Выбрать главу
Гэтак душы адзінока, Скрушна - хоць крыкам крычы… Днём яна - д'яблава вока. Боскае вуха ўначы.
МАТЫЛЁК
Замкнуў яму я горла, да таго ж Другой рукой над ім занёс я нож.
Як ён баяўся, гледзячы ў нябыт! I плыў, і плыў з вачэй яго блакіт.
Ніхто ўжо быў ён і нішто, мярцвяк, Мой вораг, ненавіснік мой. Аднак
3 дзяцінства, з лугавіны ля ракі Блакітныя ўзляцелі матылькі.
I сеў яму на вейка матылёк. Я кінуў нож і адпусціў замок.
ГАЛУБЯТНЯ
Над хатай галубіны дах. I ўсе нябёсы ў галубах, I брат на галубятні. Са свістам кружаць галубы I ніжуць круг на круг, любы - Апошні і астатні.
I ніжуць круг на круг гады. Адбіўшыся ад чарады, Што свіст у небе сее, Апошні братавы галуб, Астатні - п'е з ягоных губ I на вачах сівее.
АДЗІН
Чужы чужым - яны знайшлі свайго, Не свой сваім - яны пайшлі з чужымі, Не тузайся ні з тымі, ні з другімі. Як ты адзін - ты больш за аднаго.
У высі птушка, Рыба ў глыбіні, Вандроўнік на фантомным небакраі, Як ты адзін - ты не змарнуеш дні На тое, каб спазнаць законы зграі.
Як ты адзін - аднойчы ўночы ты, Угледзеўшы імгненны след каметы, Уцяміш таямніцу пустаты, 3 якой Гасподзь саткаў усе Сусветы.
Як ты адзін - ты боскай тканкі ніць У вушка голкі зловіш і, быць можа, Пустое станеш ткаць, пустое шыць, - Як ты адзін, Як Бог у тым паможа.
***
Струменіцца па жылах халадок. Сплывае час па стылых небасхілах. Завершана. Дапісаны радок. Плачу даўгі і плачу на магілах.
Ужо надзеі белы галубок Мяне не ўздыме на самлелых крылах. Завершана. Гасподзь глядзіць з аблок. Плачу даўгі і плачу на магілах.
Лучыць і блытаць вусце і выток Ракі быцця мне болей не па сілах. Завершана. Я сеў на беражок. Плачу даўгі і плачу на магілах.
Мне галасы гукаюцца здалёк - I памяць на астылых небасхілах То пырхае, нібыта матылёк, То круціцца, нібы змяя на вілах.

Паэма

Віноўнай быць душа хіба павінна, Не цямячы, у чым яе віна? Ды звадамі змучоная да дна, Нібы святкуе - так баліць яна. Прыйшла пара спраўляць саракавіны.
На дно душы не ў час і неўпапад Кідаў я нерат, каб пазбыцца звад, Але віна вірамі рвала нерат I вінавата я глядзеў назад, I вінавата пазіраў наперад.
Віна мне вочы рэзала, як шкло; Не ўбачыўшы нічога, што 6 магло Віну суняць, суцішыць, супакоіць, Пазваў я тых, каго ўжо не было, Да тых, хто будзе - у маё жытло, I цені іх напоўнілі пакоі.
Раней я многіх пазнаваў са спін - Цяпер і ў твар не пазнаваў нікога,
Было іх сорак. Сярод іх адзін, Які сказаў: "Нядоўгая дарога За стол памінак ад стала радзін".
Ён са стала на стол паставіў крупнік, Хлеб пераклаў, зацепліў дзве свячы. Спытаў: "Ну што глядзіш, як той пакутнік? Твой папярэднік тут і твой наступнік. Астатніх трыццаць восем не лічы".
2
Мы ў некага заўсёды за спіною - I нехта ў нас заўсёды за спіной. Мой папярэднік - цень, што стаўся мною. Ён не памёр, жывы маёй віною, Я не памру, жывы яго віной.
I мой наступнік - цень, што мною стане. Так на зямлі, не знаючы расстання 3 самім сабой, бясконца, з веку ў век, Пазбыць віны і час спыніць не ў стане, Жыве адзін і той жа чалавек.
Мяняючы імёны, маскі, твары, Ён перажыў патопы і пажары, Халеру, воспу чорную, чуму - I ўсё жыве, і ўсё чакае кары... Якой яшчэ? За што яна яму?