Выбрать главу

Што гэта ёсць? Гэта ёсць вынік русіфікацыі, маскалізацыі і пераліцоўкі народу на свой капыл. Гэта можна цярпець далей? Правільна! Няможна. Таму мы, нацыяналістыя, і падняліся. I няма такой сілы, якая б нас спыніла. Мы дажыліся да таго, што расейцы з нас кпяць і смяюцца, як з чукчаў. Гэтага цярпець больш немагчыма. Але змагацца трэба не войскам, а ідэйна ўсеагульнай культурнай і асветнай працай. Трэба на сход, на ўсенародны сход, як кліча Янка Купала. У мяне пакуль усё.

Скірмунт. Які бліскучы ўзор нацыяналізму па-беларуску!

Смоліч. Я не стаў перапыняць гарачага выступу Макара, аднак усіх прашу да парадку і пачнем нараду.

Лёсік. Як мне здаецца, нарада пачалася і з самага галоўнага. А гарачага і нават палымянага нашай рэвалюцыі якраз і не хапае… пры добрым сваім войску.

Серада. Вядома ж галоўнае — гэта сваё войска. Без яго тут такая залева з маразмам можа пачацца, што…

Шантыр. Мужыкі, вы сапраўды збіраецеся ваяваць з Расеяй?

Выходзіць.

Гарун. Мы збіраемся ад яе абараняцца. А каб перамагчы будзем гуртавацца. Гуртавацца ўсім народам. I без гарачага, палымянага слова праўды тут не абысціся.

Гольман. Мы с Канчером за «згуртаванасць», но будем сами по себе.

Прыпазніўшыся ўваходзіце Фальскі і ціхенька займае месца каля дзвярэй.

Гісторык. Усевалад Фальскі — акцёр, тэатральны і грамадскі дзеяч.

Смоліч. Вельмі важна, каб на нарадзе быў парадак, хоць жывы абмен думкамі справе не пашкодзіць. Дазволю сабе некалькі слоў, каб толькі вызначыць галоўную мэту і накірунак нашай прамежкавай нарады перад важнай, а можа і гістарычнай, лёсавызначальнай падзеяй. Кожны з нас разумее, што склад гэтае нарады неаднародны, але сустрэча не выпадковая. Мэта яе аб’яднаўчая, бо Айчына ў небяспецы, як ніколі. Кастрычніцкі пераварот у Петраградзе, здаецца, не нясе нічога добрага нашай Бацькаўшчыне. Відавочна і тое, што Троцкі на перамовах здасць немцам Заходнюю Беларусь, а Усходняя застанецца пакуль за Расеяй. Літва нацэлілася на Віленшчыну і Гарадзеншчыну, Украіна акупавала Гомельшчыну і ўлезла на беларускае Палессе. Напярэдадні Усебеларускага з’езда нам, хто ўзначальвае беларускія нацыянальныя арганізацыі, партыі і іншыя структуры, хоць бы наблізіцца да адзінства, да аб’яднання нашых сілаў у адказны час гісторыі ды вызначыцца ў сваіх дзеях і намерах, абраць адзіна правільны і праведны шлях у абароне вольнай і адзінай Бацькаўшчыны, а не распачынаць вайну супраць Расіі, якой так баіцца наш нацыяналіст Макар Краўцоў.

За Вялікую беларускую раду і яе намеры скажа паважаны Алесь Гарун.

Гарун. Найперш скажу, што Вялікая рада пры падтрымцы Беларускай сацыялістычнай грамады і Цэнтральнай беларускай вайсковай рады разглядае сябе як зародак вышэйшага органа дзяржаўнай улады і ў сувязі з гэтым мае намер уключыць у свой склад прадстаўнікоў ад гарадскіх дум, павятовых і валасных земстваў ды нацыянальных меншасцей. I гэта нармальна, бо дэмакратычна. А тое, што некаторыя сябры Вялікай рады, асабліва грамадаўцы так званай левай плыні ды піцерскія беларусы на чале з Канчарам бачаць Беларусь аўтаноміяй у складзе федэратыўнай Расіі, а цяпер яшчэ і бальшавіцкай, няправільна! Няправільна таму, што наша аўтаномія ў складзе Расіі нічым не будзе адрознівацца ад губернатарства генерала Мураўёва ці «Северо-Западной коммуны» прапаршчыка Мяснікова. А ствараць Беларусь краёвую ды ставіць яе разам з Літвой пад пагрозу новай уніі з Польшчай, як гэта бачыць пан Скірмунт, наогул было б злачынна.

Скірмунт. А сам шаноўны паэт Алесь Гарун Айчыну нашу якой бачыць?

Гарун. Дэмакратычнай, народнай, непадлеглай ні Расіі, ні Германіі, ні Польшчы, не кажучы пра Жамойцію з Аўкштайціяй!