Выбрать главу
…Нарадзілася Зона Адчужэння.
8
"Мы такой і не чулі бяды... Як адчужаюць?.. Чаму?.. Куды?.. Каб чума, ці патоп, ці голад..."
На ўсе кіламетры зямлі і вады Толькі бабулін голас.
- Як сказалі ўжо, што радыяцыя, Як вывозілі - плакалі многія, Што не справілі радуніцу, Не развіталіся з могілкамі. 3 тым і пайшлі, што ўзялі пад паху. Нашто чалавеку болей?..
Гэты голас - за межамі страху. Гэты голас - за межамі болю.
"Мы чакалі ліха на лета - Надта ж людзі злюцелі... Нейкія, кажуць, каметы Блізка зусім праляцелі".
Я бога бяру загрудкі: "Скажы, Для гэтага краю Ты свой Бог - ці бог чужы?!" Ён кажа: "Не знаю. Пакуль што зона лакальная..."
Каменным стаў твар ягоны - I на ім праступілі Малюнкі наскальныя Зоны.
Атрутнай зямлі тэрыконы. Нібы на дзяржаўнай граніцы, Пасты - і закрэслена зона Зламанаю бліскавіцай...
9
...У Бога ўсяго многа - Толькі прасіць дарма. "Ты ёсць?" - я пытаю бога. Бабуля кажа: "Нікога. Нідзе і нічога няма". 9 касмічна 8 сігналіў 7 гадзіннік 6 фірмовы, 5 зваротны 4 адлічваў 3 час... 2... з вока Бога прамень ружовы 1 бліснуў тоненька - і пагас. 0
Над быстрыцай быцця Кладкі тоненькія да звону. 3 аблачыны на зону Бог глядзіць, як дзіця.
1986 г.

Вершы

***
У сферных люстрах плаўных небасхілаў Абвалы зор і роўны рух снягоў Пад поўняю, што вёслаў не згубіла Над водамі, што выйшлі з берагоў.
Свет шырыцца да незанятых ніш I пустату закідвае насеннем, Што прарасце маланкамі паміж Самаз'яўленнем і самазнікненнем.
Бясконцае ствараецца бясконца - То скручваецца ў ніць на верацёнца, То рвецца на спіралі і кругі,
Як гэта высь халодная, нямая, Як гэта плынь, што берагоў не мае I шырыцца - шукае берагі.
***
Хто па чым маркоціцца ў журбе, Да жніва дапесціўшы сяўбу. Я сумую па самім сабе, Па сваім жыцці спялю журбу.
I па ўсім, чым я не даражыў, Што касіў, як ля дарог траву, Я смуткую так, нібы не жыў, Толькі бачыў сон, нібы жыву.
Гэты сон мне нанава не сніць. Незабудкай ён засне са мной. Я спакойны ўжо, калі шуміць Несаснёны вецер за спіной.
Мне журбу дакошваць і сушыць, Мне маркоту спелую збіраць. Божа мой, якая стома - жыць I да самай смерці паміраць.
***
Пакінуушы свята на свяце, Я выйшаў, адчуўшы спіной, Як лёгка адразу за мной I весела сталася ў хаце.
Цямрэча гусцела ў падворку, А з вокнаў імжэла святло - Адгуль, дзе мяне не было, Дзе кінуў я смех і гаворку.
I доўга на блізкіх і родных, 3 якімі ў застоллі сядзеў, Глядзеў я, глядзеў і глядзеў, Прыпаўшы да шыбін халодных.
I плакаў амаль да відна. На свяце жыццё сатанела: Піло. Цалавалася. Ела.
I толькі жанчына адна Адчула мой позірк сірочы, Заўважыла цень у акне I глянула так на мяне, Так вочы ўтаропіла ў вочы, Нібыта яна распазнала Ці вылюдка, ці ведзьмака - I ў жаху застыла рука, Якой на мяне паказала.
***
Выйшаў летам. Вярнуўся зімой. "Дзе ты быў?" Ён маўчаў, як з партрэта. "Дзе ты быў?" Раптам ён: - Божа мой, Не давайце мне плакаць пра гэта!