антон Іванавіч, мы разлічваем на ваш выступ на Радзе.

Луцкевіч. Як дамовіліся…

Смоліч. Асноўныя тэзы майго дакладу. Першае. Падзел Беларусі па Берасцейскаму трактату не можа быць цярпімым беларусамі. Другое. Калі савецкі ўрад не можа ануляваць свой подпіс супраць падзелу Бацькаўшчыны, то павінны пратэставаць самі беларусы. Трэцяе. Неабходна для гэтага аб’явіць незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, бо толькі тады яна зможа патрабаваць звароту сваіх зямель, калі выступіць у якасці суверэннай дзяржавы.

Луцкевіч. Стаўлю да ведама прадстаўнікоў Народнага Сакратарыята БНР і кіраўніцтва Беларускай сацыялістычнай грамады, што пакідаю за сабою права агалосіць на пасяджэнні Беларускай Рады чацвёртую тэзу: парываючы дзяржаўную сувязь з бальшавіцкай Расеяй, нічога іншага не выпадае, як абаперціся на Германію, замацаваўшы саюз з ёю ў той ці іншай форме — гледзячы па абставінах… Дарэчы, толькі пасля разрыву Літувы з Расейскай Федэрацыяй, Германія ўчора прызнала яе незалежнай рэспублікай. Настаў і час Беларусі!

Сцэна зацямняецца. Заслона апускаецца.

Гісторык (з прасцэніума за залы). На пасяджэнні Рады, якое пачалося а 8 гадзіне вечара 24 сакавіка 1918 года, фракцыя Беларускай сацыялістычнай грамады ўнесла прапанову аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Спавешчанне пра неабходнасць дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі зрабіў кіраўнік фракцыі, фактычны старшыня БСГ, народны сакратар земляробства Аркадзь Смоліч. Абмеркаванне спавешчання доўжылася дзесяць гадзінаў. I толькі каля шостай раніцы наступнага дня рэзалюцыя аб незалежнасці была прынятая. Прыхільнікі саюзу з Расіяй — прадстаўнікі земстваў, гарадоў і яўрэйскага Бунда — апынуліся ў меншасці. Сябры Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай партыі і эсэры ад галасавання ўстрымаліся. Разам з упартай апазіцыяй яны складалі амаль палову Рады. У той самы дзень, 25 сакавіка, пасля перапынку з 7 да 12 гадзінаў пачалося паартыкульнае абмеркаванне Трэцяй Устаўной граматы да народаў Беларусі. I нарэшце каля трэцяй гадзіны дня яна была зацверджана. З 25 сакавіка 1918 года Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржавай, а Брэсцкі мірны дагавор касаваўся. Спрадвечная мара беларускіх барацьбітоў пра сваю незалежную краіну, насуперак волі вялікіх дзяржаў, пачынала здзяйсняцца.