Выбрать главу
I за рэхам жыцця, што гукаецца брэхам сабачым, Зноў я ўчую яе - і прымрою ў абдымках Хрыста...
За мяне яна моліцца, просіць, па мне яна плача - Палюбоўніца... жонка... жабрачка... вар'ятка... сястра.
ІДАЛ
На, - ён сказаў. - Павер - і не памрэш. Мяне і род мой ты перажывеш".
I я яму паверыў. Напавер Злізаў атруту з далані, як звер.
"Не бойся, - ён шаптаў, - не бойся, не..." Памерці даў - і ўваскрасіў мяне.
I з той пары дапытваць стаў: чаму Паверыў не сабе я, а яму?
Штодня, штоночы, дзе б мы ні былі, Вымучваў ён мяне: а што 6, калі...
"Не! - я крычаў. - Ты Богам быў маім!" I ўсё страшней было мне побач з ім.
I ўстаў адчай між намі, як сцяна. Тады ён зноў сказаў аднойчы: "На..."
МУТАЦЫЯ
Збудуйма п'едэстал! Каб помнік скінуць было адкуль! На друз яго - і ўбок...
Калі прарокаў процьма - хто Прарок?
Ад медных кулакоў, каменных сківіц, Як павучок - па скроні халадок.
Прарокі не здараюцца знарок.
Калі народ, што страціў слых і зрок, У глухату ўпіраецца і змрок - Каму ягоным слыхам стаць і зрокам?..
Прарокі страявым шыбуюць крокам, I ў кожнага на шыі нумарок Матляецца... А ў існага Прарока Без нумарка зацягнуты шнурок.
У шэсцях і нашэсцях не хадок, Спазнаўшы слоў пагібельную спёку, Прыняў ён лёс, прызначаны Прароку, I не прарочыць, а маўчыць здалёк:
"Няма на свеце роду без выроду, Але Прарок народу не ў папрок.
Вярні свайму народу слых і зрок, Займей народ, каб паслужыць народу".
Народы не здараюцца знарок.
***
Не названых нас няма. Колькі слоў-званоў ні гушкай - Не здабыўшыя імя Абыходзяцца мянушкай.
Рот кармілі - род звялі. Значавалі лёс пад плотам. Не здабыўшыя зямлі Абыходзяцца балотам.
Не названых нас няма. Над Радзімай мы, як вырай. А на ўсход і захад выбар - Толькі воля ці турма.
Толькі цьмяны бунт крыві Ў скроні кінецца раптоўна: Назавіся. Назаві. Безназоўным. Безназоўна.
***
Малітвы. Клятвы. Споведзі. Законы. I неназваным Бог дае імёны, Каб доўжыць род, асуджаны на звод.
Чытаюцца, але наадварот Нябёсаў таямнічыя пісьмёны На стылай плыні раўнадушных вод.
Пракляцці. Здрады. Вераломствы. Бітвы. Хай Страшны суд, нібы да шыі брытва Усё бліжэй - што будзе на Судзе?..
Калі па плыні сам Гасподзь ідзе, Калі ўсе клятвы, споведзі, малітвы На хуткаплыннай пішуцца вадзе.
НАСУПРАЦЬ

Гара з гарой не сходзяцца...

З прымаўкі.
1
На той і на гэтай гары I рыбы жывуць, і звяры. Азёры шумяць і бары На той і на гэтай гары.
На той і на гэтай гары Народы і правадыры. Таму крапасныя муры Ля той і ля гэтай гары.
I грукае ў браму герой Пад той і пад гэтай гарой. I страх пазірае з нары 3-пад той і з-пад гэтай гары.
2
На той і на гэтай гары Спяваюць званы на зары. Не спяць на зары званары На той і на гэтай гары.
Да той і да гэтай гары Данайцы прыносяць дары. Гарматы маўчаць да пары На той і на гэтай гары.
I не засланіцца гарой, - Як крыкне званар званару! Як грукне ў героя герой! Як рушыць гара на гару!