Выбрать главу
Крывёй жывой Жыццё бруілася, як брага, Густой хісталася травой У хвалях Інда, водах Ганга,
Гатовае па волі Брамы Само сабой ахвяраваць, Яно глядзела ў вочы Ямы, Не баючыся паміраць,
Спазнаючы сябе, вякамі Зямную трушчыла кару I ўзносілася ўвысь хрыбтамі Высокай Хары і Меру,
Каб там, дзе ўжо няма нічога, Дзе абрываецца дарога I зноў вяртае на зямлю, Змяя пацалавала Бога, I Бог пацалаваў змяю.
26
- Злуеш, Марыя? - Не злую.
27
- Адзін адному вы не суддзі, - Сказаў манах. - Яна праз суцці* Прайшла, застаўшыся ўдавой.
Той афіцэр англійскі, той Паэт, сасланы за разбой, Сектантам стаў, ахвяраваў Марыю, што жыла ў Марыі, Прызначыўшы яе кастру, Як сам сканаў ад малярыі...
*Суцці - абрад спальвання ўдавы ў дзень пахавання мужа.
28
За ёй падняўшыся ўгару - Адзін спускаўся ўніз з гары я:
"Марыя, калі я памру, Дзе мы сустрэнемся, Марыя?"
- Тут, дзе маланкі шаравыя Высокай Хары і Меру, У храме, лотасам сагрэтым, Дзе Вішну абвіла змяя;
Тут, толькі тут, бо ў свеце гэтым Ёсць Індыя, адна планета, I ўся астатняя зямля.
Чакай свой час, сваю пару.
29
- Марыя, калі я памру, Ты скажаш, што там? - Дзе? - У Бога.
30
"Нічога там - адна дарога Ды зор ахвярнае святло..."
31
- А ты 6 хацеў, каб там было Што-небудзь? - запытаўся Свамі.
- Каб Індыя была...
32
Над намі Нябёс задымленае шкло Мігцела зорамі і снамі.
Са сноў сыходзілі сланы.
33
Ступалі след у след яны На свой зваротны шлях. Манах Мне ў прыгаршчы насыпаў прах, Сказаў: "Ідзі, нясі дадому, Развей на родных берагах. Не суддзі мы адзін адному".
- Марыя!.. - голас у гарах Прапаў, не чутны мне самому.
Гаруда, белы Божы птах, Сарваў з Мандары кветку сому I кінуў на зваротны шлях.

Зона

Вершы

БЕЛАРУСКАЯ ПЕСНЯ
Тая даўняя песня... Яе ўжо няма каму помніць. Ды і што ўспамiнаць! - там нішчымны адчай ды нуда, Там галеча з галеч, шэры хлеб ды рудая вада, Там не паліцца печ, і снягамі завальвае комін.
Праз гады і вякі колкі вецер штурхаецца ў спіну На няўцямных шляхах, па якіх тая песня брыла. Я адрыну яе!.. Ды як толькі збіраю сябрыну - Звар'яцелай жабрачкай кульгае яна да стала.
3-пад яе лахманоў струпяннё праступае на скуры, Таямнічыя знакі і клеймы распустваў і здрад. Чорнай ямінай рота яна выдыхае панура: - Можна ведаць наперад толькі тое, што помніш назад.
Закрычу захмялела: "Бадзяжніца! Ведзьма старая! До па мне галасіць - і не сват я табе, і не брат!
Паўтары, што сказаў!.." I панура яна паўтарае: - Можна ведаць наперад толькі тое, што помніш назад. "Можна ведаць наперад..." Каб я тую песню не ведаў, Каб не біўся я з ёй за жалобным сталом галавой, Каб яна не шумела на родных магілах травой, Я спусціў бы сабак па яе скульгавеламу следу.
Я расставіў бы пасткі на ўсіх яе тлумных шляхах I ваўчыныя ямы капаў бы ад кроку да кроку, Я б ёй вырваў язык і пазбавіў і слыху, і зроку, На чатыры бакі адпусціў бы на здзекі і жах.
Хай падзівіцца свет на струпы яе, клеймы і знакі, Хай жахнецца яе, як жахаюцца мору, чумы... Ну дык енчы цяпер, галасі! Ужо брэшуць сабакі! Ужо ямы чарнеюць! Ужо я сляпы і нямы!
I ўжо з боку таго, што за цемрай, - нічый і ніякі, Атуляючы прах, я брыду ў вінаватых слязах, На каленях паўзу па яе басаногіх слядах Цалаваць яе клеймы, струпы, таямнічыя знакі.