Выбрать главу

Грыб (устае з крэсла, стрымана, але рашуча). Як удзельнік Вялікай Расейскай рэвалюцыі, я, народны сакратар земляробства, пратэстую супраць такой тэлеграмы германскаму манарху ад імя ўсяго беларускага народу і лічу здрадай рэвалюцыйнаму сацыялізму ўваходзіць у хаўрус з манархам і аддаваць у апеку імперыялістычнай буржуазіі Германіі наш шматмільённы працоўны сялянскі люд. Я, як сацыяліст і рэвалюцыянер, выходжу з Народнага Сакратарыята. Гонар маю, панове здраднікі! (Выходзіць.)

З крэслаў устаюць Гарун, Смоліч, Бадунова і Захарка.

Гарун. Такой здрады і граху перад народам падпісанты гэтага ганебнага паслання ніколі не замоляць ні кожны паасобку, ні ўсе разам.

Бадунова. Прыніжана не толькі годнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, але зняважана і нацыя беларусаў.

Смоліч. Мы ўсе выходзім з ураду здраднікаў, але не зыходзім з барацьбы.

Захарка. Ганьба… найперш нашым былым сябрам.

Усе пратэстанты выходзяць.

Сцэна зацямняецца.

Гісторык. Крызіс ва ўрадзе прывёў да расколу найбольш уплывовай партыі ў Радзе БНР — Беларускай сацыялістычнай грамады. На месцы БСГ узніклі новыя партыі: Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў. Усе яны характарызаваліся левацэнтрызмам. На правых пазіцыях стаялі група Скірмунта — Алексюка і Беларуская хрысціянская злучнасць. Сярод беларускіх клерыкалаў вылучаліся ксяндзы Віцэнт Гадлеўскі, Адам Станкевіч, Александр Астрамовіч (вядомы як паэт Андрэй Зязюля), Фабіян Абрантовіч, Кастусь Стаповіч (ён жа паэт Казімір Сваяк). У палітычнай барацьбе левых з правымі паэтычна-клерыкальны пачатак беларускай дзяржаўнасці якога-небудзь сур’ёзнага пачатку не меў. А далейшыя ўнутраныя сваркі «адраджэнцаў» і ліпеньскі 1918 года ўрадавы крызіс змяніў Рамана Скірмунта і яго паплечнікаў, а старшынёй Рады народных міністраў і міністрам замежных спраў БНР з кастрычніка стаў сацыял-дэмакрат, вопытны палітык, вядомы грамадскі дзеяч, гісторык, публіцыст, літаратурны крытык і выдавец Антон Луцкевіч. Ён і ўвойдзе ў гісторыю як апостал нацыянальнага адраджэння. Скірмунт жа ва ўрадзе Луцкевіча будзе займацца міжнароднымі справамі і стане прадапошняй ахвярай бальшавізму з кагорты адраджэнцаў. (Ідзе да свайго рабочага стала, садзіцца ў крэсла, закрывае твар рукамі.)

X

Перад сталом узнікае здань Скірмунта.

Скірмунт. Вы хацелі мяне бачыць? У вас ёсць пытанні да прадапошняга старшыні ўрада БНР?.. Не можаце вызначыцца ў адносінах да пана Скірмунта?

Гісторык. Так, Раман Аляксандравіч.

Скірмунт. А што вас уласна засмучае ў маёй асобе?

Гісторык. Вашы сучаснікі так званай дэмакратычнай адраджэнскай плыні…

Скірмунт. Дакладней — сацыялістычнай плыні…

Гісторык. Абвінавацілі вас у здрадзе; бальшавікі аднеслі да «ворагаў народа»; нямецкія акупанты ставілі на вас, як вы ставілі на іх; сучасныя мне літаратары знаходзяць у вашай дзейнасці рысы непадробнай самаадданасці Айчыне…

Скірмунт. А вас што ў ва мне цікавіць?

Гісторык. Чалавечая сутнасць знакавай фігуры другой паловы XIX стагоддзя і першай — ХХ-га.

Скірмунт. Можаце з поўным правам аднесці Скірмунта да фігураў трагічных абодвух стагоддзяў. Але няхай вас гэта не вельмі займае, бо гісторыя, на жаль, не мае ўмоўнага ладу. А Беларусь, вам сучасная, зноў на ростані, на лёсавызначальным раздарожжы, як і тады, напачатку XX стагоддзя. I яе новым фігурантам, як трагічным, так і фарсавым, давядзецца выбіраць: ці зноў лезці ў імперскае расейскае ярмо, ці прычыніцца да аб’яднанай цывілізаванай Еўропы, лёс якой сёння вырашае не адна Германія. Перад вамі, постсавецкімі, паўстала жорсткая дылема: ці нешта выбраць новае, ці зноў застацца на стагоддзі ва ўмовах унутранай акупацыі. Дык ці варта траціць час на высвятленне нашых памылак, подзвігаў і ахвяр. А калі казаць пра сябе, то перад вамі душа сумленнага беларуса. Настолькі сумленнага, што энкэвэдысты ад вызваліцеляў Заходняй Беларусі нават не заводзілі на пана Скірмунта следчай справы, а даручылі прапойцам з тутэйшых застрэліць неадкладна. I тыя застрэлілі. Перад стрэлам мне і ўспомнілася парада Леніна таварышу Сталіну: беларускіх адраджэнцаў-бэнээраўцаў «приласкать и уничтожить». Каго прылашчылі, а каго і не. А разам вынішчылі амаль 900 асобаў, і якіх?! …Каб адраджэнцаў Беларусі XXI стагоддзя не пачалі адстрэльваць зноў, не памыляйцеся самі і не дапускайце здрады.