Выбрать главу

I з акцыяй 25 сакавіка ўжо не маглі і не могуць не лічыцца нават ворагі беларускай дзяржаўнасці.

На фоне музыкі Уладзіміра Тэраўскага да гімна БНР на словы Макара Краўцова перад заслонай выходзяць Аркадзь Смоліч, Макар Краўцоў і становяцца побач з Гісторыкам.

Смоліч (узнёсла і ўрачыста чытае перад тэатральнай залай.)

3-я Устаўная грамата Рады Беларускае Народнае Рэспублікі

Год назад народы Беларусі разам з народамі Расеі скінулі ярмо Расейскага царызму, які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь, ні пытаючыся народу, укінуў наш край у пажар вайны, якая чыста зруйнавала гарады і вёскі беларускія. Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці, якое гвалтам накінулі расейскіе цары на наш вольны і незалежны край. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю і вольнаю дзяржавай. Самі народы Беларусі ў асобе свайго Устаноўчага Сойму пастановяць аб будучых дзяржаўных звязах Беларусі.

На моцы гэтага трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя звязы, якія далі магчымасці чужому ўраду падпісаць і за Беларусь трактат у Берасці, што забівае на смерць беларускі народ, дзелючы зямлю яго на часткі. На моцы гэтага ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі мае ўвайсці ў адносіны з зацікаўленымі старанамі, прапануючы ім перагледзець тую часціну Берасцейскага трактату, якая датычыць Беларусі, і падпісаць міравую ўмову з усімі ваяваўшымі дзяржавамі.

Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбенную перевагу беларускі народ, а ласьне: Магілёўшчыну, беларускія часці Міншчыны, Гродненшчыны (з Гродна, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часці суседніх губерняў, заселеныя беларусамі.

Беларуская Народная Рэспубліка падцверджывае ўсе тыя правы і вольнасць грамадзян і народаў Беларусі, якія абвешчаны Устаўной граматай ад 9 сакавіка 1918 року.

Абвяшчаючы аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада яе пакладае свае надзеі на тое, што ўсе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры здзейсніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дана ў Менску-Беларускім 24 сакавіка 1918 року.

Музыка ўзмацняецца, Макар Краўцоў, Аркадзь Смоліч і Гісторык запяваюць гімн БНР. Заслона паднімаецца. За плячыма ў Смоліча, Краўцова і Гісторыка бел-чырвона-белы сцяг з выявай «Пагоні».

Беларускі нацыянальны гімн
Мы выйдзем шчыльнымі радамі На вольны, родны свой прастор. Хай воля вечна будзе з намі, А гвалту мы дамо адпор.
Няхай жыве магутны, сьмелы Наш беларускі вольны дух; Ужо сьцяг бел-чырвона-белы Пакрыў сабой народны рух.
На бой! за шчасьце і за волю Народу слаўнага свайго! Браты, цярпелі мы даволі… На бой! — усе да аднаго!
Імя і сілу беларуса Няхай пачуе й бачыць той, Хто сьмее нам нясьці прымусы I першы выкліча на бой.
Браты, да шчасьця мы падходзім. Хай гром грыміць яшчэ мацней! У крывавых муках мы народзім Жыцьцё Рэспублікі сваёй!

Сцэна зацямняецца.

IX

Гісторык. Пасля абвяшчэння акта аб незалежнасці Беларусі прадстаўнікі земстваў і гарадоў (сябры пераважна рускіх і яўрэйскіх партыяў) выйшлі з Рады БНР — не маглі адмовіцца ад свайго ідэалу адзінай і непадзельнай Расіі. Немцы разагналі Раду БНР і Народны Сакратарыят у дзень абвяшчэння незалежнасці, але нікога не арыштавалі. У пошуку кампрамісу Рада кааптавала ў свой склад дзеячоў Беларускага народнага прадстаўніцтва, якое ўзначальваў Раман Скірмунт. Гэта супакоіла немцаў (Скірмунт не раз сустракаўся з генералам Фалькенхайнам), але прывяло да крызісу, свары і расколу ў Народным Сакратарыяце, дзе перавагу атрымалі паплечнікі Скірмунта, які іх узначаліў як старшыня Народнага Сакратарыята. Найперш яны супраціўляліся перадачы зямлі сялянам і настойвалі на далейшым збліжэнні з акупантамі. Сацыялістычная афарбоўка Рады і Народнага Сакратарыята паблякла…