Так! Я выхаваны ў польскай, а не маскоўскай культуры. Але ж я паляшук, ліцьвін-беларус, нашчадак беларускай, а не рускай ці польскай, найстаражытнай сям’і. Мае продкі да XVII і пасля XVII стагоддзя, як і я сам, у побыце карысталіся і карыстаемся сваёй, тутэйшай мовай. Я заўсёды быў і застаюся адданы свайму народу — ягонае месцазнаходжанне не за Нёмнам і Бугам і не на Волзе, а тут, на Беларусі, у старажытнай Літваніі! Я ўсё жыццё шукаў шэрагі, каб стаць да працы, калі праб’е патрэбная гадзіна. Маім імкненнем заўсёды было і ёсць бараніць свабоду веравызнання, свабоду навучання, свабоду народнага развіцця, свабоду эканамічнага развіцця. У аснове сваёй я кансерватар і ў адрозненне ад сацыялістаў, — контррэвалюцыянер, якой бы рэвалюцыі гэта ні тычылася.
Гарун. Навошта ж было контррэвалюцыянеру лезці ў рэвалюцыю?
Скірмунт (распаляецца). Вялікі кавалак зямлі паміж Дняпром і Віслай праз вякі мае сваю гісторыю і ўласныя традыцыі, да гэтага дня нязгасныя. Насяленцы гэтай зямлі захоўвалі свае рысы, звычаі, мову і павінны сёння ў пераменныя хвіліны хутчэй, чым калі-небудзь, адчуваць, мысліць і працаваць за сябе саміх, адкідаючы імпартовыя натхненні, з якога б боку яны не прыходзілі. У гісторыі… ў гісторыі мы чэрпаем указанні для будучыні, а не ў Карла Маркса! Хто ўмее глядзець у мінулае, вуха таго не будзе глухім і да голасу сучаснага моманту.
Не віна, а бяда многіх і многіх, што заражаны заразай класавага пачуцця да бліжняга. Гэтая зараза праявілася ў нас з усёй жахлівасцю. Дэвіз адабраць у маёмных і падзяліць сярод бедных ператварыўся ў чуму XX стагоддзя.
Бачыце, пан Скірмунт і да яго падобныя не аддаюць сваёй зямлі сялянам! Ды не забярэм мы яе з сабою! Я ў прынцыпе быў і застаюся супраціўнікам нацыяналізацыі зямлі. Я за тое, каб пашырыць сялянскія надзелы найперш за кошт царскіх, царкоўных, манастырскіх земляў, якія павінны падлягаць прымусоваму адчужэнню на карысць малазямельнага. А ў выпадку недахопу зямель прапаную адабраць у землеўладальнікаў тыя землі, якія ім былі падараваны польскімі каралямі, расейскімі царамі ды імператарамі. Адчужаныя землі павінны перадавацца ў распараджэнне нацыянальнага народнага фонду. На правах прыватнай уласнасці зямля павінна належаць селяніну, фермеру, як у Злучаных Штатах Амерыкі ды іншых цывілізаваных краінах. Толькі гэта ўратуе хлебароба ад вечнай кабалы і эксплуатацыі. Фермерская, хутарская, а не кагальная сістэма гаспадарання — адзіная гарантыя правоў і свабод для сялянства. Я ўжо не кажу пра бальшавікоў, якія гатовыя ўсіх загнаць у камуны. Пры дзяржаўнай зямлі сяляне стануць рабамі дзяржавы!
Паратунак ад бальшавізму мы будзем шукаць толькі ў Еўропе. А больш няма ў каго. Прызнаюць Беларускую Народную Рэспубліку немцы, прызнае і ўся Еўропа. А як прызнае, то і абароніць. Прызналі ж яны Літву. Мы павінны не дапусціць працягу адвечнай расейскай акупацыі! Разарваць гэты пастылы азіяцкі ланцуг! (Бярэ са стала аркуш.) Таму і пішам тэлеграму кайзеру Германіі Вільгельму другому. (Зачытвае зварот.)
«Рада Беларускай Народнай Рэспублікі як выбрана прэдстаўніца Беларускага Народа да Вашай Імператарскай Вялікасці са словамі глыбачайшай падзякі за асвабаджэньня Беларусі Нямецкімі войскамі з цяжкаго ўціску чужаго пануючага здзеку і анархіі.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі дэкляравала незалежнасць цэльнае і недзялімае Беларусі і просіць Вашую Імператарскую Вялікасць аб абароне ў яе кіраваннях дзеля ўмацавання государственнай незалежнасці і недзялімасці края ў звязі з Германской Імперыяй.
Толькі пад абаронай Германской Імперыі бачыць край сваю добрую долю ў будучыні».
Прэзыдэнт Рады: Іван Серада.
Прэзыдэнт Сакратарыяту: Язэп Варонка.
Сябры Рады: Раман фон Скірмунт, Антон Овсянік, Паўлюк Алексюк, Пятро Крэчэўскі, Язэп Лиосик.