Выбрать главу

Сцэна асвятляецца.

За сталом на фоне бел-чырвона-белага сцяга з «Пагоняй» уладкаваўся Раман Скірмунт. На крэслах размясціліся Варонка, Лёсік, Серада і яшчэ тры-чатыры незнаёмцы. Уваходзяць Бадунова, Гарун, Смоліч, Грыб і Захарка. Скірмунт выходзіць з-за стала. Смоліч ад вітання ўхіляецца, папраўляючы сваю чупрыну, а рука Скірмунта павісае ў паветры.

Скірмунт (уладкоўваючыся за стол). Рад бачыць шаноўнае спадарства ў зборы, бо, на жаль, даўно не бачыліся…

Смоліч (даволі дзёрзка). Нас прывяло сюды не столькі запрашэнне пана Скірмунта, колькі абставіны ў краіне, а дакладней у дзяржаве…

Скірмунт. Для выхаванага чалавека заўвага не самая ветлівая, але ж чаго не бывае ў палітыцы…

Гарун. Відаць, мы інакш разумеем палітыку і тыя самыя абставіны ў дзяржаве…

Скірмунт (прымірэнча). Абставіны сапраўды няпростыя. I ёсць патрэба параіцца (глядзіць на Смоліча) найперш з Грамадой, выпрацаваць нейкія агульныя крытэрыі паводзін і барацьбы за тую ж дзяржаву і дзяржаўнасць. Скажу не тоячыся, спробы нашы выйсці на ленінскі ўрад праз нямецкае ваеннае камандаванне, каб дамовіцца пра аб’яднанне з тэрыторыяй БНР яе ўсходніх зямель, пакуль не ўдалося. Выхад на камісара замежных спраў Расеі Чачэрына для перамоваў аб прызнанні БНР таксама не адбыўся. Затое ўдалося стварыць прадстаўніцтва БНР на Украіне, у Літве, дыпламатычныя лісты пайшлі ў Варшаву, Берн, Берлін. У Кіеве адкрылі гандлёвую палату.

Бадунова. Гэта тую, што ўжо паспела аскандаліцца?..

Скірмунт. Не буду ад вас хаваць, што мы сталі шукаць паразумення з камандуючым X германскай арміі генералам Фалькенхайнам.

Грыб. Навошта ж хаваць тое, што і так ва ўсіх навідавоку?..

Скірмунт (не зважаючы на рэплікі). Гаворка перш за ўсё ішла пра арганізацыю тэрытарыяльнага апарата ўлады, правілаў выбараў у вёсках, валасцях, пасёлках, гарадах, губернях дзяржаўных органаў БНР і перадачы ў іх рукі акупацыйнай улады. Мы дамагліся пэўнай самастойнасці ў пытаннях гандлю, прамысловасці, аховы грамадскага парадку. Нямецкае камандаванне таксама імкнецца атрымаць у асобе Рады «пасярэдніка паміж нямецкім кіраўніцтвам і беларускім народам» — гэта словы Фалькенхайна.

Захарка. Нам здаецца, што гэтай мэты акупанты ўжо дасягнулі…

Смоліч. З вашага паслушэнства. А далей што?

Скірмунт (рэзка ўстае з-за стала). Немцы ідуць нам насустрач! Дазволілі напісанне і выданне беларускіх падручнікаў. Працуюць курсы настаўнікаў і школьная інспекцыя, пашыраецца сетка пачатковых і сярэдніх школ. Адкрыты беларускі педагагічны інстытут! Працуе беларускі тэатр, таварыства драмы і камедыі, шэраг устаноў культуры. На беларускай мове выходзяць шэсць газет і тры часопісы, працуе 11 выдавецтваў. Адно з іх выдала і вашу кнігу вершаў, шаноўны Алесь Гарун.

Гарун. Усё пералічанае, пан Скірмунт, мела месца пры нас і да вас у гэтым крэсле.

Скірмунт. Але ж я як старшыня ўраду ўсё гэта захоўваю, падтрымліваю, развіваю! Між іншым, я аддаю належнае і старшыні Беларускай Рады спадару Лёсіку і старшыні Выканаўчага камітэта Рады спадару Варонку за тое, што яны паставілі беларускую справу на дзяржаўны грунт.

Смоліч. На дзяржаўны грунт беларускую справу паставіла Беларуская сацыялістычная грамада ў звязку з Віленскай беларускай радай на чале з Антонам Луцкевічам!

Грыб. I хто, акрамя немцаў, пасля гэтага будзе цярпець вас і вашых прыспешнікаў?!

Скірмунт. Гэта нечуваная дзёрзкасць, але вам не ўдасца вывесці мяне з раўнавагі.

Гарун. Ваша дзёрзкасць, з якой вы захапілі ўладу ў створанай намі незалежнай рэспубліцы, мяжуе з нахабствам, якое будзе каштаваць народу свабоды.

Скірмунт. Не трэба аб’яўляць сваёй манаполіі на Беларусь і яе свабоду. Я ўсё сваё жыццё служыў і служу Бацькаўшчыне і нікому больш. Сёння адны западозрываюць мяне ў «нямецкай інтрызе», другія — «у польскай». Гэта хвароба такая ж цяжкая, як і шаленства. Яе ўжо апісваў паважаны Язэп Лёсік. Шалёны круціцца, траціць прытомнасць і кусае ўсіх, хто трапіць на дарозе. Нямецкая, як і польская інтрыгі — гэта атрута, сцвярджаў паважаны аўтар і рэдактар. Атручаны ёю чалавек таксама вар’яцее і робіцца шалёным, але кусае не ўсіх, а толькі здаровых. Хіба гэта не хворыя на розум распускаюць плёткі, што калі людзі ратуюць свой край ад раздзелу і дамагаюцца і ад немцаў, і ад расейцаў, і ад тых жа палякаў прылучэння свае роднае беларускае зямлі, як Віленшчына і Гарадзеншчына, да Беларусі, дык праз гэта яны трымаюцца нейкіх інтрыг?!