Выбрать главу
Павялі на магілы: "Тут брат. Тут сястра. Ці за гэта не плацяць? Дзе ты быў?!" А ён зноў, як вар'ят: - Не давайце пра гэта мне плакаць!
"Хоць падробныя слёзы сатры, Хоць адну па сястры ці па браце, А пасля хоць жыві, хоць памры, Дзе ты быў?!" А ён зноў: - Не давайце...
Адракліся яго. Ён прадаў, Што было на падворку і ў хаце I прапіў, і пайшоў, і прапаў, I ніхто не жалобіўся ў страце.
Летам плакаў туман па сястры, А зімою завея па браце, Захлыналіся плачам вятры: "Не дава... не дава... не давайце".
***
Не з тымі пайшоў i дарогай не той. Дарэмна дарога прасіла: "Чакай. Азірніся. Падумай. Пастой". Вяла невядомая сіла.
Дарозе казаў: "Ты не тая. Маўчы". Ні д'яблу не верыў, ні Богу - I крочыў, і крочыў удзень і ўначы, Пакуль не адолеў дарогу.
I рушыў далей - на цалік, і сляды Пакінуў, што сцежкаю сталі. А тыя, што з ім не пайшлі, хто куды Пазбочвалі і заблукалі.
Глядзелі яны - хто з дупла, хто з нары, Аброслыя мохам з карою - Як ён пад гарою, як ён на гары, як знік і прапаў за гарою.
***
З нянавісці - пасля ужо з усяго Астатняга... А ён пачаў з любові. I ўжо калі ўзнялі на крыж яго, Нянавісць выйсце ведала - любое. Не ведала любоў ні аднаго.
Натоўп глядзеў натоўпам, як звычайна, А ён канаў, спрабуючы адчайна Знайсці хоць апраўданне: "Для чаго?" - I не знайшоў... Хацеў быў крыкнуць груба: "3 нянавісці! Пасля ўжо з усяго..." I не разняў скрываўленыя губы.
ГУЛЬНЯ
Ранкам неба пацямнела, а днём На дарогу ўпала чорным агнём.
Нахіліўся і падняў я агонь, Перакінуў з далані на далонь.
I на правай - прапаліў скуру ён, I на левай, як кляймо, стаў відзён.
I спытала даланя ў далані: - Для чаго нам перакідваць агні?
I сказала далані даланя: - Гэта забаўка такая. Гульня.
***
Восень. Сівізна ды пазалота. Веерам раскінецца лістота, Змеценая ветрам да акна. Адзінота, друг мой, адзінота. Налівай віна.
Сядзем. Памаўчым ды пагаворым. Дзякуй Богу, тут ніхто не хворы I няма пытання: піць ці не? Апрыёры, друг мой, апрыёры: Ісціна ў віне.
Хораша сядзім. I п'ём са смакам. За сцяной сусветнага барака Вые недарэзаны сабака У глухія, шэрыя палі.
А на шклянках - знакі задыяка, Вершы па кутах - хоць печ палі.
Будзь. Як той казаў: хай скажуць дзякуй нам, што мы пілі.
***
Добра быць ні бацькам і ні сынам, I ні дзядзькам, і ні братам быць. Анікому нічарта не вінным Жыць у краме, у аддзеле вінным, Дзе ў чарзе - уся радня стаіць.
ВАР'ЯТ
"Што робіш, брат?" "Грудок капаю брату. Прасіўся пахаваць каля царквы".
Не замінайце вар'яцець вар'яту. Тым больш, што ён капае, а не вы.
Тым больш - нікога: ні сястры, ні брата Няма ў яго, ніколі не было. Не набягайце шкадаваць вар'ята - Яму няўцям, што розум адняло.
Не з вамі ён, Ягоны брат не з вамі. Вялікаму ў дзіцячым паліто Яму баліць над зрослымі брывамі, - Бог ведае, з чаго баліць і што.
Бог ведае, каго якія страты Пільнуюць - і да страты не дапяць: Хто ў немачы, хто ў розуме вар'яты, Хто брату брат - адно грудок капаць.
***
Шастае вецер па даху. Гулка - як б'юць у званы. Ноч набіраецца страху. Зданямі поўняцца сны.